Палітвязень Дзяніс Граханаў: Гэта быў паказальны працэс, каб запалохаць іншых людзей

8 снежня суд Фрунзенскага раёна Мінска асудзіў пяць палітычных зняволеных за абнаўленне надпісу «Не забудзем!» 9 верасня на Пушкінскай каля народнага мемарыяла, прысвечанага забітаму пратэстуючаму Аляксандру Тарайкоўскаму, паведамляе spring96.org.



Дзяніс Граханаў. Фота: spring96.org

Дзяніс Граханаў. Фота: spring96.org

Іх дзеянні былі кваліфікаваныя як хуліганства, здзейсненае групай асоб (ч. 2 арт. 339 КК), абвінавачванні ў наўмысным знішчэнні маёмасці (ч. 2 арт. 218 КК) былі знятыя ў судзе. Два чалавекі асуджаныя на два гады калоніі кожны, двое былі пакараныя 1,5 гадамі абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, і адна — 1,5 гадамі «хатняй хіміі».

Сярод тых, каго асудзілі на 18 месяцаў «хіміі» — 42-гадовы бармэн Дзяніс Граханаў. Яго вызвалілі пасля абвяшчэння прысуду. «Вясна» сустрэлася з ім і распытала, як ён правёў паўтара месяца пад вартай і што думае пра крымінальную справу супраць яго. 

«Гэта больш злуе людзей, чым запалохвае»

Судовы працэс над Дзянісам Граханавым, Ігарам Самусенкам і Уладзіславам Гулісам заняў чатыры дні. Прысуд быў вынесены праз некалькі гадзін пасля абвяшчэння рашэння Марыі Бабовіч і Максіму Паўлюшчыку па справе за другі надпіс на Пушкінскай у ноч 9 верасня. Падчас суда Дзяніс неаднаразова казаў, што віну прызнае часткова: ён згаджаўся з тым, што напісаў на тратуары «Не забудзем!», аднак не прызнаваў, што сваімі дзеяннямі груба парушыў грамадскі парадак і што надпіс «Не забудзем!» з'яўляецца цынічнай. Дзяніс Граханаў распавёў пра сваё стаўленне да гэтага працэсу:

«Суд — поўны абсурд і маразм. Па-іншаму гэта ніяк нельга расцэньваць. Гэта быў паказальны працэс, каб запалохаць іншых людзей. Відавочна, усё адбывалася не без указання «зверху». Але, мне здаецца, што гэта больш злуе людзей, чым запалохвае. У кожнага такога асуджанага ёсць сваякі, сябры, якія, магчыма, былі неяк нейтральныя да ўсяго таго, што адбываецца, але пасля такога яны наўрад ці ўжо будуць у нейтральнай пазіцыі. Наадварот, такія сітуацыі аб'ядноўваюць людзей. З'яўляецца кансалідацыя ў грамадстве, якой не было раней — я не мог падумаць, што такое можа быць. Нават у маёй мамы, якая раней глядзела БТ-шные навіны і не разумела, чым я незадаволены, цяпер зусім іншыя думкі.

Тое, што Уладзіслава Гуліса і Максіма Паўлюшчыка асудзілі на рэальныя тэрміны за надпіс на асфальце — таксама трызненне. Скарысталіся тым, што яны былі судзімыя раней.

 

«Сутыкнуўся з рэпрэсіямі ў ХХІ стагоддзі»

Хоць я не разумею, што ўлады хацелі паказаць гэтым працэсам. Можна зразумець, калі БТ прыходзіць на працэс, дзе судзяць за тое, што ўдарыў супрацоўніка АМАПу, напрыклад. А тут што? Нават тыя ж «ябацькі» могуць падумаць, што за маразм — суд за надпіс на тратуары. Напісаў каханай дзяўчыне пад акном «Маша, з Днём Нараджэння» — усё, у турму? Людзі ўсё роўна працягваюць пісаць розныя надпісы, палітычных справаў усё больш. Цяпер у сябе на раёне пакуль ішоў да метро бачыў шмат надпісаў «1937-2020».

