МЗС Расіі зрэагаваў на выбачэнні CNN наконт брэсцкага помніка «Мужнасць»

У МЗС Расіі прынялі да ведама афіцыйныя прабачэнні тэлеканала CNN, якія яго кіраўнікі перадалі асабіста падчас сустрэчы з паслом РФ у ЗША Сяргеем Кісляком, што прайшла на днях у расійскай дыпмісіі ў Вашынгтоне.



muzhnasc.jpg

Пра гэта паведамляе ўпаўнаважаны МЗС Расіі па пытаннях правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства права Канстанцін Далгоў на сайце расійскага знешнепалітычнага ведамства. 
Паводле інфармацыі Далгова, прадстаўнікі CNN заявілі, што выказваюць шчырыя шкадаванні адносна здарэння, а ў дачыненні да размяшчэння матэрыялаў, якія апаганілі памяць загінулых у вайне з нацызмам, праводзіцца «ўнутранае расследаванне». 

«У сваю чаргу пацвярджаем нашу прынцыповую ацэнку, што знявагу памяці гераічных абаронцаў Брэсцкай крэпасці, чым бы гэта ні спрабавалі растлумачыць, нельга апраўдаць і дараваць.


Дапускаем, што аўтар скандальнага «рэйтынгу помнікаў» дрэнна знаёмы з гісторыяй, а тыя, хто даваў згоду на яго публікацыю, не мелі «злых намераў», як нас зараз спрабуюць запэўніць. Але трэба разумець, што такія безадказныя дзеянні нанеслі сур'ёзны ўдар па рэпутацыі CNN, прывялі да далейшага зніжэння рэйтынгу гэтага тэлеканала ў Расіі», — заявіў Далгоў. 

«Будзем і далей рашуча спыняць спробы фальсіфікацыі гісторыі, прыніжэння ключавой ролі Савецкага Саюза ў дасягненні перамогі ў Другой сусветнай вайне», — сказаў расійскі дыпламат. 


Нагадаем, 23 студзеня на сайце тэлеканала CNN быў апублікаваны спіс адзінаццаці «самых выродлівых помнікаў». Манумент «Мужнасць» комплексу «Брэсцкая крэпасць» у спісе значыцца пад нумарам 2. 6 лютага перад артыкулам з'явілася паведамленне ад рэдакцыі. «Мы разумеем, што ўключэнне Брэсцкай крэпасці-героя аўтарам у гэты артыкул зняважыла пачуцці людзей у Беларусі. Гэта было ненаўмысна, і мы прыносім прабачэнні. Аўтар артыкула меў намер зрабіць гумарыстычны агляд манументальнай архітэктуры па ўсім свеце. CNN прызнае, што гэты помнік мае свяшчэннае значэнне для тых многіх людзей, якія шануюць ахвярнасць салдат», — гаварылася ў паведамленні. Пазней спіс быў выдалены з сайта тэлеканала, паведамляе БелаПАН.

«Наша Ніва» паразмаўляла пра скандал са знаным архітэктарам Ірынай Лаўроўскай, якая займалася мемарыялізацыяй Брэсцкай крэпасці, а таксама ўдзельнічала ў стварэнні мемарыяла.


Ірына Лаўроўская — ідэальны чалавек, каб ацаніць з розных бакоў спрэчку вакол манумента «Мужнасць» у Брэсцкай крэпасці. Яна сама архітэктар і даследчык архітэктуры — доктар навук. Як грамадская дзяячка, яна займалася пытаннямі мемарыялізацыі крэпасці. А студэнткай яна брала ўдзел у будаўніцтве мемарыяла.
«Наша Ніва»: Як будавалася «Мужнасць»? Ці праўда, што для стварэння перспектывы на яго быў зруйнаваны Белы палац? Увогуле, як ствараўся мемарыяльны коплекс крэпасці?
Ірына Лаўроўская: Мемарыял пачалі будаваць у 1965. Тады святкавалася 20-годдзе перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, былі вялікія датацыі, гэта была ўсесаюзная будоўля. Да таго ж, у 1966-м у Брэсце адкрылі Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут, з моцным прафесарскім складам і архітэктурным факультэтам. Некаторыя з выкладчыкаў былі задзейнічаны ў праекце. У будоўлі ж увесь горад удзельнічаў, мы са студэнтамі ў 1972-м былі далучаныя да працэсу.

Я сама бачыла, як руіны крэпасці прычэсвалі адбойнікамі, змяншалі вышыню інжынернага корпуса і калегіума. Гэта была мастацкая работа адбойным малатком па стварэнні руін.


