Пачаўся прыём заявак на новую адукацыйную праграму Лятучага ўніверсітэта.

У новай адукацыйнай праграме Лятучага ўніверсітэта — значныя інавацыі. Дадатковую ступень у структуры адукацыі створаць Школы Магістраў Гульні.  Усе Школы разлічаны на два з паловай гады: са студзеня 2016-га па травень  2018-га года.



logo1.png

Трохі перафразуючы Джулію Пеймон-Джонс, можна сказаць, што “думаць пра непамыснае і рабіць неверагоднае — гэта вялікая прывілея”. Гэта прывілея маладосці, якая яшчэ не заціснута ў “дарослыя” рамкі таго, што магчыма і немагчыма. Гэта прывілея свабодных людзей, які могуць дазволіць сабе “зрабіць усё не так”. Гэта прывілея спозненых, калі лепш распачаць новае, чым даганяць. Гэта прывілея рэфлексіўных, якія бачаць крызу існуючага і гатовы “паставіць” на тое, што можа прыйсці замест. Гэта прывілея амбітных.

Лятучы ўніверсітэт — не звычайная адукацыйная ўстанова, мы ствараем супольнасць “прывілеяваных”, тых, для каго “Мысленне” і “Беларусь” з’яўляюцца не проста арыенцірамі, але і асноўнымі выклікамі для практыкі і жыцця. За пяць гадоў працы мы атрымалі не толькі вялікі досвед і шырокае кола слухачоў. Усе гэтыя гады мы знаходзіліся ў пошуку новага зместу адукацыі, які адпавядае ідэі сучаснага Універсітэта. У гэтым накірунку мы пільна ўглядаемся ў феномен “гульні”. Мы гуляем ва Універсітэт, мы будуем яго як сваю прастору мыслення, якая дазваляе ствараць новыя сэнсы, шукаць адказы на падставовыя пытанні.

У новай адукацыйнай праграме Лятучага ўніверсітэта - значныя інавацыі. Дадатковую ступень у структуры адукацыі створаць Школы Магістраў Гульні. Мы ведаем Magister ludi з твораў Германа Гесэ. У Касталіі магістры стваралі новую культуру, якая б магла пераадольваць стан “фельетоннай эпохі”. І фантастычнай Касталіяй гэты пошук не скончаны. Сёння нам у Беларусі трэба знайсці сваё рашэнне, сваю форму мыслення і ладу жыцця.

Школы Магістраў Гульні разлічаны на невялікія групы, якія ў шчыльнай камунікацыі з Настаўнікамі - беларускімі мыслярамі і інтэлектуаламі - будуць супольна займацца інтэлектуальнай працай. Паспяховае заканчэнне Школаў будзе адзначацца наданнем выпускнікам тытулу “Магістар Гульні”, што запачаткуе новую генерацыю мысляроў і стваральнікаў Беларусі.

Школа Гісторыіідэйразгарне выбудову інтэлектуальнага кантэксту, звязкі традыцыі і сучасных умоваў мыслення на памежжы гісторыі філасофскай думкі, інтэлектуальнай і культурнай гісторыі.

Кіраўнік Школы — Ігар Бабкоў.

Метадалагічная школапрапануе засванне, развіццё і практыкаванне сучасных формаў супольнага мыслення і выбудовы будучыні праз практыку і развіццё ідэяў.

Кіраўнікі Школы — Уладзімір Мацкевіч, Тацяна Вадалажская.

ШКОЛА ВКЛзвернецца да спадчыны, каб пераўтварыць веды пра мінуўшчыну ў актуальны жывы падмурак цяперашняга самаразумення, культуры і пабудовы будучыні.

Кіраўнік Школы — Алег Дзярновіч.

Школа Сацыяльна-філасофскайаналітыкі паглыбіцца ў выбудову сацыяльнага ўяўлення пра беларускае грамадства, стварэнне тэкстаў, у якіх схопліваецца сучаснасць.

Арганізатары Школы – супольнасць “Беларускай Філасофскай прасторы”.

Усе Школы разлічаны на два з паловай гады: са студзеня 2016-га па травень  2018-га года.

Кожная з іх прадугледжвае строгі адбор па асабістых крытэрах, звязаных з тэматыкай і адпаведным тыпам інтэлектуальнай практыкі. Праграмы Школаў уключаюць як засваенне агульных курсаў Лятучага, так і працу ў індывідуальных фарматах, асабістых для кожнай школы. Уся інфармацыя пра Школы і спосабы падачы заявак змешчана на нашым сайце.

У новай праграме Лятучага ўніверсітэта застаецца таксама і ўжо традыцыйны адукацыйны фармат — курсы, якія ствараюць прастору для індывідуальнага руху па вольнай траекторыі. Гэта так званы першы ўзровень адукацыі, які дае магчымасці для засваення розных падыходаў у мысленні, гуманітарных і інтэлектуальных практыках, знаёмства  з актуальнымі і ўнікальнымі напрамкамі сучаснай беларускай думкі, пошуку свайго Настаўніка.

У гэтым годзе плануецца 8 курсаў. Яны прадстаўляюць арыгінальныя беларускія філасофскія канцэпцыі, а таксама прапануюць разабрацца з метадамі працы з мінулым і традыцыяй - як інтэлектуальнай, так і стылёвай. Асобную групу ствараюць курсы, у якіх будзе адбывацца герменэўтычная праца з тэкстамі, якія задаюць падмурак беларускай і еўрапейскай культуры.

Мысленне. Ад філасофскага здумлення да практычнай катэгарычнасці (У. Мацкевіч).

Майстэрня Свамовы: Мысьліць па-беларуску (М. Баярын).

Праца з мінулым. Шлях гістарыяграфіі (Г. Сагановіч).

D4: Вобраз і стыль (М. Анемпадыстаў).

Гісторыя беларускай думкі ў кантэксце еўрапейскага мыслення (І. Бабкоў).

Школа Бібліі (І. Дубянецкая).

Тэхнікі сімбалічнай інтэрпрэтацыі (П. Баркоўскі).

Глабальныя праблемы паўсядзённасці. Актуальныя дыскусіі ў еўрапейскай супольнасці (В. Бабровіч).

Гэтыя курсы адкрыты для ўсіх, хто шукае новых сэнсаў, мае пытанні і праблемы, гатовы да зменаў у сабе і ў свеце. Узрост, адукацыя і прафесія не маюць абмежаванняў. Здольнасць да ўдзелу вызначаецца гатоўнасцю да супольнага мыслення і адпаведнасцю ўзроўню, які задае выкладчык. Заяўляцца можна на любую колькасць курсаў, пры гэтым варта разлічваць на свае фізічныя і інтэлектуальныя сілы і магчымасці. Курсы будуць адбывацца са студзеня па чэрвень 2016 года. Па заканчэнні вы не атрымаеце дыпломаў ці пасведчанняў. Але вы зможаце знайсці Настаўніка ці “сваё кола”. Гэтая праца можа стаць важным крокам у Вашай жыццёвай ці адукацыйнай траекторыі.

Запіс на курсы і школы трывае да 5 снежня!

Падрабязна з ПРАГРАМАЙ ЛЯТУЧАГА ЎНІВЕРСІТЭТА можна пазнаёміцца тут.