«На рэплікі «калгаснікі» АМАП крыўдзіцца!»

Чарга на Акрэсціна не заканчваецца. Міліцыянт, у чарговы раз адкрываючы вароты для прыёма перадач, акідвае позіркам чаргу і пытаецца: «Гэта ўсе сюды?!» Народ актыўна адгукаецца і ківае галовамі. Ахоўнік уздыхае і з заклапочаным выглядам прапускае чарговага наведніка.

akrescina_peradaczy.jpg


“Як прымаюць перадачы? Адмовы ёсць?” — звяртаюся да дзяўчат, якія прыйшлі кампаніяй. “Калі як”, — адказваюць яны. “Ад чаго гэта залежыць?” — “Ды ад чаго заўгодна! Ад іх настрою, ад месцазнаходжання Луны!”

Звычайны на сёння дзень ля сцен мінскіх спецустановаў. І некалькі расповядаў тых, каго лёс злучае цяпер па гэты бок Акрэсціна.

“Змяніла меркаванне на супрацьлеглае”

 Валянціна, маці Рамана Мішчанкі прыехала з Магілёва. Яе сын, якому 25 гадоў, упершыню трапіў пад арышт — 15 сутак.

— За што затрымалі?

А вось ні за што. Яны проста ішлі з таварышам (ёсць затрыманне на відэа, нам потым прыслалі). Выйшлі з метро — іх адразу затрымалі. Але артыкул выставілі — абалдзець! — непадпарадкаванне міліцыі. І яшчэ — ці то за брыдкаслоўе, ці то за хуліганства. Яны нічога не рабілі, іх нават не цягнулі, не валаклі. Зараз я пакажу сына (паказвае на тэлефоне — НЧ). Ён не супраціўляўся, не брыдкасловіў і не хуліганіў. Гэта абсурд. Ён гэтага ніколі не зробіць, ён хацеў дайсці да мітынгу. А яму нават не далі дайсці. У 14.12 ужо з аўтазаку пазваніў.

— А чаму вырашыў прыехаць на акцыю?

Хацеў удзельнічаць, дастала ўсё. Працы знайсці нельга. Ён у 15-м годзе, калі гэты дэкрэт (аб дармаедстве — НЧ) увялі, хацеў у калгас паехаць. Усе калгасы былі занятыя — усе. Далі на біржы два лісты А4, мы пазванілі ў кожнае месца. Нідзе нічога няма. Ён па прафесіі апрацоўшчык, але па зроку яго не бяруць. Яму прапанавалі у 15-м годзе перавучыцца на сантэхніка, ён пачаў прахадзіць медкамісію, і там таксама па зроку не прайшоў. Калі вучыўся па спецыяльнасці — не было абмежаванняў па зроку. Увялі потым. Нейкі час працаваў па прафесіі. З-за абмежавання зараз не можа працаваць.

— Не адгаворвалі сына ехаць на акцыю?

Не адгаворвала. Я яму проста казала, што “цябе забяруць”, я ведала. Я сны бачыла нядобрыя. Я да гэтага была маральна гатова. Але відэа з яго затрыманнем да канца не магу глядзець. Я перарываю.

— Як вы ўспрынялі разгон на Дзень волі?

Я наогул у шоку, як паступілі з людзьмі. Я вельмі дрэннага меркавання аб нашай уладзе, але я такога не чакала. Калі дзядулю з палачкай учацвярох ці колькі іх там валакуць. Ён крычыць: “Я ж без палкі хадзіць не магу!” А ім пофіг. Гэта наогул!

Яшчэ адна бабуля-пенсіянерка распавяла: “Ішла ў краму. Ніколі, кажа, ні ў чым не ўдзельнічала. Выйшла з крамы. Забралі. Прастаяла пад дажджом дзве гадзіны “мордай у сцяну” (ну я так разумею, гэта не яе выраз). Кажа, пасля гэтага мне іх выбачэнні не патрэбны. Цяпер я пайду і мае сваякі”.

