На #БНР101 у Мінску будзе канцэрт і ўрачысты прыём. А шэсці і мітынгі?
За 10 дзён да Дня Волі «Радыё Свабода» распытала лідараў партыяў і арганізацыяў пра планы адзначаць 101-й гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Пасля леташняга шматтысячнага
канцэрту-мітынгу ля Опернага тэатру на #БНР101 арганізатары мелі спадзевы, што
гэтаксама шырока выпадзе адсвяткаваць і сёлета. Аднак Мінгарвыканкам адмовіў у
правядзенні ў нядзелю 24 сакавіка падобнай акцыі на тым жа месцы.
Арганізатары #БНР101 судзяцца з уладамі
З гэтай прычыны прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) падалі скаргу ў суд Маскоўскага раёна Мінску. Паводле старшыні руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча, далейшы план дзеянняў будзе залежаць ад атрыманага адказу.
Таксама марным выявіўся разлік актывістаў на мінскі стадыён «Дынама». Аляксандр Лукашэнка асабіста заявіў, што прысутнасць апазіцыі на толькі што адрамантаванай арэне будзе для яго «асабістай абразай», і параіў ісці на плошчу Бангалор. Кіраўніцтва Менскага гарвыканкаму і адміністрацыя спартовай установы адрэагавала неадкладна: Дня Волі на «Дынама» не будзе.
Рэзервовы варыянт з «дэцэнтралізацыяй»
Пакуль няма рэакцыі на сумесныя заяўкі, якія падавала кіраўніцтва Партыі БНФ і «Арт-Сядзіба» на святочныя імпрэзы ў Верхнім горадзе і на пляцоўцы ля Палацу спорту. Як паведаміў адзін з заяўнікаў Эдуард Пальчыс, рыхтуецца рэзервовы варыянт з «дэцэнтралізацыяй» у разе адмоваў ва ўсіх прапанаваных варыянтах. Пры гэтым адзначае, што ў кожны момант гатовая далучыцца вялікая колькасць артыстаў і калектываў — дзеля гэтага раней быў абвешчаны збор сродкаў.
Беларускі нацыянальны кангрэс, які раней заклікаў на вулічныя шэсці, гэтым разам такіх планаў не абвяшчаў. Некаторыя чальцы арганізацыі выказвалі гатоўнасць далучыцца да асноўнага святкавання.
Прыём і канцэрт
На 15 сакавіка дакладна вядома толькі пра адну імпрэзу, якую запланаваў аргкамітэт святкавання гадавіны БНР: 23 сакавіка ў «Кангрэс-холе» гатэлю «Вікторыя» адбудзецца ўрачысты прыём у гонар гістарычнай падзеі і канцэрт народнага ансамблю «Тутэйшая шляхта». Запрашэнні разасланыя ад імя ганаровага старшыні Радзіма Гарэцкага і дзейнага старшыні Міколы Купавы. Пачатак а 17:00, адзенне ўрачыстае.
Застаецца нявырашанай і праблема з устанаўленнем мемарыяльнай дошкі на доме па вуліцы Валадарскага, дзе 25 сакавіка 1918 года была абвешчаная незалежнасць БНР. Кіраўніцтва Мінгарвыканкаму адмову ўсталяваць вырабленую за народныя грошы шыльду матывуе тым, што грамадства не даспела да ўшанавання гэтай падзеі.