«Пагражалі, што забяруць дзіця, якое мы усынавілі». Трактарыст-блогер з Хойнікаў з сям'ёй з'ехаў з Беларусі
Механізатар Яўген Васількоў з Хойніцкага раёну пасля пераследу ўладаў папрасіў палітычнага прытулку ў Латвіі.
Трактарыст-блогер Яўген Васількоў распавёў «Свабодзе» пра
прычыны свайго ад’езду ў Латвію. Там ён папрасіў палітычнага прытулку.
З'яжджаць з Беларусі ён не хацеў.
«Але ў мяне не было выбару... Міліцыя склала пратакол за
экстрэмізм. Пагражалі мне за тое, што я здымаю ролікі пра бардак у Хойніцкім
раёне. Міліцыянеры сказалі, што праз такую дзейнасць у нас могуць забраць
дзіця, якое мы ўсынавілі, бо яна сірата, і ёй няма яшчэ і пяці гадоў», —
распавёў Яўген Васількоў.
У Латвіі ён атрымаў падтрымку — і ад уладаў, і ад беларускай
дыяспары.
«Умовы тут нармальныя, не прападзём, я думаю. Тут, у Латвіі,
сустрэўся з такімі людзьмі, не тое, што я трактарыст, а рэжысёры, спартсмены,
адвакаты, людзі, якія з'ехалі з дзецьмі... Спадзяюся, што змагу вярнуцца
дахаты, хоць так бачу, што ўсё зацягнулася», — дадаў Яўген.
Увосень Яўген Васількоў праз палітыку адсядзеў
«суткі», страціў працу. Пасля выбараў ён удзельнічаў у акцыях пратэсту ў
Хойніках.
У снежні на Яўгена Васількова міліцыя склала
пратакол за «экстрэмізм». Так міліцыя расцаніла перадрук матэрыялаў на канале
«Хойнікі для жыцьця» з тэлеграм-каналу, які ў Беларусі афіцыйна прызналі
экстрэмісцкім.
Яўген Васількоў жыў у вёсцы Віць Хойніцкага раёну, працаваў
трактарыстам. Шырокую грамадзкасць ён набыў пасля роліку, у якім разважаў пра
несумленныя выбары з пункту погляду вяскоўца. 3 жніўня яго затрымала міліцыя за
«непадпарадкаванне».
Яўген атрымаў па рашэнні суду 10 дзён арышту. Гэты арышт
выклікаў рэзананс. Людзі пачалі акцыю дапамогі сям’і трактарыста — пералічвалі
грошы, перадавалі рэчы для дзяцей.
Пазней Яўген страціў працу. Ён удзельнічаў у акцыях
пратэсту ў Хойніках, вёў youtube-каналы «Хронікі механізатара» і «Хойнікі для
жыцьця».
У апошніх роліках аўтар блогаў засяродзіўся на
безгаспадарчасьці і гібеючых вёсках у Хойніцкім раёне.