А Белы палац быў разабраны не тады, а недзе ў 50-х гадах. Хадзілі легенды, што маршал Цімашэнка загадаў разабраць, бо ён быў у небяспечным стане.
«НН»: Вам «Мужнасць» падабалася?
ІЛ: Не, мне не падабалася. Я, можна сказаць, вырасла ў крэпасці — мы бавілі там шмат часу ў дзяцінстве. Мы з бацькамі хадзілі туды адзначаць 9 Мая. Гэта было сапраўднае народнае свята: раскладалі абрусы, прыносілі ежу, спявалі песні — там было народнае гулянне, бо франтавікі тады былі яшчэ маладыя людзі. Пасля стварэння мемарыяла гэта перастала быць звычаем, берасцейцы перасталі туды хадзіць.
Я памятаю свае пачуцці, калі бацькі расказвалі пра вайну, пра крэпасць, я глядзела на траву ў крэпасці, і мне падавалася, што яна барвовая ад крыві, адбіўся гэты колер у памяці.

Калі гаварыць пра мастацка-вобразную частку «Мужнасці», маштаб перадушыў усё. Шмат пафасу ў мемарыяле. І гэта дрэнна спалучаецца — пафас і гераізм.


«НН»: «Мужнасць» — гэта твор у стылі познесавецкага «суворага мастацтва», здаецца?
ІЛ: Упершыню быў зроблены такі маштаб скульптуры, спосаб фармоўкі таксама выкарыстоўваўся ўпершыню. Ён называецца «пераносная апалубка», калі манумент будаваўся — ён вырастаў на вачах. Дарэчы, па словах нашых выкладчыкаў, стваральнік «Мужнасці» Кібальнікаў казаў, што ён павялічыў маштаб скульптуры Маякоўскага ў Маскве і так стварыў манумент для крэпасці.

Увогуле, што сёння ацэньваць «Мужнасць»? Гэта трэба было казаць тады, на мастацкіх радах, аднак тады быў такі час: жыццё было перанасычана пафасам, пры гэтым ветэраны былі без уласных кватэраў.


Нядаўна ў Брэсце паставілі помнік да 1000-годдзя горада, які аказаўся калькай з помніка Кацярыне ІІ у Адэсе, усё гэта не салідна…

Мае бацькі, ды і іншыя франтавікі, не любілі гэты мемарыял, удзельнічалі ў яго стварэнні, дапамагалі, але гэты пафас манумента быў непатрэбны і штучны.


Брэжнеўская няпраўда раздражняла і злавала, мой бацька казаў: «Ветэранаў вайны засталося мала, але з кожным годам прыбаўляецца тых, хто ішоў шэрагамі смершаўцаў».
«НН»: Некаторыя з беларускіх інтэрнаўтаў сцвярджаюць, што такія помнікі нельга ацэньваць як твор мастацтва. Што калі за гэтым стаіць пакутніцтва людзей, такі помнік не можа быць прадметам зубаскальства. Вы дачка афіцэра, ведаеце цану ратнаму подзвігу. На вашую думку, наколькі такі падыход можна лічыць правільным?
ІЛ: Кожны мае права на ацэнку твораў мастацтва. Форма, якую абраў канал CNN, была не найлепшая, але давялі скандал да міжнароднага ўзроўню дарма. Сам Кібальнікаў, дарэчы, упадабаў, калі «Мужнасць» пачала зарастаць мохам.
«НН»: Якой вы бачыце ідэальную будучыню крэпасці? Што там павінна быць? І што, дарэчы, чуваць пра ідэі аднаўлення хаця б часткі архітэктурных жамчужын Старога Берасця, якія былі знесены для будаўніцтва імперскай крэпасці ў ХІХ ст.? Ці пайшла справа далей за словы?
ІЛ: Уступная фаза — праектная прапанова — была зроблена. Далей трэба распрацоўка, я катэгарычна супраць таго, каб гэта быў маштабны праект. Добра было б, каб далучылася Акадэмія навук. Там столькі яшчэ невядомых і незразумелых цікавостак. Гэта вялікая тэрыторыя для археалагічных даследаванняў, адна царква Святога Мікалая чаго вартая — там у 1596 годзе была падпісана царкоўная унія, гэта месца пілігрымак уніятаў усяго свету.
Тэрыторыя, дзе амаль тысячагоддзе стаяў горад, а пасля была крэпасць, мусіць пачаць новае жыццё. Выпадак нязвыклы — тут некалькі гісторый, некалькі пластоў. Брэст — гэта ўнікальная гістарычная пляцоўка.

Юрась Ускоў, nn.by