Пасол Германіі Вальфрам Маас 24 кастрычніка наведае Віцебск
Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Германія Вальфрам Маас уручыць у Віцебску 24 кастрычніка ў 11.00 г. дыпломы па нямецкай мове 1-й ступені дзесяці вучням і ва ўрачыстых абставінах прыме сярэднюю школу № 45 у лік удзельнікаў праграмы «Школы: партнёры будучыні» (PASCH).
Вальфрам Маас
У гэты ж дзень адбудзецца сустрэча пасла Вальфрама Мааса са старшынёй Віцебскага аблвыканкама Аляксандрам Косінцам.
Праграма «Школы: партнёры будучыні» (PASCH) была створана ў 2008 г. па ініцыятыве Федэральнага міністэрства замежных спраў Германіі. Яна падтрымлівае і звязвае глабальную сетку, якая складаецца з каля 1500 школ-партнёраў, якія маюць асабліва інтэнсіўныя сувязі з Германіяй. Да іх належаць германскія школы за мяжой і школы нацыянальных сістэм адукацыі краін-партнёраў, якія выдаюць Дыплом па нямецкай мове альбо прапаноўваюць кваліфікаванае вывучэнне нямецкай мовы ў якасці замежнай.
У Беларусі ў гэтай ініцыятыве ўдзельнічаюць ужо дзесяць школ. У гімназіі № 24 і СШ № 73 у Мінску, у СШ № 7 у Брэсце і гімназіі № 2 у Пінску выкладаюць настаўнікі нямецкай мовы з Германіі. У СШ № 15 і № 28 у Гродне, гімназіі № 56 і СШ № 206 у Мінску, у гімназіі № 2 у Слуцку, а таксама ў школе № 20 у Оршы беларускія настаўнікі нямецкай мовы атрымліваюць у рамках ініцыятывы «Школы: партнёры будучыні»спецыяльную падтрымку.
У Рэспубліцы Беларусь дадзеную ініцыятыву каардынуе Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў супрацоўніцтве з Цэнтральным упраўленнем школ за мяжой і Інстытутам імя Гётэ ў Мінску.
Паводле прэс-службы Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Мінску