Палітвязня Мельнікава за ўдзел у масавых беспарадках асудзілі на пяць гадоў калоніі
У судзе Заводскага раёна Мінска 16 сакавіка вынесены прысуд па крымінальнай справе, узбуджанай у дачыненні да жыхара Мінска, палітычнага зняволенага Аляксея Мельнікава.
Яго абвінавачваюць у злачынстве, прадугледжаным ч.2
арт. 293 КК РБ — «Масавыя беспарадкі», піша «Вясна».
Мельнікаў быў затрыманы 4 снежня ў рамках крымінальнай
справы аб масавых беспарадках у Мінску.
Працэс вяла суддзя Ганна Хвайніцкая. Дзяржабвінаваўца — Качанава.
Дзясятага жніўня 2020 года Аляксей Мельнікаў выйшаў у горад
у раёне ўніверсама «Рыга» па асабістых справах. Пры гэтым ён хацеў асабіста
даведацца, што адбываецца ў краіне і ў Мінску ў прыватнасці. Удзелу ў
блакаванні вуліц у той вечар не прымаў. Аднак, паводле яго слоў, з'явіліся
людзі і пачалі заклікаць рабіць блакаванне вуліц. Мельнікаў паспрабаваў драбіць
камяні, але ў яго не атрымлівалася.
Затым, паводле яго сведчанняў, на людзей выйшла сцяна АМАПа.
Тады Мельнікаў зняў маску і прапанаваў ім скласці шчыты і «вырашыць справу мірным шляхам».
Сведка Яхновіч Сяргей, кіроўца тралейбуса 92 маршрута
распавёў, што 10 жніўня 2020 года была працоўная змена з 15.30. На ўніверсаме «Рыга» было шмат людзей на пешаходным пераходзе, там ён убачыў сярод людзей
камяні. Але настрой быў святочны, агрэсіі ён не адчуваў, не бачыў зброі ў руках
людзей. Адзін з камянёў трапіў у
кіроўцу, адскочыўшы ад сцяны.
Сваю віну Мельнікаў прызнаў часткова.
Сёння суддзя Хвайніцкая вынесла прысуд: пяць год пазбаўлення
волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Таксама суд пастанавіў прызнаць права на задавальненне
матэрыяльнай шкоды.