На Мікалая Дзядка ціснуць у магілёўскім СІЗА і адмаўляюць у медыцынскай дапамозе
На палітзняволенага актывіста анархісцкага руху Мікалая Дзядка адміністрацыя магілёўскай турмы аказвае ціск, складаючы рапарты за парушэнні, якія ён не здзяйсняў. Таксама вязню адмаўляюць у аказанні медыцынскай дапамогі.
Бацька Мікалая Аляксандр Дзядок сёння меў спатканне з сынам у Следчай турме № 4 у Магілёве, куды палітвязня перавялі 22 лістапада.
— Мікалай перакананы, што на яго пачынаецца моцны ціск. Ён заключаецца ў тым, што яго сталі прыцягваць да адказнасці за парушэнні, якія ён не здзяйсняў, — распавёў Аляксандр Дзядок.
Пакуль Мікалай Дзядок знаходзіцца ў следчым ізалятары: прысуд яму ўжо агучылі, але ён яшчэ не ўступіў у законную сілу. Таму на палітвязня распаўсюджваюцца правілы, якія тычацца абвінавачаных, а не асуджаных.Тым не менш, адміністрацыя турмы пачала прад’яўляць прэтэнзіі да Мікалая.
— Яшчэ не прайшло і месяца, як яго туды даставілі, а на яго ўжо склалі чатыры рапарты. Напрыклад, ён прыбраў у камеры, і туды «раптам» прыйшла «дэлегацыя» з прадстаўнікоў адміністрацыі. Адзін з іх скінуў са стала паперы і сказаў: «Чаму вы не прыбралі?». Таксама на яго склалі рапарт за тое, што нібыта ён удзень, калі гэта забаронена, спаў. Калі Мікалай прапанаваў паглядзець запіс камеры відэаназірання, на якім бачна, што ён не спаў, начальнік яму адказаў: «А навошта? Я давяраю сваім супрацоўнікам. Яны напісалі — значыць, так і было», — пералічвае спагнанні бацька палітвязня.
Мікола Дзядок лічыць, што ў бліжэйшы час яму пагражае карцар.
Як зазначае Аляксандр Дзядок пасля сустрэчы з сынам, спачатку адміністрацыя турмы стварае бачнасць «разбіральніцтва», праводзіць гутаркі, але потым ідзе рэальнае пакаранне.
— Мікалай схадзіў на прыём да начальніка ізалятара, сказаў, што лічыць такое стаўленне несправядлівым, на што начальнік, усміхаючыся, сказаў яму: «А вы не парушайце». Мікола адказаў, што нічога не парушае, стараецца выконваць правілы ўнутранага распарадку і рабіць усё, як мае быць.
Але гэта яшчэ не ўсё.
— Нас вельмі турбуе стаўленне медыцынскай службы — а яно адлюстроўвае стаўленне да вязня адміністрацыі гэтага следчага ізалятара. Медыцынская служба рэальна адмаўляе яму ў дапамозе, — працягвае Аляксандр Дзядок. — Мікалай звярнуўся да начальніка службы з просьбай правесці яму медыцынскае абследаванне, неабходнасць якога была прапісаная для яго яшчэ тады, калі ён знаходзіўся ў СІЗА на Валадарскага ў Мінску. Яму неабходна правесці камп’ютарную тамаграфію галавы, бо ён скардзіцца на пастаянныя галаўныя болі. Але начальнік медыцынскай службы заявіў яму: «У цябе няма анкалогіі — значыць, усё ў парадку, не трэба нічога праводзіць». Разумееце, якая ступень цынізму ўрача?
Аляксандр Дзядок звяртае ўвагу, што стан здароўя яго сына выклікае хваляванне, і неаказанне дапамогі можа прывесці да кепскіх наступстваў.
Абарона Мікалая Дзядка падала апеляцыйныя скаргі на прысуд, але Вярхоўны суд усё яшчэ не прызначыў дату пасяджэння. Пакуль справа не будзе разгледжана ў апеляцыйным парадку ў Вярхоўным судзе, палітвязень будзе знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Магілёве.
Па словах Аляксандра Дзядка, разам з Міколам у камеры чатыры чалавекі, трое, апроч яго, знаходзяцца там па крымінальным артыкуле за крадзеж. «Асаблівае стаўленне» адміністрацыя праяўляе толькі да Мікалая. Аляксандр Дзядок мяркуе, што гэта робіцца таму, што паступіла ўказанне «зверху», паколькі адміністрацыя нічога не робіць самастойна.
Нагадаем, 10 лістапада анархіст, блогер і аўтар «Новага Часу» Мікола Дзядок атрымаў 5 гадоў калоніі, яго прызналі вінаватым па трох артыкулах:
- арт. 342 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;
- арт. 361 Крымінальнага кодэкса — Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;
- арт. 295-3 Крымінальнага кодэкса — Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў.
Паводле версіі следства, 23 жніўня 2020 года ў Мінску Дзядок удзельнічаў у акцыі пратэсту, дзе «аказаў відавочнае непадпарадкаванне законным патрабаванням» міліцыянтаў, выходзіў на дарогу, блакаваў рух транспарту, гучна пляскаў і выкрыкваў лозунгі.
Таксама абвінавачанне лічыць, што анархіст некалькі гадоў адміністраваў «радыкальны тэлеграм-канал», дзе з мэтай заклікаць да дзеянняў супраць нацбяспекі Беларусі «шляхам уздзеяння на свядомасць людзей праз інтэрнэт» распаўсюджваў матэрыялы, «накіраваныя на дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне, штучнае нагнятанне напружанасці і супрацьстаяння ў грамадстве, распаўсюджванне ідэалогіі экстрэмізму».
Падчас ператрусу ў Дзядка на здымнай кватэры ў пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці сілавікі выявілі і канфіскавалі не менш за тры «шкляныя бутэлькі з гаруча-змазачнымі матэрыяламі». Паводле абвінавачвання, анархіст не паспеў скончыць выраб выбуховых прадметаў, паколькі «не паспеў забяспечыць іх прыстасаваннем, які забяспечвае ўзгаранне».
Дзядок віну не прызнаў, і сказаў у апошнім слове: «А ўсім, хто мае дачыненне да палітычных працэсаў у маёй краіне, я хачу сказаць: "Не майце ілюзій. Ніякія напісаныя вамі паперкі, ніякі тэрор не спыніць развіццё і прагрэс. Мы ўсё роўна пераможам!"».
Адрас для лістоў Мікалаю Дзядку: Турма №4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А