"Паляўнічы на нацыстаў" падае пазоў супраць ахоўніка лагера пад Бабруйскам

Легендарны "паляўнічы на нацыстаў" Эфраім Зураф 21 ліпеня перадаў у дацкую паліцыю матэрыялы супраць 90-гадовага Хельмута Лейфа Расмусэна, які мог служыць ахоўнікам у лагеры пад Бабруйскам.



5a5a605a_2976_46d4_b839_a74390358282_w640_r1_s.jpg

"Мы не ведаем, ці ёсць сведкі ў Беларусі, - заявіў Зураф у інтэрвію "Радыё Свабода". - Але мы іх шукаем».

"Расмусэн быў адным з дацкіх ахоўнікаў, якія вартавалі лагер з 1942 да вясны 1943 году. У гэты перыяд да паўтары тысячы габрэяў былі забітыя ў лагеры ці памерлі ад цяжкіх умоваў утрымання", - распавядае Зураф.

Абвінавачанне Зурафа грунтуецца на пратаколе допыту Расмусэна 1945 году. Тэкст прыводзіцца ў кнізе дацкіх гісторыкаў Дэніса Ларсэна і Тэркель Стрэдэ "En skole i vold", якая выйшла летась, - піша дацкае выданне Berlingske.

"У студзені-лютым 1943 [ён] праходзіў службу турэмнага ахоўніка у вайсковым лагеры Вальдлагер, і падчас службы ён бачыў, як забілі шмат габрэяў стрэлам у патыліцу. Габрэі павінны былі капаць ямы (канавы), ачышчаць дарогі ад снегу і выконваць іншыя працы, звязаныя з падтрыманнем чысціні ў вайсковым лагеры. [...] Тых, якія ўжо не маглі болей працаваць, заводзілі да нейкіх вялізных масавых магілаў, якія знаходзіліся на ўскраіне вайсковага лагеру. Там ім загадвалі распрануцца і легчы ніцма ў магіле. Калі яны так зрабілі, ім стралялі ў патыліцу, а потым засыпалі зямлёю і снегам".

У лагер каля Кісялёўшчыны пад Бабруйскам звозілі габрэяў з Варшаўскага гета. Там загінула каля 1 400 габрэяў - кажуць гісторыкі.  Аўтары кнігі "En skole i vold" вывучылі мапы лагера ў Бабруйску.

"Тут былі шыбеніцы і дрэва, на якім вешалі. Кожны ранак глядзелі, могуць габрэі працаваць ці не. Яны так моцна пакутавалі ад голаду, што часта не маглі. І калі яны не маглі болей працаваць, то СС адводзілі іх у гравійны кар’ер і расстрэльвалі", - распавёў Дэні Ларсэн журналістам тэлеканалу PBS.

Другі аўтар кнігі, Тэркель Стрэдэ, сцвярджае, што ёсць факты пра тое, што ахоўнікі лагера прымалі ўдзел у катаваннях вязняў.  "Злачынствы, якія тут здзяйсняліся, былі такія ж жахлівыя, як у Асвенціме".

Зураф заявіў дацкім медыя, што спадзяецца знайсці сама менш тры дзясяткі ахоўнікаў, якія служылі ў добраахвотным дацкім батальёне.  Хэльмут Расбёль (раней Расмусэн) у інтэрвію прызнае, што служыў у батальёне, калі яму было 17. Але кажа, што толькі ахоўваў перыметр лягера.

"Немцы ставіліся да габрэяў вельмі кепска. Але што мы маглі зрабіць, апроч як глядзець? У нас не было аніякага ўплыву на гэта. Калі табе 17 год, што ты можаш зрабіць? На гэта было цяжка глядзець. Яны білі іх бітамі. Я ніколі не бачыў, як немцы забівалі габрэяў. Але я бачыў мёртвых габрэяў", - распавядае ён і кажа, што памрэ раней, чым пачнецца суд.

66-гадовы Эфраім Зураф, дырэктар ізраільскага аддзялення цэнтру Сымона Візэнталя, мае рэпутацыю зацятага "паляўнічага на нацыстаў". Пад ягоным кіраўніцтвам рыхтуецца штогадовая справаздача сусветных дадзеных па расследаванні і абвінавачанні нацысцкіх злачынцаў.