МЗС Беларусі: палягчэнне візавага рэжыму — спачатку для дыпламатаў

МЗС Беларусі спадзяецца ў хуткім часе атрымаць адказ на прапановы беларускага боку па пагадненнях аб палягчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Як адзначыў 23 кастрычніка на брыфінгу ў Мінску прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства Дзмітрый Мірончык, гэтыя прапановы былі агучаныя яшчэ ў чэрвені, калі адбыўся першы раунд кансультацый па гэтым пытанні.



visa_sheng.jpg

«Яны разглядаюцца бакамі, і спадзяемся, што ў хуткім часе атрымаем адказ ад нашых еўрапейскіх партнёраў, спадзяемся, адказ будзе станоўчым» — сказаў Мірончык. Ён падкрэсліў, што пазіцыя Беларусі застаецца нязменнай: беларускія грамадзяне павінны мець такія ж умовы атрымання шэнгенскіх візаў, як і грамадзяне іншых краін Усходняга партнёрства.

Разам з тым, адзначыў Мірончык, МЗС Беларусі устрымліваецца «ад публічнага разгляду тых канкрэтных прапаноў, якія з’яўляюцца прадметам дыпламатычных перамоваў. Мы працуем за сталом перамоваў, а не карыстаемся так званай мегафоннай дыпламатыяй».

Між тым, як паведамляла БелаПАН крыніца ў Еўракамісіі, блізкая да перамоўнага працэсу, прапановы беларускага МЗС звычайных грамадзяназ не тычацца. У чэрвені з боку Беларусі прагучала прапанова дазволіць дыпламатам і членам афіцыйных дэлегацый падчас візітаў наведваць ЕС па дыпламатычных пашпартах.

«Цяпер у выпадку запрашэння на сустрэчу беларускія дыпламаты павінны таксама атрымаць візу. Прапануецца дазволіць ім ўезд па дыпламатычным пашпарце », — адзначаў прадстаўнік Еўракамісіі.

У той жа час суразмоўца падкрэсліў, што цяперашні мандат на правядзенне з Беларуссю перамоваў па спрашчэнні візавага рэжыму, выдадзены ў 2012 годзе, не дазваляе абмяркоўваць пытанні адносна спрашчэння ўезду ў ЕС беларускіх грамадзян па дыпламатычных пашпартах.

Крыніца БелаПАН тады звярнула ўвагу, што рашэнне па гэтым пытанні «будзе прымацца з улікам развіцця сітуацыі ў краіне і ацэнкі змяненняў, калі такія будуць».