На рэдактара сайта Intex-press склалі пратакол за захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў
Рэдактара сайта баранавіцкай газеты Intex-press Руслана Равяку 4 студзеня выклікалі ў Баранавіцкі гарадскі аддзел унутраных спраў «для апытання па матэрыяле праверкі».
У міліцыі журналіст даведаўся, што ў дачыненні да яго распачалі адміністрацыйную справу паводле арт. 19.11 КаАП, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Высветлілася, што ў камп’ютары, які быў забраны ў Руслана Равякі супрацоўнікамі КДБ у ліпені 2021 года падчас вобшуку ў рэдакцыі Intex-press, знайшлі экстрэмісцкі матэрыял — кнігу Адольфа Гітлера «Мая барацьба».
Як тлумачыць сам журналіст, гэтым камп’ютарам ён карыстаўся дзесьці з 2013 ці 2015 года, але файл са згаданай кнігай пазначаны 2007 годам.
«На мяне склалі адміністрацыйны пратакол за захоўванне матэрыялаў, унесеных у спіс экстрэмісцкіх. Я напісаў, што не згодны з пратаколам, бо не ведаю, адкуль у камп’ютары з’явіўся гэты файл», — распавёў Руслан Равяка.
Суд па гэтай справе прызначаны на 12 студзеня ў Баранавічах. Камп’ютар журналіста зараз знаходзіцца ў міліцыі.