МЗС Літвы: Ёсць сігналы, што Лукашэнка шукае патэнцыйных мігрантаў у іншых краінах
Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс заявіў аб сігналах, якія сведчаць аб тым, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі шукае патэнцыйных нелегальных мігрантаў не толькі ў Іраку, але і ў іншых краінах, піша delfi.lt.
«Мы атрымліваем сігналы, але яны неадназначныя. На мінулым тыдні гаварылася аб дыскусіі Лукашэнкі з Марока, цяпер чуем пра Пакістан», — сказаў ў чацвер журналістам міністр.
Ён адзначыў, што працэсы, відавочна, ідуць, толькі пакуль не ясна, наколькі яны эфектыўныя і якая іх мэта. «Ці з'яўляецца гэта сродкам палітычнага ціску? Відавочна, што яны спрабуюць стварыць больш аднаго маршруту ў Мінск», — сказаў міністр.
«Хутчэй за ўсё, гэта ці спроба пашыраць паток мігрантаў, што небяспечна як для Літвы, так і для ўсяго ЕС, або спроба пошуку замены ірацкаму маршруту, калі ЕС усё ж атрымаецца яго закрыць», — дадаў ён.
Ландсбергіс падкрэсліў, што неабходна закрыць шлях іракцам праз Літву ў ЕС. «Лінія Ірака вельмі важная. Калі гэтая лінія застаецца, можа быць заахвочванне і іншым — маўляў, Еўропа нічога не зрабіла, гэтая лінія эфектыўная, можна і іншыя краіны адкрываць», — адзначыў міністр.
15 ліпеня пачаў дзейнічаць указ Аляксандра Лукашэнкі аб бязвізавым рэжыме з 73 краінамі, якія жадаюць прышчапіцца ад каронавіруса. Без візы яны могуць знаходзіцца ў Беларусі не больш за пяць дзён.
Сёлета мяжу з Беларусі ў Літву перайшло больш за 4,1 тыс. нелегальных мігрантаў. Большасць з іх — іракцы. Літва з-за ўзрослай нелегальнай міграцыі абвясціла экстрэмальную сітуацыю. Службовыя асобы краіны называюць гэта гібрыднай агрэсіяй беларускага рэжыму.