Павел Латушка: Вызваліць палітвязняў — вызваліць сябе
Усе беларусы сёння — закладнікі рэжыму. Усе беларусы — фактычна зняволеныя, лічыць Павел Латушка.
— Чаму яны да гэтага часу не вызваленыя? Чаму няма плана для іх вызвалення? Што дзеля гэтага зрабілі дэмакратычныя сілы? — задае рытарычныя пытанні ў сваім відэазвароце Павел Латушка.
Такіх пытанняў не становіцца менш. На жаль, наадварот. А разам з колькасцю пытанняў расце колькасць людзей у турмах. Колькасць затрыманняў і арыштаў. Расце страх — заўтра на месцы знаёмага, суседа, сябра, сваяка, які трапіў пад рэпрэсіі, можаш апынуцца ты. Калі не з'едзеш. Таму што гэта — адзіная гарантыя не патрапіць пад каток. Які нават не плануе спыняцца.⠀
І рэжым паказаў гэта, не спыніўшы рэпрэсіі нават падчас хваробы дыктатара, у момант разгубленасці ў сістэме. Якая гэтаксама ж, як і мы, задавалася пытаннем — а што калі?..⠀
Сістэма адказала сабе — курс ранейшы. Каток будзе ехаць па галовах беларусаў, не збаўляючы хуткасці — бо толькі так сістэма можа працягваць існаваць.⠀
Дык як жа вызваліць палітвязняў? Адказ толькі адзін. І залежыць ён ад кожнага беларуса і кожнай беларускі – без выключэння. Нават ад тых, хто "па-за палітыкай". Нават ад тых, хто нібыта "за Лукашэнку". І тым больш ад тых, хто супраць.⠀
Каб вызваліць палітвязняў — трэба вызваліць сябе.⠀
Таму што ўсе беларусы сёння — закладнікі рэжыму. Усе беларусы — фактычна зняволеныя. Нават тыя, хто служыць гэтаму рэжыму. Напэўна, вы чулі пра тое, што ў Беларусі змянілі закон аб парадку выезду і ўезду. І што пад яго абмежаванні якраз патрапілі і чыноўнікі, і сілавікі, і вайскоўцы.⠀
Менавіта таму, хоць не чакаю ад слугаў рэжыму нейкіх дзеянняў, але кажу шчыра, што свабода — гэта асабістая справа кожнага беларуса. Павінна быць асабістай справай кожнага. Інакш — ніякай свабоды проста не будзе. За свабоду можна толькі змагацца. І толькі так яе можна здабыць.⠀
А значыць, у нас няма іншага шляху, акрамя як пераадолець страх і дарабіць тое, што мы не дарабілі ў 2020 годзе. Вывесці са строю каток рэпрэсій, вывесці са строю сістэму, якая ім кіруе. Разбурыць яе — разам са сценамі турмаў, дзе сядзяць палітвязні. Бо пакуль яны сядзяць — ніхто з нас не будзе вольны. Але ж не здабыўшы волю для сябе, мы не здабудзем яе і для іх.⠀
Мы, беларусы, павінны вярнуць сабе нашу свабоду. І болей ніколі і нікому яе не аддаваць.⠀
Жыве Беларусь!