Паляванне на «дармаедаў»: старт праз месяц
У хуткім часе ў Беларусі з'явіцца забытая з савецкіх часоў адміністрацыйная адказнасць за беспрацоўе. Падчас адмысловай нарады кіраўнік дзяржавы загадаў чыноўнікам дапрацаваць дакумент дэкрэта на працягу месяца
Згодна з дакументам, працаздольныя грамадзяне, якія на працягу шасці месяцаў не плацілі падаткі, абавязаныя раз у год аплачваць збор памерам 20 базавых велічынь. За ўхіленне, несвоечасовую або
няпоўную выплату збору будзе прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць.
Улады адносяць да дармаедаў аж 400 тысяч чалавек. Праўда, не з усіх будуць здымаць гэты збор. Плануецца стварыць спіс асобных катэгорый грамадзян, якіх вызваляць ад выплаты. У такія групы
ўвойдуць, напрыклад, непрацаздольныя, або тыя, хто выхоўвае дзяцей.
З ініцыятывай штрафаваць і караць беспрацоўных арыштам выступіла Міністэрства ўнутраных спраў. Пасля адабрэння ідэі Аляксандрам Лукашэнкам адпаведны дэкрэт быў распрацаваны Міністэрствам працы і
сацыяльнай абароны.
Чальцы ўрада папярэджваюць таксама, што збор за дармаедства не легалізуе шэрых заробкаў або бізнэсу. Калі падатковая інспекцыя знойдзе факты таго, што чалавек усё ж атрымліваў прыбытак, то
супраць яго будуць ужытыя дадатковыя санкцыі.