Я сутыкнуўся з рэпрэсіямі ў 21-ым стагоддзі. Падаецца, я разумеў, што ў нас адбываецца ў краіне, але пакуль сам не папаўся, не адчуў гэтага. Я не чакаў, што магу трапіць пад крымінальны пераслед. Да затрыманняў на мітынгах, да «сутак» і штрафаў — я быў гатовы. Адзінае, чаго я баяўся, гэта моцных збіванняў, каб ныркі не адбілі, напрыклад.

Мая грамадзянская пазіцыя пасля 1,5 месяца вартавыя ніяк не змянілася. Часам хочацца рваць і кідаць. Адназначна, што ўсё трэба мяняць. Хочацца быць упэўненым, што гэты працэс ужо незваротны. Столькі людзей раззлавалі адразу пасля выбараў. Такое не даруецца».

 

«Я нават падумаць не мог, што за надпіс «Не забудзем!» могуць быць такія наступствы»

 

У цэнтры — палітвязень Дзяніс Граханаў, злева — Ігар Самусенка, справа — Уладзіслаў Гуліс. Фота: spring96.org

У цэнтры — палітвязень Дзяніс Граханаў, злева — Ігар Самусенка, справа — Уладзіслаў Гуліс. Фота: spring96.org

Дзяніса Граханава ўтрымлівалі пад вартай паўтара месяца. Першапачаткова за нанясенне надпісу «Не забудзем!» на Пушкінскай у дачыненні да Дзяніса была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 341 КК (апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці). Дзяніс месяц знаходзіўся на волі пад падпіскай аб нявыездзе, аднак 22 кастрычніка ён быў затрыманы і ўзяты пад варту: абвінавачванне ў дачыненні да яго было перакваліфікаванае на ч. 2 арт. 339 і ч. 2 арт. 218 КК. Дзяніс распавёў больш падрабязна, як гэта адбывалася:

«У верасні, калі мяне затрымалі першы раз, ішла гаворка пра ч.1 арт. 218 Крымінальнага кодэкса. Там максімальнае пакаранне да 2 гадоў «хіміі». Потым распачалі крымінальную справу па артыкуле 341 КК, якая прадугледжвае пакаранне ў выглядзе арышту. Калі мяне пратрымалі трое сутак у ізалятары на Акрэсціна, а потым выпусцілі па падпісцы аб нявыездзе — я падумаў, што не так усё і страшна. Але калі затрымалі 22 кастрычніка, я ўжо зразумеў, што ўсё сур'ёзна.

22 кастрычніка раніцай я збіраўся на працу, як звычайна. Тут мне пазванілі ў дзверы. Адкрываю — там супрацоўнік з крымінальнага вышуку. Мне сказалі, што трэба праехаць з імі ў РУУС падпісаць нейкія следчыя паперы. Я як быў у байцы з працоўным лагатыпам, так і паехаў без задняй думкі. Я нават тэлефон дома не пакінуў. Бо я нават падумаць не мог, што за надпіс «Не забудзем!» могуць быць такія наступствы. Ну, штраф, шкоду нейкую кампенсаваць, але, каб рэальны крымінальны артыкул…

 

«Яны ўжо хацелі закрываць гэтую справу, але «зверху» сказалі: «Трэба!»

У машыне ўжо сядзеў Ігар Самусенка [фігурант гэтай справы, якога таксама асудзілі на 1,5 гады хіміі] — яго таксама забралі з хаты. У дарозе я ўжо зразумеў, што нешта тут не тое: мне маглі б проста патэлефанаваць ці выклікаць які-небудзь позвай. А раз ужо вязуць, значыць, напэўна, усё ўжо.

Калі мяне прывезлі ў Фрунзенскае РУУС нібыта падпісаць паперы, я чытаю, а там ужо ч. 2 арт. 218 і ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса. Я быў у шоку проста, асабліва, калі зразумеў, што пакаранне па ч. 2 арт. 218 КК пачынаецца з трох гадоў пазбаўлення волі. Я нават потым, калі ў турме распавядаў, за што мяне судзяць, там за галаву хапаліся.