Ёсць адна знаёмая, якая была лукашысткай да таго, як ім прыйшоў гэты “ліст шчасця”. І яна памяняла рэзка меркаванне. Я сама за ўлады вельмі “за” ніколі не была, але і вельмі супраць не выступала. Раней у 2010-м, калі я глядзела, як адбываліся пратэсты, тады ж я зусім не ў курсе была — я тады наогул лічыла, што правільна ўлады зрабілі. Ну але за гэты час так змянілася меркаванне на супрацьлеглае. Я хадзіла ў Магілёве на мітынгі, праўда, на апошнім мяне не было, захварэла. Сын казаў: “Паехалі!” Гэта што мы захварэлі моцна. А так мы б можа з дачкой і прыехалі ў Мінск разам з сынам!

“Гэта проста салідарнасць”

Купка дзяўчатаў і хлопец. Іх знаёмых пахапалі яшчэ да 25 сакавіка — падчас зачысткі напярэдадні акцыі. І адправілі ў Жодзіна, бо мінскія камеры вызвалялі для прыёму навабранцаў Дня волі.

Нічога не здзівіла, — кажуць дзяўчаты. — Шакіраваны, але мы чакалі, што такое будзе. Людзей затрымлівалі прэвентыўна. Колькі чалавек затрымалі да Дня волі! Мелася на ўвазе, што ў саму акцыю будзе яшчэ больш жорстка. Усё чакана.

Частку іх сяброў ужо вызвалілі ў Жодзіне. Маладзёны абураюцца:

Агідна тое, што калі іх вызваляюць, іх цішком вывозяць на станцыі. Проста на чыгуначных станцыях кідаюць дзесьці і ўсё. Іх проста паскудна раскідваюць. Каб перашкодзіць родным і сябрам сустрэць іх — з кветкамі, цукеркамі.

Бацькі звоняць раніцай. Ім кажуць, што будуць выпускаць на часе пратакола. Па пратаколу іх не выпускаюць у выніку. Іх выпускаюць раней гадзіны на дзве, ну там па-рознаму — гадзіна, дзве. Аднаго на адной станцыі высаджваюць, другога на іншай. Бацькі прыязджаюць, у гэты час ім дзеці тэлефануюць з электрычак, кажуць, што яны ўжо едуць у Мінск. Звоняць альбо з незнаёмых нумароў, альбо са сваіх тэлефонаў з падсаджанымі батарэямі, і потым робяццца недасяжнымі. Усё. Ты едзеш, ходзіш, шукаеш, дзе “потеряшкі” гэтыя з пакетамі.

Тут ужо не нашы, тут ужо незнаёмыя, проста іншыя людзі застаюцца, — кажа хлопец. — Мы проста прыносім ім перадачы. Гэта проста салідарнасць.

akrescina_3.jpg

Подпіс да малюнка (калі не змяняць, подпіс будзе выдалены аўтаматычна) 

“Я 10 гадоў не жыў у Беларусі. Вярнуўся на сваю галаву!”

 

Хлопец Аляксей са сваім стрыечным братам прынёс перадачы “новым знаёмым”. А пазнаёміўся ён з імі тут жа, на Акрэсціна.

Выходныя правялі тут, — паказвае на ізалятар Аляксей. — Вось акурат у гэтым будынку. Пазнаёміліся ў камеры. Спачатку ў РУУСе, а потым ужо тут. Максім Вінярскі, гэта актывіст вядомы, і Павел Ермалаеў, гэта маскоўскі анархіст, таксама быў са мной у адной камеры. Яму 21 год, хлопец трапіў ва ўвесь гэты замес. Кажа, у Маскве такога ніколі не было. Пасябравалі з Вінярскім, цудоўны хлопец. Добрая кампанія была.

У камеры было 5 чалавек, хлопцам далі суткі. Вінярскаму — 8, расіяніну — 5. Аляксей абышоўся штрафам — 25 базавых. “Можа хацелі б і ўсіх запакаваць. Але тупа няма куды падзець людзей. Таму ім, на жаль, камусьці даводзілася даваць і штрафы”, — кажа суразмоўца. — “Я ім на дваіх закідваю перадачы, а яны ўжо там самі на ўсіх размяркуюць. Галоўнае туды ўсё гэта перадаць”.

— А як вы апынуліся на акцыі?

