На «Гродна Азоце» працягваюць работы па запуску цэхаў

На "Гродна Азоце" 10 лістапада працягвалі работы па запуску двух спыненых цэхаў "Карбамід-4" і "Аміяк-4". На прадпрыемстве сёння праверылі, ці не адбылося перавышэнне дапушчальнай канцэнтрацыі забруджвальных рэчываў у паветры, паведамляе FINANCE.TUT.BY

grodno_azot_50god.jpg

Фота: grodnonews.by 

"10 лістапада падчас правядзення пускавых аперацый цэхаў дадаткова ажыццяўляўся кантроль прамысловай пляцоўкі і па тэрыторыі прадпрыемства. Перавышэнняў дапушчальных канцэнтрацый забруджвальных рэчываў у атмасферным паветры не выяўлена", — паведамілі на прадпрыемстве.

Нагадаем, на "Гродна Азоце" 9 лістапада спынілі другі цэх — "Карбамід-4". Гэта адбылося з-за праблем у працы іншага цэха — "Аміяк-4", які спыніўся сёння раніцай. На прадпрыемстве тлумачылі, што спыненне цэха «Аміяк-4» адбылося з-за таго, што ў тэхналагічным працэсе аддзялення ачысткі канвертаванага газу спыніўся кампрэсар сінтэз-газу. Праз некаторы час спыніўся і другі цэх.

"Карбамід-4" плануюць запусціць пасля таго, як адновяць працу «Аміяк-4».

У цэху «Аміяк-4» з 18 верасня праводзілі рамонтныя працы на працягу 25 сутак.

Што адбываецца на заводзе

Нагадаем, 26 кастрычніка некаторыя рабочыя «Гродна Азоту» вырашылі далучыцца да агульнанацыянальнай забастоўкі. Фармат быў такі: у цэхах людзі, якія адпрацавалі змену ноччу, не здавалі яе тым, хто прыйшоў раніцай на працу. Частка работнікаў па-ранейшаму знаходзіцца ў стачцы.

Цяпер актывісты "Гродна Азота" пры падтрымцы ініцыятывы "Сумленныя людзі" збіраюць заявы ад тых, хто хацеў бы далучыцца да стачкі, але баіцца рабіць гэта публічна з-за невялікай колькасці чалавек у ёй. Завадчане могуць адпраўляць свае заявы праз спецыяльны чат-бот. Яны прымаюцца да 10 лістапада. Калі да гэтай даты такіх заяў будзе 500 і больш, прадстаўнікі стачкама звяжуцца з жадаючымі і дапамогуць ім з уступленнем, калі менш, то заявы "будуць цалкам выдалены з сістэмы і ніхто пра іх не даведаецца".

Тым не менш некаторыя завадчане адразу абвяшчаюць аб уступленні ў стачку. За апошнія чатыры дні такіх было трое. 3 лістапада заяву аб далучэнні да стачкі пакінуў электразваршчык 6-га разраду цэха "Карбамід-4" Міхаіл Рачынскі. Некаторых з тых, хто далучыўся да стачцы, ужо звольнілі. Напрыклад, апаратчык карбаміду 6-га разраду Павел Гайдэль абвясціў аб далучэнні да стачкі 2 лістапада, а ўжо 3 лістапада быў звольнены.

Замену работнікам "Гродна Азота«, якія ў стачцы, шукалі на Гомельскім хімзаводзе, Магілёўхімвалакне і Нафтане. Сітуацыю з кадрамі раней каментаваў гендырэктар завода. Пры гэтым у стачкаме выказвалі асцярогу, што праз кадравае пытанне могуць узнікнуць праблемы ў працы прадпрыемства.