Недабралі 6000 студэнтаў. Што адбываецца ў беларускіх ВНУ
У беларускіх ВНУ ў час гэтай уступнай кампаніі недабралі 6 тысяч студэнтаў. У тым ліку, вакантнымі засталіся амаль 500 бюджэтных месцаў. І гэта пасля дадатковага набору, абвешчанага міністэрствам адукацыі. Пры гэтым для паступлення на некаторыя спецыяльнасці абітурыенту можна было набраць менш за 100 балаў з 400 магчымых. DW разбіралася ў тым, што адбываецца з вышэйшай адукацыяй у Беларусі.
Фота Яны Трусіла
Дадатковы набор у ВНУ — звычайная справа?
У 2020 годзе ў беларускія ВНУ планавалі прыняць 55 тысяч першакурснікаў, але прынялі крыху больш за 48 тысяч. Нават пасля абвяшчэння дадатковага набору студэнтаў вакантнымі засталіся каля 500 месцаў для навучання за кошт бюджэту. У міністэрстве адукацыі заявілі, што гэта адбылося з-за павелічэння на 2% планаў прыёму ў ВНУ.
Начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Мінадукацыі Сяргей Каспяровіч на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіў, што дадатковыя наборы студэнтаў — гэта натуральны працэс, і што яны былі заўсёды. Праўда, да прыкладу, у 2019-м у ВНУ пасля уступнай кампаніі засталося 86 свабодных бюджэтных месцаў, а ў мінулым годзе — 192.
"Вакантныя месцы ўтварыліся на спецыяльнасцях, дзе профільнымі ідуць фізіка і матэматыка. Прычына тут відавочная: колькасць абітурыентаў, якія выбіралі гэтыя прадметы на цэнтралізаваным тэставанні, аказалася меншай, чым колькасць месцаў. Да таго ж асобныя абітурыенты не набралі (для паступлення. — Рэд. ) парогавае значэнне", — растлумачыў Каспяровіч. У сваю чаргу, яго калега, кансультант упраўлення вышэйшай адукацыі Рэма Гярлоўская паведаміла, што "незапоўненымі засталіся месцы на сельскагаспадарчых спецыяльнасцях і некаторыя тэхнічныя", а таксама ў Ваеннай акадэміі.
Між тым для паступлення ў некаторыя беларускія ВНУ абітурыентам можна было набраць менш за палову ад максімальна магчымых 400 балаў. На ваенна-тэхнічны факультэт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта мінімальны прахадны бал быў усяго 86, са 172 баламі можна было паступіць у Акадэмію МУС на спецыяльнасць "Правазнаўства", у Белдзяржуніверсітэт на спецыяльнасць "Геаінфармацыйныя сістэмы" бралі са 197 баламі.
"Бяспечней вучыцца ў Еўропе"
Недаборы ў беларускія ВНУ, сапраўды, былі заўсёды, пацвярджае былы старшы выкладчык юрфака БДУ, выкладчык ліквідаванай уладамі бізнес-школы ІПМ Яраслаў Кот. Паводле яго слоў, яны сталі менш відавочнымі са з'яўленнем цэнтралізаванага тэставання: конкурсы ў ВНУ здаваліся вышэйшымі, таму што людзі падавалі дакументы адразу ў некалькі месцаў. Але сёння нават гэта не дапамагае, адзначае суразмоўца.
"У апошні час вельмі вялікі адток моладзі з Беларусі. Бяспечней вучыцца ў Еўропе. Акрамя таго, узровень адукацыі панізіўся ў сувязі з тым, што шэраг выкладчыкаў былі падвергнуты рэпрэсіям (пасля пратэстаў 2020 года. — Рэд.). У асноўным гэта тыя людзі, якія прасоўвалі прагрэс на кожным з факультэтаў. Ніхто не звяртаў увагі (пры звальненні. — Рэд.) на іх рэгаліі, прызнанне за мяжой, вучоныя ступені ў розных краінах. Гэтая адмоўная селекцыя паніжае ўзровень адукацыі", — наракае Кот.
Паводле яго слоў, сярод замежных ВНУ найбольш папулярныя ў беларускіх студэнтаў навучальныя ўстановы Польшчы, Чэхіі, Германіі, цяпер з'явіліся стыпендыяльныя праграмы ў Венгрыі. Сярод іншых праблем, з якімі сутыкаецца сістэма вышэйшай адукацыі ў РБ, суразмоўца называе тое, што скарачаецца міжнароднае навуковае супрацоўніцтва і праграмы абмену, пры гэтым у Беларусі практычна няма выкладчыкаў з іншых краін (за выключэннем невялікай колькасці расейцаў).
"Акрамя ўсяго іншага, павышаецца кошт адукацыі (у мінскіх ВНУ з 1 верасня вырасце прыкладна на 10% — Рэд.), І падае заработная плата выкладчыкаў. Разрастаецца адміністрацыя і ідэалагічныя структуры ў ВНУ", — указаў Яраслаў Кот.
"Мадэлі, якія прапануюць моладзі, не працуюць"
Кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт з 20-гадовым педагагічным стажам Таццяна Сініца таксама лічыць, што сістэма вышэйшай адукацыі ў Беларусі мае патрэбу ў рэарганізацыі. "Я ведаю, колькі трэба пакут перажыць, каб, напрыклад, задакументаваць распрацаваныя курсы, хоць выкладчык павінен быць гнуткім, хутка падладжвацца пад фарматы, якія змяняюцца, і новыя даследаванні. Плюс ёсць праблемы з забеспячэннем сучаснымі тэхнічнымі сродкамі. Да таго ж да адукацыі ставяцца як да сферы, якая павінна зарабляць грошы, у той час як неабходна, наадварот, укладваць у яе, каб адукацыя была жывая, а не як застаялая вада. Мадэлі, якія прапануюцца моладзі, ужо не працуюць", — канстатуе Сініца.
І дадае, што палітычны крызіс у краіне толькі пагоршыў сітуацыю: "У мінулым годзе, калі ў Беларусі стала не да законаў, студэнты былі шакаваныя. У моладзі няма ўпэўненасці ў будучыні. Таму як толькі яна адчувае, што можна паехаць паступаць у іншае месца або пачакаць з адукацыяй, пайсці працаваць і шукаць сябе, яна гэта і робіць".