Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязня Вячаслава Касінерава

Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Вячаслава Касінерава палітзняволеным і прынялі супольную заяву з нагоды яго пераследу.

Вячаслаў Касінераў. Фота Юліі Дарашкевіч

Вячаслаў Касінераў. Фота Юліі Дарашкевіч

У заяве адзначаецца:
"28 сакавіка 2017 года стала вядома, што актывісту Вячаславу Касінераву, які адбываў 15-суткавы адміністратыўны арышт за ўдзел у дэманстрацыі 17 лютага ў Мінску, прад’яўлена абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства па частцы 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства). Абвінавачаны ўзяты пад варту і пераведзены ў СІЗА МУС у г. Мінску, дзе ўтрымліваецца па сённяшні дзень.

Падставай для крымінальнага пераследу В. Касінерава стала праведзеная ім 12 сакавіка 2017 г. каля будынку МУС у г. Мінску акцыя-перформанс. Яна выразілася ў тым, што В. Касінераў накінуў пятлю на статую паліцэйскага-гарадавога часоў Расійскай імперыі, усталяваную па замове міністра ўнутраных спраў каля будынка МУС падчас святкавання стагоддзя беларускай міліцыі ў лютым 2017 г. Такім чынам актывіст выказаў свой публічны пратэст супраць міліцэйскага самавольства і пераследу актывістаў анархісцкага руху за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.

У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, адзначаем наступнае:

Дзеянні В. Касінерава відавочна не падпадаюць пад склад  крымінальнага хуліганства,  не нясуць грамадскай пагрозы, якая з’яўляецца неабходнай прыкметай злачынства (гл. Экспертнае заключэнне па крымінальным пераследзе Вячаслава Касінерава). Гэтыя дзеянні не звязаныя з прымяненнем гвалту ці пагрозай яго прымянення, знішчэннем ці пашкоджаннем маёмасці, не характарызуюцца асаблівым цынізмам, не маюць хуліганскага матыву, а з’яўляюцца выказваннем меркавання, якое ўключае свабоду, сярод іншага, распаўсюджваць усялякага кшталту інфармацыю і ідэі шляхам, у тым ліку, мастацкіх формаў выяўлення ці іншымі сродкамі па сваім выбары. Гэтае права хоць і не з’яўляецца абсалютным, але ж яго абмежаванне ў дадзеным выпадку яўна непрапарцыйнае, не грунтуецца на агульнапрызнаных прынцыпах абмежавання свабоды выказвання і ставіць пад пагрозу само ажыццяўленне гэтага права.

Пры такіх абставінах кваліфікацыя дзеянняў В. Касінерава як наўмысна здзейсненага хуліганства, заключэнне яго пад варту і магчымае далейшае пазбаўленне волі  з’яўляюцца  празмернымі і скіраванымі на ізаляцыю В. Касінерава. Гэты крымінальны пераслед, як і папярэдні, у жніўні 2015 г., абумоўлены яго актыўнасцю ў анархісцкім руху, а таксама помстай органаў міліцыі. Такім чынам, крымінальны пераслед В. Касінерава мае палітычна матываваны характар.

У сувязі з пазбаўленнем волі на такіх падставах, мы лічым Вячаслава Касінерава палітычным зняволеным і патрабуем ад уладаў Беларусі спынення крымінальнага пераследу і яго неадкладнага вызвалення.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”
РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт"
ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"
ПУ “Цэнтр прававой трансфармацыі”
Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць”
Беларускі Дом правоў чалавека імя Б. Звозскава
ПУ "Беларускі дакументацыйны цэнтр"
РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр"

Паводле spring96.org