Невядомыя размалявалі сметнікі ў Магілёве назвамі расійскіх тэлеканалаў (фота)
У магілёўскім мікрараёне «МІР-1» невядомыя на баках для смецця зрабілі надпісы з назвамі расійскіх і беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў. Пра гэтыя палітычныя графіці паведаміў слухач «Свабоды».
«Пасля падзеяў ва Украіне такая сітуацыйная метафара акурат пасуе сітуацыі», — пракаментаваў магілёвец.
Жыхары дамоў, якія карыстаюцца бакамі, адмаўляюцца ад каментароў. Не ўсе і звяртаюць увагу на надпісы. Кажуць, што з'явіліся яны нядаўна — іначай бы іх замалявалі камунальнікі.
Адзін з мінакоў, убачыўшы, што фатаграфуюць сметніцу, выказаўся, што надпісы — гэта праява інфармацыйнай вайны, і што беларускія тэлеканалы не мусяць гэтак зневажацца.
Сваю пазіцыю аргументаваў тым, што яны фінансуюцца з бюджэту, а ён фармуецца з падаткаў грамадзян Беларусі. «Зневажаючы беларускія тэлеканалы —
зневажаюцца і жыхары Беларусі», — патлумачыў мужчына пенсійнага веку.