Над рэактарам Беларускай АЭС будуюць ахоўны купал
На будаўнічай пляцоўцы Беларускай АЭС паспяхова ўсталявалі верхні ярус
купала ўнутранай ахоўнай абалонкі будынка рэактара першага энергаблока,
паведамляе аддзел інфармацыі і грамадскіх сувязяў РУП "Беларуская АЭС".
Ілюстрацыйнае фота
Унутраная ахоўная абалонка — адна з частак сістэмы ахоўных герметычных абалонак рэактара, якая выключае выхад радыеактыўнасці ў навакольнае асяроддзе. Такая сістэма абалонак вытрымлівае як ўнутраны ціск (у 5 кг/кв. см), так і знешняе ўздзеянне, да прыкладу ад ударнай хвалі, якая стварае ціск 30 кПа, і нават падзення самалёта.
Пасля таго як будаўнікі завершаць збудаванне ўнутранай абалонкі, яны пачнуць узвядзенне вонкавай, растлумачылі БелаПАН у Мінэнерга.
Там падкрэслілі, што такіх ахоўных збудаванняў не было ні на Чарнобыльскай АЭС, ні на АЭС у Фукусіме, дзе здарыліся самыя буйныя за апошнія гады аварыі. На абедзвюх станцыях рэактар знаходзіўся проста ўнутры бетоннага будынка.
Беларуская АЭС, якая ўзводзіцца пры ўдзеле Расіі пад Астраўцом (Гродзенская вобласць), за 50 км ад Вільнюса, будзе складацца з двух энергаблокаў ВВЭР-1200 сумарнай электрычнай магутнасцю да 2.400 мегават. Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расійскі праект атамнай станцыі новага пакалення. Увод у прамысловую эксплуатацыю першага блока БелАЭС запланаваны на 2018 год, другога — на 2020-ты.