Тысячы! Праваабаронцы сабралі лічбы пра беларускіх палітвязняў (інфаграфіка)

Калі пісаць па лісту на дзень да кожнага палітзняволенага, чалавеку спатрэбіцца 4 гады і 40 дзён. Да Дня палітвязняў праваабаронцы прыводзяць жахлівыя лічбы па сітуацыі з палітычнымі зняволенымі за тры гады бесперапынных рэпрэсій.

vjasna_dzen_palitvjaznja_6_facebook_1_1.jpg


Тысячы чалавек прайшлі праз зняволенне, дзясяткі тысяч беларусаў былі вымушаны пакінуць краіну праз рэпрэсіі. Па інфармацыі праваабаронцаў, агулам амаль за тры гады з крымінальным пераследам сутыкнуліся не меней за 4300 чалавек. Проста цяпер у зняволенні ў жудасных умовах утрымліваюцца не менш за 1525 палітзняволеных.

Першым палітвязнем за падзеі 2020 года праваабарончая супольнасць прызнала блогера Сяргея Ціханоўскага. Ён стаў палітвязнем 31 траўня 2020 года.

З таго часу праз амаль тры гады праваабаронцамі было прызнана палітзняволенымі яшчэ 2290 чалавек. Агулам былі праваабаронцамі прынятыя 302 заявы аб прызнанні людзей палітычнымі зняволенымі, і ў кожнай з іх вылучаецца патрабаванне спыніць палітычныя рэпрэсіі.

1_18_bel.jpg


На 21 траўня 2023 года ў Беларусі налічваецца 1525 палітзняволеных, кожная 10-я з якіх — жанчына. Усе яны ўтрымліваюцца ў нечалавечых умовах. Палітвязняў фактычна ўтрымліваюць у рэжыме «інкамунікада», не аказваюць медыцынскую дапамогу, пазбаўляюць права на абарону, закідваюць у карцары і штрафныя ізалятары, дзе створаны спецыяльныя ўмовы, якія самі палітвязні называюць катавальнымі.

Сваякі і блізкія людзі некаторых вязняў месяцамі не атрымліваюць звестак пра стан іх родных. Дзясяткі чалавек знаходзяцца ў зняволенні з сур'ёзнымі захворваннямі, таму прызначаныя тэрміны могуць стаць для іх пажыццёвымі, як гэта здарылася з хворым на сэрца Мікалаем Клімовічам, які 5 траўня памёр у віцебскай калоніі № 3.

3_11_bel.jpg


На сёння ў месцах несвабоды ўтрымліваюцца дзевяць падлеткаў, якім на момант затрымання не было 18 гадоў: Мікіта Залатароў, Сяргей Гацкевіч, Эдуард Кудынюк, Максім Імхавік, Іван Пацяйчук, Дзяніс Хазей, Аляксандр Вінярскі, Павел Піскун, а таксама Арцём Вайцяховіч, якому яшчэ няма нават 16 гадоў.

4_24_bel.jpg


Два гады таму, 21 траўня 2021 года, у спісе палітвязняў было 404 чалавекі — гэта ў чатыры разы менш, чым сёння. Гэта сведчыць, што рэпрэсіі працягваюцца штодзённа цягам ужо 1096 дзён.

З 2020 года з крымінальным пераследам па палітычных матывах сутыкнуліся не меней за 4300 чалавек. Праваабаронцам вядома пра мінімум 854 чалавекі, якія былі асуджаны беларускімі суддзямі да «хатняй хіміі».

Наўпрост цяпер у папраўчых установах адкрытага тыпу («хімія») знаходзяцца 254 палітычныя вязні. Вядома, што там на іх аказваецца ціск: да іх прыязджаюць сілавікі, правяраюць тэлефоны, збіваюць, адпраўляюць на «суткі», а супраць некаторых пасля гэтага ўзбуджаюць новыя крымінальныя справы.

8_16_bel.jpg


Сумны факт: 4 гады і 40 дзён спатрэбіцца чалавеку, калі пісаць па лісту на дзень да кожнага палітзняволенага.

Мы заклікаем вас працягваць падтрымліваць кожнага і кожную, хто сутыкнуўся з палітычным пераследам. Не пакідайце людзей сам-насам з рэпрэсіямі, бо сіла беларусаў — у салідарнасці!