Я наогул шнур ішоў рамантаваць. Музычны. Не ведаю, як яго яшчэ назваць — кабель. Проста паяюць там недалёка ад плошчы Перамогі. Мяне на перакрыжаванні, дзе Казлова — Незалежнасці, акурат з прыпынку проста “вынеслі”. Тварам наперад. Там ужо не было маршу. Ніхто ўжо не скандзіраваў, не выкрыкваў нічога. Людзі проста ішлі. Перагарадзілі дарогу тры аўтазакі, проста за секунду ўсё стала чорнае ад “касманаўтаў”. І усіх панеслі запар. Вось і ўсё ўласна. А потым ужо чаго ім расказваць, шнур — не шнур. Ужо ж нікога нічога не цікавіць.

— Настрой у вас вясёлы, я гляджу.

Ну дык а што сумаваць? Я на працу яшчэ ў панядзелак паспеў. Адразу з “Дома правасуддзя” (!). Так што ўсё нармальна. Вясёлыя выходныя.

Рэчы з намі ў суд не прывезлі. Суд скончыўся, адпусцілі — ні рамня, ні бабла — рэчы ў РУУСе, усё, пакуль. Як ехаць, хлопцы? Як хочаце. А як ты туды дабярэшся? Выкідваюць і ўсё. Што хочаш, тое і рабі — і без шнуркоў яшчэ.

Мне распавялі, што пасля затрыманняў трубку ў міліцыі проста не здымалі. Ні ў адным РУУС Мінска. Не тое што інфармацыі не давалі, яны трубку не паднімаюць!

Дзяўчына, якая стаяла ў чарзе, параіла:

Трэба было званіць у Бюро рэгістрацыі няшчасных выпадкаў. Пакінуць заяву — знік чалавек. Мы так пару чалавек знайшлі. Яны не суперхутка гэта робяць, але ў выніку адказваюць. Мы званілі ў 10-11 вечара, і нам раніцай перазванілі. І сказалі, дзе нашы сябры і што як. Ну што здарылася, мы і так ведалі. Нам было важна, дзе яны. Яны знаходзіліся ўжо тут, на Акрэсціна.

Гэта інфармацыю выклікала ў чарзе ажыўленне. Вердыкт: “Трэба абавязкова ўзяць на заметку!”

— На вашых вачах збівалі людзей? — працягваем гутарку з Аляксеем.

— Так,  жорстка. Атрымалася, што я быў першым у аўтазаку. І потым усіх я ўжо бачыў — крыкі, оры, удары, дубіны — усё як мае быць. Аўтазак быў забіты да канца. Нас было 6 чалавек у адным адсеку, а потым там стаканы-адзіночкі — па два чалавекі запіхвалі. Так жа везлі нас і на суд. Раніцай усіх нас запіхнулі —  і 45 хвілін мы там сядзелі. У адзіночцы са мной быў сталы мужчына пад 60 гадоў. Сталы не сталы — ім наогул усё роўна. Там жа бабулек хапалі, дзеда з тросцю.





Нас завезлі ў РУУС. З намі быў англічанін. Каля мяне стаяў ля сцяны . Я перакладаў. — Дык гэта вас паўсюль цытуе Філіп Уорык?! Ён распавядае пра маладога чалавека, які параіў выконваць каманды і потым распавесці свету, што адбываецца ў Беларусі!

Я пачуў англійскую мову яшчэ ў аўтазаку, калі пакавалі. Калі высадзілі з аўтазакаў, усё адбывалася ва ўнутраным двары РУУС. Я яму кажу: крыху пасядзі і потым свету раскажаш пра нашу “дзвіжуху”. Уяўляеце, якія ў яго вочы былі! Ён у мяне вачыма проста ўчапіўся, як за апошнюю магчымасць! Седзячы на мокрым асфальце, выцяты галавой аб сцяну, ён быў у поўнай прастрацыі.

Яго там, канечне, прэсавалі. Пісалі потым у інтэрнэце, са словаў журналіста, што гэта быў менавіта начальнік РУУС! А англічанін жа не разумеў, хто гэта.

Канкрэтна начальнік жорсткі. Бачна была непрыязнь да замежніка. За шыю схапіў, галавой аб сцяну ўдарыў. Потым проста пасадзіў, ужо быў дождж, снег, усё мокрае. І ён сядзеў хвілін 15, пакуль усіх абшуквалі. І мы з ім крыху перашапталіся. Уласна і ўсё. Потым яго ўвялі. Я яго ўжо не бачыў болей.

