Назіральнікі: на адвакатаў ціснуць
Міжнародная назіральная місія накіравала аналітычную даведку місіям Еўрасаюза і Еўракамісіі, а таксама спецдакладчыку ААН аб ціску на адвакатаў у Беларусі. Гэта звязана з расследаваннем крымінальнай справы аб “масавых беспарадках 19 снежня. Назіральнікі паведамілі аб дзеяннях Міністэрства юстыцыі, якое абвінаваціла адвакатаў у тым, што яны “ў скажоным святле падаюць інфармацыю пра ход следства. А таксама аб стане здароўя і ўмовах утрымання ў СІЗА КДБ абвінавачаных і падазроных па гэтай справе.

Міжнародная назіральная місія накіравала аналітычную даведку місіям Еўрасаюза і Еўракамісіі, а таксама спецдакладчыку ААН аб ціску на адвакатаў у Беларусі. Гэта звязана з расследаваннем крымінальнай справы аб “масавых беспарадках 19 снежня.
Назіральнікі паведамілі аб дзеяннях Міністэрства юстыцыі, якое абвінаваціла адвакатаў у тым, што яны “ў скажоным святле падаюць інфармацыю пра ход следства. А таксама аб стане здароўя і ўмовах утрымання ў СІЗА КДБ абвінавачаных і падазроных па гэтай справе.
На падставе гэтага Мінюст унёс прадстаўленне Мінскай гарадской калегіі адвакатаў аб прыняцці неадкладных захадаў да безумоўнага выканання адвакатамі заканадаўства і правіл прафесійнай этыкі. У якасці сродку ціску, як адзначылі прадстаўнікі місіі, Мінюст арганізаваў маштабную праверку ўсіх адвакатаў і юрыдычных кансультацый Мінскай калегіі адвакатаў.
У аналітычнай даведцы зазначаецца, што адвакаты не маюць магчымасці сустракацца з падследнымі. Іх выклікаюць толькі падчас допытаў, а сустрэчы сам-насам немагчымыя. Тым самым нельга арганізаваць эфектыўную абарону. Гэта парушэнне Крымінальна-працэсуальнага кодэкса аб бесперашкодных зносінах з падабароннымі канфідэнцыяльна і без абмежавання колькасці і працягласці размоваў (артыкул 48). Не кажучы ўжо пра міжнародныя абавязацельствы ў галіне забеспячэння права на абарону і незалежнасць адвакацкай дзейнасці.
Міжнародная назіральная місія рэкамендуе Мінюсту гарантаваць незалежнасць адвакатуры і асобных адвакатаў у адпаведнасці з прынцыпамі міжнароднага права і нацыянальнага заканадаўства. І спыніць “практыку ціску праз індывідуальныя прадпісанні адвакатам абвергнуць абнародаваныя імі звесткі, якія датычацца захавання правоў чалавека ў адносінах да іх падабаронных. А таксама адклікаць прадстаўленні ў калегіі адвакатаў наконт прыцягнення адвакатаў да дысцыплінарнай адказнасці.
Да спецдакладчыка ААН па пытаннях незалежнасці суддзяў і юрыстаў назіральнікі звярнуліся з прапановай “зрабіць тэрміновыя захады ў дачыненні да ўладаў Беларусі з мэтай гарантаваць незалежнасць "адвакацкага корпуса".
Аналітычная даведка з фактамі і высновамі ў сувязі з ціскам на адвакатаў па справе 19 снежня накіраваная і іншым міжнародным адрасантам. У тым ліку прадстаўнікам ураду Літвы, якая старшынюе ў АБСЕ, прафесійным суполкам адвакатаў і юрыстаў краін АБСЕ і праваабарончым структурам.
Назіральнікі лічаць неабходным наладзіць маніторынг “па захаванні права на справядлівы суд і права на абарону ў адносінах да прадстаўнікоў апазіцыі з “выкананнем усіх норм міжнароднага права і нацыянальнага заканадаўства. А таксама забяспечыць прысутнасць незалежных назіральнікаў падчас судовых пасяджэнняў.
Нагадаем, што Міжнародная назіральная місія, якая праводзіць маніторынг у Беларусі, была сфармавана Камітэтам міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Рашэнне пра
стварэнне такога камітэта прынялі няўрадавыя арганізацыі краін АБСЕ 27 снежня 2010 года. У склад місіі ўваходзяць супрацоўнікі праваабарончых арганізацыі з краін АБСЕ, міжнародных арганізацый і
эксперты.