«Пакуль плот стаіць — змаганне няскончанае»
У Курапатах
прайшоў агульнагарадскі мітынг з падвядзеннем вынікаў 12-дзённай абароны.

Акцыя на тэрыторыі лагеру абаронцаў Курапатаў сабрала каля 150 чалавек. Акрамя непасрэдна абаронцаў і мясцовых жыхароў тут можна было сустрэць і вядомых палітыкаў, і творцаў і наўпрост неабыякавых жыхароў сталіцы. Настрой панаваў прыўзняты: людзі прыходзілі з адчуваннем перамогі і свята.

Падрыхтаваліся да мітынгу і сілавікі: на пару сотняў метраў ад лагеру дэяжурыў аўтазак, у дварах чакалі бусікі са спецслужбоўцамі, вялікая колькасць людзей у цывільным спрабавала здымаць усё на камеры. Правакацыяў і канфліктаў, пры гэтым, удалося пазбегнуць.

Зміцера Дашкевіч, арганізатар пратэсту, падчас выступу паўтарыў, што лагер здымецца ў панядзелак, калі інвестар выканае сваё абяцанне ды здыме плот. У гэты ж дзень маюць прыехаць супрацоўнікі зелянбуду ды пачаць рэкультывацыю пляцоўкі. Будаўнічага рыштунку ды бетонных плітаў на тэрыторыі ўжо няма. Сваю задачу Дашкевіч лічыць выкананай.

Лідэр БНФ Аляксей Янукевіч дадаў, што: “Змаганне няскончанае, пакуль стаіць плот”. Плот, у дадзеным выпадку, не толькі матэрыяльны, але і бюракратычны — палітык лічыць, што варта далей працягваць ціснуць на Мінкульт і Мінгарвыканкам, пакуль за тэрыторыяй не будзе замацаваны ахоўны статус.

Выказаліся і мясцовыя жыхары: адна жанчына распавяла, што “маладафронтаўцы”, пра якіх яна раней нічога не чула, зараз героі і для яе, і
для яе дзяцей.

Блогер Эдуард Пальчыс адзначыў, што без падтрымкі мясцовых
нічога б не атрымалася: ім варта падзякаваць таксама, як і шасці маладафронтаўцам,
якія пачыналі пратэст.


На мітынг завіталі і прадстаўнікі партыі КХП-БНФ, каб перадаць прывітанне
абаронцам лагеру ад Зянона Пазьняка ды сабраць у скарбонку грошы на новыя крыжы
ва ўрочышчы. Былі заўважаныя ў натоўпе і Андрэй Дзмітрыеў з былой кандыдаткай у
прэзідэнты Таццянай Караткевіч, аднак, да мікрафону яны не падыходзілі.

Жыццё лагера не скончанае. Пасля мітынгу выступіла спявачка Naka, Андрэй
Мельнікаў і іншыя.

У суботу 4 сакавіка ўвечары ў лагер мае завітаць саліст
гурта Dzieciuki Алесь Дзянісаў.
Фота Уладзіслава Рубанава