Некалькі паразаў і адзіная перамога

Што ні кажы, а мінулы тыдзень выдаўся для Беларусі вельмі няўдалым. Мы шмат прайгралі ўсяго толькі за некалькі дзён. Заўважым, што гэта адбылося пры поўнай адсутнасці нейкіх сенсацый — нашы пройгрышы былі прадказальнымі.

Па-першае, беларускі выканаўца Пётр Ялфімаў не трапіў у фінал міжнароднага конкурсу песні «Еўрабачанне–2009», які праходзіць у Маскве. Ялфімаў з кампазіцыяй «Eyes That Never Lie» выступаў у першым паўфінале ў ноч на 13 мая. Занятае ім месца будзе вядома пасля фіналу 16 мая.



6a10bbd480e4c5573d8f3af73ae0454b.jpg

Што ні кажы, а мінулы тыдзень выдаўся для Беларусі вельмі няўдалым. Мы шмат прайгралі ўсяго толькі за некалькі дзён. Заўважым, што гэта адбылося пры поўнай адсутнасці нейкіх сенсацый — нашы пройгрышы былі прадказальнымі.
Па-першае, беларускі выканаўца Пётр Ялфімаў не трапіў у фінал міжнароднага конкурсу песні «Еўрабачанне–2009», які праходзіць у Маскве. Ялфімаў з кампазіцыяй «Eyes That Never Lie» выступаў у першым паўфінале ў ноч на 13 мая. Занятае ім месца будзе вядома пасля фіналу 16 мая.
За ўсю гісторыю ўдзелу ў конкурсе (з 2004 года) прадстаўніку Беларусі толькі адзін раз удавалася выйсці ў фінал. У 2007 годзе Дзмітрый Калдун заняў шостае месца сярод усіх удзельнікаў.
Пэўна, гэты выступ будзе самым скандальным за ўсю гісторыю «Еўрабачання». Спачатку Ялфімаву не спадабаўся нумар, з якім яму прапанавалі выступіць. Потым ён узняў скандал наконт грошай на выступ, якія, па яго словах, зніклі невядома куды. А пасля паразы на конкурсе не знайшоў нічога лепшага, як мацюкнуцца перад журналістамі, а ягоны прадзюсер — абвінаваціць у паразе саміх журналістаў. «Спяваў я ах…на! Так і напішыце. Дай бог усім так спяваць», — сказаў у роспачы Пётр. «У вас, у журналістаў, праблема. Вельмі сур’ёзная. Бо вы — дурныя», — патлумачыла Тацяна Касмачова.

