«Паклёп і скажэнне гістарычных фактаў» — затрыманая экскурсаводка Святлана Грышкевіч
У Мінску затрымалі экскурсаводку і блогерку Святлану Грышкевіч. Сілавікі заявілі, што яна вядзе «свой пратэсны стаж» з 2016 года.
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманні экскурсаводкі ў Мінску «за ўдзел у масавых беспарадках, паклёп і скажэнне гістарычных фактаў». Сілавікі заявілі, што яна «ажыццяўляла экскурсію і прыводзіла гістарычныя паралелі згодна са сваімі бчбшнымі перакананнямі», паведамляе «З*ркало».
У палонным відэа дзяўчына сказала, што ў жніўні 2020 года брала ўдзел у пратэстах, а на адной з экскурсій «дапусціла некарэктныя выказванні ў адрас Лукашэнкі».
Сілавікі заявілі, што цяпер у дачыненні да экскурсаводкі вырашаецца пытанне, ці будзе распачата крымінальная справа.
Паводле інфармацыі выдання Mediazona, затрыманая — гэта Святлана Грышкевіч, мінская экскурсаводка і блогерка. У сваім профілі ў Instagram яна распавядае пра горад і пра сваю працу. У лютым дзяўчына апублікавала антываенны пост.