Мікалая Дзядка прысудзілі да 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму
Сёння ў Мінскім гарадскім судзе вынеслі прысуд блогеру, актывісту анархісцкага руху і аўтару «Новага Часу» Мікалаю Дзядку.
Пракурор прасіў для Міколы Дзядка 2 гады пазбаўлення волі за ўдзел у масавых беспарадках, за захоўванне гаручых рэчываў яшчэ 2 гады, і за распаўсюджванне матэрыялаў у інтэрнэце — 4 гады 6 месяцаў. Агулам, шляхам складання тэрмінаў зняволення — 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, а таксама спагнаць шкоду за перакрыццё дарог і судовыя выдаткі. Суддзя пагадзіўся з абвінаваўцам.
Меру стрымання Дзядку вырашана пакінуць ранейшай — утрыманне пад вартай. У тэрмін яму будзе залічана знаходжанне ў СІЗА як дзень за паўтары дні ў калоніі. Вынятыя пры ператрусе грошы не вернуць да рашэння па кампенсацыі шкоды. Таксама суд пастанавіў канфіскаваць ноўтбук Міколы.
Нагадаем, Мікалая абвінавачваюць паводле некалькіх артыкулаў:
— арт. 342 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх
— арт. 361 Крымінальнага кодэкса — Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь
— арт. 295-3 Крымінальнага кодэкса — Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў.
Паводле версіі следства, 23 жніўня ў Мінску Дзядок удзельнічаў у акцыі пратэсту, дзе «аказаў відавочнае непадпарадкаванне законным патрабаванням» міліцыянтаў, выходзіў на дарогу, блакаваў рух транспарту, гучна пляскаў і выкрыкваў лозунгі.
Таксама абвінавачванне лічыць, што анархіст некалькі гадоў адміністраваў «радыкальны тэлеграм-канал», дзе з мэтай заклікаць да дзеянняў супраць нацбяспекі Беларусі «шляхам уздзеяння на свядомасць людзей праз інтэрнэт» распаўсюджваў матэрыялы, «накіраваныя на дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне, штучнае нагнятанне напружанасці і супрацьстаяння ў грамадстве, распаўсюджванне ідэалогіі экстрэмізму».
Падчас ператрусу ў Дзядка на здымнай кватэры ў пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці сілавікі выявілі і канфіскавалі не менш за тры «шкляныя бутэлькі з гаруча-змазачнымі матэрыяламі». Паводле абвінавачвання, анархіст не паспеў скончыць выраб выбуховых прадметаў, паколькі «не паспеў забяспечыць іх прыстасаваннем, які забяспечвае ўзгаранне».
Дзядок віну не прызнаў, і сказаў у апошнім слове: «А ўсім, хто мае дачыненне да палітычных працэсаў у маёй краіне, я хачу сказаць: "Не майце ілюзій. Ніякія напісаныя вамі паперкі, ніякі тэрор не спыніць развіццё і прагрэс. Мы ўсё роўна пераможам!"».