Кажуць, што ён з Данбасу прыехаў. Уяўляеце: на Данбас (!) адсюль бягом!

— Ці ўдасца запужаць людзей?

Не, ужо ўсё, ужо не. Вы не ўяўляеце, як людзі рэагавалі. Ніхто там не баяўся. 44 чалавекі было ў РУУС з двух аўтазакаў.

Дарэчы, быў таксама беларускі пісьменнік з бародкай у РУУС. Там на мянтоў ён наогул кідаўся самаахвярна. Вось толькі прозвішча яго я не запомніў, на жаль. На беларускай размаўляў, вершы чытаў, усё па поўнай праграме.

Затрымлівалі касманаўты гэты чорныя. У іх жа маскі пад шлемамі. Мала таго, што ў іх шлем, яшчэ і маска. Хто каго баіцца? А ў РУУС прымалі мянты. Уяўляеце залу паседжанняў? Яны сядзелі перад намі ў “прэзідыуме”. І мы сядзім перад імі: “Што мы тут робім? Патлумачце хоць што-небудзь!” Маўчаць, вочы ўніз. Гэта былі якраз міліцыянеры ў форме.

Адзін хлопец устаў і перасеў на наступны рад. Міліцыянт налятае на яго: “Там сядзець, а не тут!” ” — “Вы што смеяцеся, куды, тут і так зашмат людзей!” — “Не, вось тут ты будзеш сядзець!” І накідваецца на хлопца.

І тут барадач не вытрымаў, падбег бараніць. Рэальна, думаю, зараз тут пачнецца пераварот! Гэта наогул! Дзед бравы атрымаў там дубіналам пару разоў. Яго скруцілі. Самае дзіўнае, што яго вось адпусцілі! Дзеда, каторы наогул кляў іх так, што зямля ў іх пад нагамі гарэла!

Важная тэма ў фэйсбуку праскочыла. Амапаўцы, касманаўты не рэагуюць на выкрыкі “Фашысты!”, яны нават радуюцца.  Вось на “калгаснікаў” яны рэальна крыўдзяцца. Акурат у кропку болевую трапленне. Гэта  іх слабае месца.

— Ёсць сэнс ладзіць іншыя акцыі?

Толькі добра арганізаваныя. На гэтым павінен быць акцэнт. Не проста акцыя дзеля акцыі, а каб ўсё было прадумана.

Першы раз трапіў на Акрэсціна. Я наогул 10 гадоў не жыў у краіне. Вярнуўся вось на сваю галаву. Дык у нас таксама ў камеры быў адзін хлопец, 42 гады, мінчанін. Кажа: я чатыры гады ў Швейцарыі жыў і працаваў, два гады ў Аўстрыі. Ён усе гарады ведаў. Чэмпіён камеры па гарадах. Разумееце, там няма неабыякавых людзей. Якраз усе інфармаваныя, усе ўсё ведаюць, усё разумеюць. На іх не дзейнічае  прапаганда, у іх свабодныя, чыстыя розумы.

“Ніколі не сумнявайся ў нягодніках”

 

andrej_szarenda.jpg

Жонка Андрэя Шарэнды — Паліна, прыехала з Брэста. Мужа асудзілі на 15 сутак.

Па спісах даведалася, што затрымалі, — паведаміла Паліна. — І так было зразумела, што затрымаюць. Адзін адказ на ўсе праблемы. За 20 гадоў нічога не змянілася. Ніколі не сумнявайся ў нягодніках. Але на акцыі, вядома, выходзіць варта. Інакш гэта будзе Паўночная Карэя. Я спадзяюся, што Еўропа ўсё ж нейкія санкцыі адновіць, калі там не зусім, мякка кажучы, скурвіліся. Будзем нагадваць, з кім яны справу маюць, каб ім зусім не было соладка мець справу з такім мярзотнікам.

 

“Хаджу на Акрэсціна як на працу”

 

maksim_vinjarski.jpg

Сястра Максіма Вінярскага, Алена, паведаміла, што брат ужывае толькі ваду і сокі:

Трымае галадоўку з першага дня. Галоўнае для яго — кніжкі. Прынесла белетрыстыку, дэтэктывы. Усю літаратуру, што была дома, ён ужо па некалькі разоў перачытаў — дзякаваць ГУУС Мінгарвыканкама.