У гэты дзень ад следчага праскочыла фраза, што яны ўжо хацелі закрываць справу, але «зверху» сказалі: «Трэба!»

Калі падпісаў усе паперы, сказалі здымаць шнуркі. Мяне адразу адвезлі на Акрэсціна, а потым ужо ў СІЗА ў Жодзіна».

Месяц Дзяніс утрымліваўся пад вартай у Жодзінскім следчым ізалятары. За тыдзень да суда, у ноч з 25 на 26 лістапада Дзяніса Граханава этапавалі ў СІЗА-1 у Мінску. Дзяніс распавёў, што падчас следства ён не сутыкаўся з якім-небудзь ціскам:

«Падчас следстве мяне выклікалі толькі на 2-3 допыты і ўсё. Адвакат заяўляў шмат розных хадайніцтваў, але іх следства адхіляла. Я заўсёды прытрымліваўся адных паказанняў: сам факт напісання надпісу «Не забудзем!» я прызнаваў, але астатняе, што мне панапісвалі «апаганьванне, непавагу да грамадства» і што я ўсяму гораду ў душу плюнуў — вядома не.

Усе допыты праходзілі нармальна, следчыя ветліва і акуратна сябе паводзілі. Толькі ў верасні, калі мяне дапытваў оперупаўнаважаны, вось ён «жэсціў», мацюкамі размаўляў. Называў «змагаром». Чамусьці яны думаюць, што гэта вельмі крыўднае слова і мы павінны крыўдзіцца.

Следчыя, падаецца, самі разумеюць, што «чарнуху» робяць, яны ўсе разумеюць, што ў выпадку змены ўлады будуць адказваць за ўсе гэтыя справы. Але чамусьці ўсё трымаюцца за свае крэслы».

 

«Ну ты ж разумееш, што супраць бацькі нельга»

Па словах Дзяніса Граханава ўмовы ўтрымання ў жодзінскім ізалятары і на «Валадарцы» былі адносна нармальныя. Ён распавёў, як праходзілі яго будні:

«Мы ўставалі ў 6 раніцы пад цудоўны беларускі гімн на «суіцыдным» радыё. На гадзіны паўтары ўключалі «вясёлыя» песні, накшталт «Бацька застанецца з намі», «Слухай бацьку».

Праз хвілін сорак пасля пад'ёму прыносілі сняданак: кашку з гарбаткай. Маглі прапанаваць шпацыр, але там такі шпацыр: бетонныя сцены і ўверсе рашотка. Часам выходзілі, каб падыхаць паветрам і ўбачыць неба. Днём паляжаць асабліва не давалі. Кніжку пад «начнікоў» таксама чытаць нельга. Мне было складана да гэтага прывыкнуць з маім познім рэжымам.

У Жодзіна часта практыкуецца перакіданне людзей з камеры ў камеру. Не ведаю, якія яны пры гэтым пераследуюць мэты. У параўнанні з жодзінскім ізалятарам на «Валадарцы» персанал больш ветлівы. А ў Жодзіне толькі праз пару тыдняў знаходжання там яны [наглядчыкі] перасталі размаўляць на падвышаных танах. А на «Валадарцы» персанал звяртаўся на «Вы»: з імі можна было і пагаварыць, і пажартаваць. Па іх было відаць, што яны таксама ў шоку ад таго, за што я там знаходзіўся. Усміхаліся, казалі: «Ну ты ж разумееш, што супраць бацькі нельга». Я казаў, што не разумею, таму што Канстытуцыя ў нас для ўсіх адна.

Больш за ўсё ў ізалятарах я сустракаўся з людзьмі, якія праходзяць паводле артыкула 328 Крымінальнага кодэкса. Складана сказаць: ці мяне так хацелі засцерагчы ад палітычных, ці фігурантаў справаў па артыкуле 328 сапраўды вельмі шмат. Але палітычных сапраўды стараліся рассаджваць. Пры гэтым на «Валадарцы» я сядзеў з мужчынам па імені Андрэй, якога нядаўна асудзілі на пяць гадоў за напад на супрацоўніка ў цывільным дзесьці на праспекце [праспекце Незалежнасці ў Мінску]. Таксама сядзеў з хлопцам, якога вінавацяць у пашкоджанні чыгуначных шляхоў. Яшчэ аднаго былога сукамерніка абвінавачваюць у перакрыцці дарогі тралейбусу на Ракасоўскага».

