У Мінску да #БНР101 запланавалі канцэрт у Кіеўскім скверы, спадзяюцца на дазвол уладаў
Лідары руху «За свабоду», Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі («Грамада») акрэслілі фармат святочных імпрэзаў, прысвечаных Дню Волі, паведамляе Радыё Свабода.
Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў нагадалі, што атрымалі адмоўныя адказы на ўсе заяўкі пра адрасы адзначэння 101-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. У Мінгарвыканкаме звыкла параілі збірацца ў месцах, адмыслова для гэтага вызначаных гарадскімі ўладамі.
Старшыня руху «За свабоду» Юры Губарэвіч адзначыў складаны працэс сёлетняга ўзгаднення – як з уладай, так і ўнутры дэмакратычнай супольнасці. Тым ня меней, 24 сакавіка ў Кіеўскім скверы адбудзецца канцэрт – як таго і вымагае святочны фармат, які летась прыйшоў на змену палітычнаму кантэксту.
«Яшчэ на мінулым тыдні мы падалі ўведамленне ў Мінгарвыканкам на пляцоўку ў Кіеўскім скверы, якая змяшчае не меней людзей, чым ля Опернага тэатру, – адзначыў Юрась Губарэвіч. – Пачатак а 12-й, сама імпрэза пачнецца праз гадзіну. Будзе канцэрт беларускіх выканаўцаў. Выдаткі могуць перавысіць больш за 5 тысяч долараў, але талакой сабрана сродкаў удвая больш, таму павінны ўкласціся».
Увечары 19 сакавіка заяўнікі запрошаныя ў Мінгарвыканкам, каб удакладніць фармат імпрэзы і меры бяспекі. Удзельнікі нагадалі, што спачатку «Арт-сядзіба» і БНФ «Адраджэнне» падалі заяўку на святкаванне Дня Волі на стадыёне «Дынама», іншыя рухі супольна прасілі дазволіць канцэрт ля Опернага тэатру. Прыйшлі адмовы. Тады звярнуліся з ініцыятывай адзначыць дату адкрыццём мемарыяльнай дошкі на доме па вуліцы Валадарскага, 9, якую ўлады абяцалі адкрыць яшчэ год таму. Ніякага адказу пакуль няма.
Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі паведаміў, што ўлады па-ранейшаму не хочуць шырока адзначаць гадавіну абвяшчэння БНР – адмову атрымалі практычна ўсе заяўнікі, акрамя Горадні. У Берасці традыцыйна плануецца акцыя супраць акумулятарнага заводу, якую дэмакратычныя сілы хочуць сумясціць са святкаваннем.