Я сюды як на працу хаджу, напэўна, з 2002 года. У Макса ў суме каля года адсідкамі набралася. Я абсалютна не ўражваюся. Было абсалютна прадказальна, па-першае, што не дадуць сабрацца ўсім, хто хоча. А па-другое, тых, хто збярэцца, усіх павяжуць. Таму ніякага шоку, ніякага здзіўлення — абсалютна нічога няма. Я ведала, чым я буду займацца пасля 25-га. Я ведала, што я буду сюды праз дзень ездзіць. Абсалютна руцінная працэдура для нашай сям’і.

Алена паведаміла, што за акцыю 17 лютага брата завочна асудзілі на 16 сутак. У суд ён не хадзіў. Плюс 8 сутак за Дзень волі — так што сядзець будзе 24 дні.

Канечне, падтрымліваем яго, — кажа Алена. — Ну просім, каб на ражон не лез. Але ён сваё меркаванне мае цвёрдае. Таму калі ён лічыць нешта патрэбным, то на яго немагчыма паўплываць. Усё, што ён лічыць патрэбным, ён будзе рабіць.

Стаю, кансультую, бывае, народ у чарзе, калі няма абазнаных. Людзі дзеляцца перадачамі адзін з адным. Калі хтосьці перабраў вагу і яму вярнулі, то тут жа прапаноўвае на выхадзе тым, у каго няма лішку. Людзі вельмі салідарныя, калі ўжо хто сюды патрапіць. Хаця некаторыя, бывае, злуюць на сваіх сваякоў, кажуць: “Ну вернецца дахаты, я яму дам!” Ну тым не менш яна тут стаіць з торбай, значыць, не ўсё так кепска.

Калі чакаць, пакуль будзе спрыяльны клімат — гэтага не будзе ніколі. Гэтага не будзе не пры якім рэжыме. Таму альбо мы пачуваем сябе гаспадарамі ў краіне і паводзім сябе так, як мы мяркуем правільна рабіць. Альбо мы сядзім як мышы пад венікам, чаго ад нас і дабіваюцца.

І прыклад таго ж Эдуарда Пальчыса паказвае, што калі салідарнасць сістэмна б’е ў адну кропку, то нават рэжым можа ісці на нейкія манеўры на карысць канкрэтным людзям і нашай справе ў цэлым. А інакш, калі мы не будзем штурхаць, нічога не зрушыцца ніколі. У рэшце рэшт мы мусім знайсці тую апошнюю саломінку, каторая паламае храбціну гэтаму ішаку.

“Шлёпнула ім налепку ў аўтазаку. На памяць!”

 

leanid_kulakou.jpg

Майя Навумава прынесла перадачу сябру Леаніду Кулакову. Таксісту далі 25 сутак.  Сама Майя не выключае, што наступствы ў выглядзе позвы ў суд яе яшчэ могуць чакаць наперадзе.

Села на аўтобус, ён на Казлова спыніўся. Выйшла. Стала, гляджу. Людзей хапаюць. “Ідзіце ў пераход”. Я кажу: “Мне ў пераход не трэба. Я жыву ў гэтым горадзе, хачу хадзіць там, дзе я хачу”. Ну хвілін 10 пастаяла. Усё. “Гэту бяром”. Нічога — ні казала, ніякіх ні лозунгаў, наогул нічога, проста стаяла назірала. Затрымалі, у Маскоўскі РУУС завезлі.

Гадзіны тры пратрымалі пад дажджом, абшукалі заплечнік, зрабілі вопіс рэчаў. Я ўжо рыхтавалася на суткі. Завялі ў міні-актавую залу, — было чалавек 30, можа да 40. Сядзелі, чатыры чалавекі апытвалі ў форме. Ну сядзелі-сядзелі. Потым думаю: што я тут раблю? “Вы мне патлумачце, за што? Што вы мне прад’яўляеце?”— пачала абурацца. Не вы вытрымалі: “Дзяўчына, давайце мы вас выведзем”. Ну вось так і адпусцілі.

У аўтазаку я яшчэ не каталася. Колькі людзей пахапалі! Я была проста ў шоку, я не ўяўляла, што такое будзе на самой справе. Як ваеннае становішча.

Шлёпнула ім налепку ў аўтазаку — з Днём волі. На памяць!