Лінкявічус: Мы не можам заплюшчваць вочы на тое, што адбываецца ў Беларусі

Міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус, прыбыўшы сёння раніцай на пасяджэнне Рады Еўрасаюза ў Люксэмбургу, сярод іншага выказаўся і пра сітуацыю ў Беларусі.

Лінас Лінкявічус

Лінас Лінкявічус


Міністр Лінкявічус заявіў:

«Мы мусім быць паслядоўныя. Калі мы скасавалі санкцыі, гэта было вынікам таго, што яны вызвалілі палітычных зняволеных. Калі б яны вярнуліся да гэтага пытання, калі б зноў з’явіліся палітзняволеныя, то, вядома ж, мы мусім адэкватна і рашуча зрэагаваць на сітуацыю, ужываючы ціск, але пры гэтым пакідаючы месца для дыялогу. Так што гэты двухадзіны падыход застаецца вельмі важным, але мы не можам заплюшчваць вочы на тое, што адбываецца».

Напярэдадні Дня ВоліЛінас Лінкявічус выступаў з заявай у сувязі з выказваннямі Лукашэнкі пра тое, што ў Літве маглі рыхтаваць узброеных баевікоў для ўчынення правакацыяў у Беларусі

Тады ён сказаў, што Літва ўважліва назірае за затрыманнямі, якія адбываюцца ў Беларусі, і заклікае беларускія ўлады прытрымлівацца міжнародных абавязанняў, паважаць правы чалавека, прытрымлівацца прынцыпаў прававой дзяржавы, бо ад гэтага будуць залежаць адносіны Мінску з Еўрапейскім саюзам:

«У недалёкім мінулым мы бачылі пазітыўныя знакі. І мы б хацелі, каб сітуацыя не развярнулася ў горшы бок. Спадзяёмся, што мы не вернемся да сітуацыі, калі ў Беларусі былі палітычныя зняволеныя», — сказаў літоўскі міністр замежных спраў 21 сакавіка.


www.svaboda.org