«Наган бязлітасна ўзняты»… Журналіст-палітвязень Дзяніс Івашын даслаў з-за кратаў верш
Палітвязень і аўтар «Новага Часу» Дзяніс Івашын напісаў за кратамі верш, прысвечаны рэпрэсаваным беларускім творцам
Пра гэта паведаміла ў сацсетках Вольга Івашына, жонка зняволенага журналіста: «Як і абяцала, дзялюся з вамі новым паэтычным дасягненнем Дзяніса Івашына».
Вольга Івашына адзначае, што сёння беларусы ўзгадваюць самую крывавую для нацыянальнай інтэлігенцыі ноч: з 29 на 30 кастрычніка 1937 года НКУС знішчыла толькі ў Мінску, “у Курапатах (пазарываўшы ў сырую зямлю сваіх ахвяраў) звыш 130 чалавек. Толькі ў адным горадзе за адну ноч аднаго года!.. А за ўвесь час генацыду-рэпрэсіяў забітая безліч нашых паэтаў, пісьменнікаў, навукоўцаў, дзяржаўных дзеячаў, — адным словам, нацыянальнай эліты, якой так сёння не стае для станаўленне, канчатковага сцверджання беларускай нацыі. Забівалі эліту, бо хацелі знішчыць усю Беларусь, але ў іх ды іхных нашчадкаў гэта і сёння не атрымаецца. Беларусь жыве І будзе жыць, у адрозненне ад яе катаў!”
Вольга Івашына распавяла, што гэты верш Дзяніс напісаў напярэдадні дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў і даслаў у лісце маці, які яна днямі атрымала. Вось гэты верш:
Наган бязьлітасна ўзьняты,
Раптоўны спалах, стрэлу гук,
Твае сыны прырэчаны да страты,
Ляжаць у зямлі, нібы каменьняў брук.
Не пакаяньня чын яны чакаюць
Нашчадкаў ідэйных тых, хто страляў.
Твае сыны без супакою спачываюць,
Бо іх у тую ноч ніхто не адпяваў.
У безназоўных іх магілах
Спяць ненароджаныя пакаленьні,
Паэзіі няісны скарб на белых крылах,
Душы народнае спадзевы й маленьні.
Жыцьцё задзьмуўшы яркі зьніч,
Ня здолела згасіць чырвоная навала
Вашай душы ахвярны кліч,
Што ў сэрцы полымем гарыць трывала!