Пацярпелага ніхто не бачыў. Палітвязня Андрэя Папова асудзілі на пяць гадоў калоніі

Суд Завадзскага раёна вынес прысуд палітвязню Андрэю Папову. Яго прызналі вінаватым па ч.2 арт.293 Крымінальнага кодэксу і прысудзілі пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Прысуд вынесла суддзя Анжэла Касцюкевіч.

andrei_popov_photo_2.jpg

Першапачаткова Андрэю ставілі ў віну і злачынства, падугледжанае арт. 364, але дзяржабвінавачанне адмовілася ад абвінавачання па гэтым артыкуле. Пацярпелы таксама не быў устаноўлены. Суд таксама абавязаў Андрэя Папова выплаціць больш за 1220 рублёў выдаткаў, паведамляе «Вясна».

У чым абвінавацілі?

Першы раз Андрэй быў паранены і затрыманы 9 жніўня на акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў. Трое сутак правёў у ІЧУ г. Жодзіна, пасля чаго быў вызвалены. Ізноў Андрэя затрымалі першага верасня ўжо па крымінальнай справе аб удзеле ў масавых беспарадках.

Палітвязень распавёў, што дзявятага жніўня ішоў на мірны пратэст, бо быў не згодзен з адстутнасцю назіральнікаў і завышанай яўкай. Ён не прызнаў віну па ч.2 арт.293, таму што выходзіў на мірны пратэст. Часткова прызнаў — па арт. 364: а менавіта факт гвалту ў адносінах да аднаго супрацоўніка. Адзначыў, што раскайваецца, што прымяніў гвалт.

Ніхто не бачыў пацярпелага

На паседжанні 16 лютага былі прагледжаныя відэазапісы. Адвакат, якая азнаёмілася з імі раней, адзначыла, что сярод іх няма тых, якія адносяцца да справы. Андрэй Папоў пацвердзіў, што на відэа ён, аднак адзіны момант канфрантацыі — дзе ён падбягае да супрацоўнікаў, а натоўп быў мірным. Суддзя Анжэла Касцюкевіч засумнявалася, што Андрэй Папоў, не з'яўляючыся правазнаўцай, можа даваць прававую ацэнку дзеянням супрацоўнікаў.

Адзначым, што пацярпелы па справе так і не з'явіўся на паседжанне. Доказаў дзеянняў, апісаных у пратаколе, таксама не было прад'яўлена. 

Падчас спрэчак пракурор Дзендзялевіч звярнула ўвагу, што Папоў пацвердзіў сваю асобу на відэа. Як гвалт абвінавачанне расцаніла замахі рукамі і нагамі, аднак не падтрымала абвінавачанне па артыкуле 364. Як абцяжарваючыя абставіны па арт. 293 яна папрасіла залічыць тое, што злачынства было здзейсненае групай асоб, а таксама папрасіла пакараць Андрэя Папова пяццю гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненнага рэжыму.

Адвакат была цалкам нязгодная. Яна адзначыла, што няма доказаў заклікаў да беспарадкаў, як і інфармацыі, у чым яны павінны заключацца, як і доказаў праяўлення масавых беспарадкаў і ўдзелу ў іх яе падабароннага. Не было даказана, з якой крыніцы Папоў атрымаў інфармацыю пра іх і што ён наогул яе чытаў. Згодна з пратаколамі агляду масавых беспарадкаў, палітвязня не было ў гэтых месцах. Акты на 180 аркушах не маюць адносінаў да справы. Абаронца ўпэўненая, што нават у межах жорсткай палітыкі дзяржавы агучанае пакаранне — неадмернае.