Можа, нам трэба выбіраць на Еўрабачанне больш культурных людзей? Можа, таму мы і прайграем рэгулярна?
Не ўзрадавалі нас і эксперты місіі Міжнароднага валютнага фонду (МВФ), якая працавала ў Мінску з 29 красавіка па 13 мая. Згодна з іх высновамі, уплыў эканамічнага крызісу на Беларусь узмацніўся з часу ўзгаднення ў студзені 2009 года праграмы, якую падтрымлівае крэдыт stand-by у памеры 2,46 мільярда долараў ЗША.
«Падчас нашых дыскусій, якія доўжыліся на працягу апошніх двух тыдняў, мы дасягнулі вялікага прагрэсу», — гаворыцца ў заяве кіраўніка місіі Крыса Джарвіса. Асноўная ўвага падчас перамоў, паведаміў ён, была сканцэнтравана «на тым, як рэагаваць на праблемы, з якімі сутыкнулася Беларусь у сувязі з пагаршэннем перспектыў развіцця сусветнай эканомікі».
Па выніках працы ў Мінску місія прадставіць кіраўніцтву МВФ справаздачу, якая будзе абмеркавана Саветам дырэктараў фонду. Пасля гэтага будзе прымацца рашэнне пра выдзяленне Беларусі наступнага траншу крэдыту. Улічваючы арганізацыйныя моманты, гэта адбудзецца не раней за чэрвень.
А нам так шмат казалі, што ў Беларусі крызісу няма і не будзе. Мы не ўсведамлялі, што змагацца за стабільнасць эканомікі трэба не словамі і заклінаннямі, а стварэннем спрыяльных умоў для развіцця, — перш за ўсё, для самастойнага бізнесу грамадзян, якія не толькі ствараюць працоўныя месцы, але і плацяць падаткі. Не прыслухоўваліся. Знішчалі шапікі, падвышаючы беспрацоўе, уводзілі і ўводзім манаполію на гандаль асобнымі відамі тавараў... Карацей, самі сабе ствараем праблемы, у выніку — крызіс.
Паразу таксама пацярпела і частка апазіцыі. 12 мая Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД). Рашэнне прынята па выніках вывучэння пададзеных БХД дакументаў, якія, як сцвярджае Мінюст, утрымліваюць недакладныя звесткі.
У прыватнасці, у ходзе вывучэння дакументаў, пададзеных для рэгістрацыі, устаноўлена, што ў спісе заснавальнікаў БХД нібыта названы асобы, якія не бралі ўдзел у правядзенні сходаў па вылучэнні дэлегатаў на ўстаноўчы з’езд партыі і ў працы самога з’езда. Мінюст лічыць, што паўнамоцтвы прысутных на ўстаноўчым з’ездзе БХД дэлегатаў мандатнай камісіяй належным чынам правераны не былі, у сувязі з чым на з’ездзе прысутнічалі тыя асобы, якія дэлегатамі не абіраліся. Акрамя таго, адзначае Мінюст, устаноўлены факты «ўвядзення ў зман асоб, чые подпісы ёсць у спісе заснавальнікаў партыі БХД, адносна таго, пад якім дакументам яны падпісваюцца». Пададзеныя партыяй дакументы ўтрымліваюць таксама іншыя парушэнні.
Нерэгістрацыя таксама была прадказальнай. Адзін з сустрашыняў БХД Павел Севярынец заявіў, што ён «не сумняваўся ў тым, што ў рэгістрацыі БХД будзе адмоўлена». «Цяпер адзін з дзяржаўных тэлеканалаў здымае сюжэт пра нашу партыю. Пад націскам мясцовых уладаў нашых актывістаў прымушаюць гаварыць на камеру, што яны не ўдзельнічалі ва ўстаноўчым з’ездзе. Гэта робіцца для таго, каб апраўдаць адмову ў рэгістрацыі БХД», — сказаў палітык. Паводле яго слоў, «улады баяцца легалізацыі структур партыі, якая працуе з установамі адукацыі, царквой». Севярынец падкрэсліў: якім бы ні было рашэнне Мінюста, партыя працягне працу.
І адзіная перамога Беларусі за тыдзень — чэмпіянат свету па хакеі 2014 года пройдзе ў Беларусі. Такое рашэнне прынята 8 мая ў Берне (Швейцарыя) на штогадовым кангрэсе Міжнароднай федэрацыі хакея (ІІХФ). Са 105 дэлегатаў кангрэса 75 аддалі голас Беларусі.
На права правядзення сусветнага першынства прэтэндавалі чатыры краіны: Беларусь, Венгрыя, Латвія і Украіна. Пяты кандыдат — Чэхія — раней выйшла з барацьбы.
Беларусь плануе прыняць сусветнае першынство на «Мінск-Арэне» ўмяшчальнасцю 15 тысяч гледачоў, якая ўвойдзе ў строй гэтай восенню, і на арэне ў сталічным мікрараёне Чыжоўка (8 тысяч гледачоў) — яе ўзвядзенне толькі пачалося.
Як паведаміў у інтэрв’ю «Прессболу» Уладзімір Навумаў, плануецца, што на працягу трох тыдняў мая 2014 года ўезд у Беларусь будзе бязвізавым.
Галоўнае, каб у гэты складаны крызісны перыяд мы ўсё ж здолелі дабудаваць і «Мінск-Арэну» і арэну ў Чыжоўцы. На ўсё гэта трэба грошы, а іх дастаць у крызісны перыяд неверагодна цяжка. Так што будзем спадзявацца на лепшае і на рэспубліканскія суботнікі. Не дарма ж Аляксандр Лукашэнка менавіта на будоўлю «Мінск-Арэны» амаль у першы раз вывеў свайго сына Колю.
Дый сам Лукашэнка ў баку не застаецца. Па ягоных словах, гэта вялікая эканамічная перамога. «Да нас прыедуць дзесяткі тысяч турыстаў з усіх краін свету. Гэта не бедныя людзі, будзем гаварыць адкрыта, а людзі з дастаткам, і нам трэба сур’ёзна падрыхтавацца да таго, каб прапанаваць гэтым людзям за іх грошы самыя розныя паслугі. Гэта вельмі добры эканамічны штуршок для развіцця не толькі нашага Мінска, але і ўсёй эканомікі», — падкрэсліў прэзідэнт.
Паглядзім, ці збудуцца прагнозы прэзідэнта.