 

«Ад такога ў галовах «ябацек» нешта перавернуцца можа»

 

Дзяніс Граханаў. Фота: spring96.org

Дзяніс Граханаў. Фота: spring96.org

Па ч. 2 арт. 218 і ч.2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Дзянісу Граханаву пагражала да дзесяці гадоў пазбаўлення волі. Ён распавёў, як ставіўся да гэтага ў ізалятары і як ацэньваў свае шанцы выйсці на волю.

«У Жодзіна настрой змянящся па дзесяць разоў. Кнігу пачынаю чытаць, а яна не лезе ў галаву. Пастаянна былі думкі «За што? Чаму я тут?» Я разумеў, што ў нас рэпрэсіі, таталітарны рэжым, але ўсё роўна ў галаве не ўкладвалася, што за бяскрыўдны надпіс — нават не абраза міліцыянтаў, Лукашэнка — могуць даць рэальны тэрмін. Але, як аказалася, могуць.

У тых хлопцаў, якія сядзелі за рэальную правіну, было ўсведамленне, чаму яны там знаходзяцца. У мяне за гэтыя 1,5 месяца так і не прыйшло гэта ўсведамленне. Мазгамі разумеў, чаму гэта адбываецца, але ўсё роўна двойчы два не складалася ў мяне.

Я разумеў, што даваць рэальны тэрмін за такое — поўны абсурд. Нават у галовах «ябацек» ад такога нешта перавернуцца можа. Таму я не асабліва верыў, што траплю ў турму з-за нанясення надпісу. Але пры гэтым я разумеў, што здаровага сэнсу ад іх і загадаў чакаць не варта. Калі «Гаррамаўтадар» знізіў шкоду, то я ўжо настройваўся на арышт і штраф. На «Валадарцы» даходзілі чуткі з паралельнай справы, калі абвінавачаным запыталі 1,5 года «хіміі» і 2 гады калоніі. З аднаго боку, быццам і палягчэла. Але з іншага боку, «хімія» з накіраваннем — таксама такое сабе. Цяпер закінуты ў якой-небудзь Брагін. І гэта зноў жа будзе паказальна».

 

«Пісалі словы падтрымкі — часам да слёз прабівала»

Беларуская праваабарончая супольнасць Дзяніса Граханава прызнала палітычным зняволеным 29 кастрычніка. На думку праваабаронцаў, напісанне на асфальце надпісу «Не забудзем!» не з'яўляецца праявай хуліганства. Дадзеная форма выказвання меркавання трапляе пад абарону Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і не мае нічога агульнага з прад'яўленымі абвінавачваннямі. Тое, што Дзяніс прызнаны палітычным зняволеным, ён даведаўся ў лісце ад сяброўкі.

«Я адразу не разумеў, як мне гэта можа дапамагчы ў такой сітуацыі, але чым больш рэзананс справе, тым лепш. Калі я быў на падпісцы па артыкуле 341 КК я падумаў, што падымаць гэтую тэму ў СМІ, звяртацца да праваабаронцаў не варта, — не хацеў турбаваць. Але важна казаць пра гэта».

Дзяніс распавядае, што вельмі адчуваў падтрымку ад людзей праз лісты:

«Было нават больш лістоў ад незнаёмых людзей. Пісалі словы падтрымкі — часам да слёз прабівала».

Дзяніс Граханаў плануе падаваць апеляцыйную скаргу на прысуд Фрунзенскага суда Мінска.

«Пакуль яе разгледзяць — пройдзе каля двух месяцаў. Можа за гэты час і ўлада зменіцца».

Цяпер Дзяніс цяпер працягвае працаваць бармэнам там, дзе і працаваў да арышту.

spring96.org