«Мы спалі апранутыя, каб, калі што, адразу бегчы ў склеп...»
На Гомельшчыне гэта сям’я знайшла свой новы дом. Яны збеглі ад вайны ў іншую краіну і вяртацца ўжо не збіраюцца. Магчыма таму, што дасюль вераць расійскай прапагандзе, якая расказвае пра «злобных нацыяналістаў», а мо і таму, што не вераць у сканчэнне вайны і мірнае жыццё на іх радзіме.
Ліля не памятае як збірала торбы
Міхаіл і Ліля прыехалі ў Гомель з Дэбальцава. З таго самага Дэбальцава, абвешчанага ўнутраным раёнам ДНР, і дзе адбываліся актыўныя баявыя дзеянні. Сям’я выехала з горада 28 снежня 2014 года. А ў лютым горад быў узяты баевікамі ДНР.
Калі пачалася вайна, Чапліны ўдваіх працавалі на чыгунцы. Сын вучыўся ў тэхнікуме, а дачка — у пачатковай школе. Яны жылі ва ўласным доме, побач з якім перыядычна ўзрываліся міны.
«Вайна праходзіла літаральна каля нашага плота, метраў трыста ад хаты, — згадвае Міхаіл. — Аднойчы я ледзь не загінуў. Пачуў, што нешта ляціць, і адразу лёг на зямлю. А міна выбухнула перад брамкай».
На вуліцы, дзе жыла сям’я, засталіся жыць адны старыя: астатнія ўсе з’ехалі.
Для Лілі жыццё падчас вайны прайшло нібыта ў сне: «Я плакала, не ведала, што рабіць... Спачатку мы спалі апранутыя, каб, калі што, адразу бегчы ў склеп. Але пасля сталі распранацца і класціся спаць нармальна. Мы вырашылі: што будзе, тое і будзе. З гэтага пекла была гатова збегчы ў любы момант. Я чакала, пакуль Міша скажа, што рабіць. Нарэшце, ён вырашыў з’язджаць».
Ліля не памятае як збірала торбы. У выніку атрымалася, што ўзяла зусім не тое, што было неабходна: «Але ў Беларусі настолькі добрыя людзі, што нам далі ўсё, чаго не ставала».
Першапачаткова сям’я не планавала з’язджаць назаўсёды. «Мы проста хацелі дзесьці перачакаць вайну, — згадвае Ліля. — Але пасля стала зразумела, што гэта будзе цягнуцца яшчэ доўга».
«Чаму менавіта Беларусь?» — пытаюся. «Мы чулі, што ў Беларусі больш-менш нармальнае жыццё. А ў жонкі бацька — беларус», — кажа Міхаіл.
Ліля і Міхаіл прыехалі ў вёску Вышамір Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Пэўную дапамогу адразу аказала дзяржава: змаглі бясплатна прайсці медкамісію.
«Нам сказалі, што праз сем гадоў мы зможам атрымаць беларускае грамадзянства. За медычныя паслугі мы плацім зараз па прэйскуранце як асобы, якія маюць від на жыхарства», — распавядае Міхаіл.
Міхаіл адразу ж пайшоў на біржу працы. Там яму прапанавалі вакансію жывёлавода ў калгасе. Канечне, даглядаць жывёлу — не цягнік даглядаць... «Галоўнае, каб была праца», — кажа мужчына. Ліля спачатку працавала дворнікам. Зараз яна — прыбіральшчыца ў школе.
Сын давучваецца ў Гомелі. Каледж хлопец скончыў на выдатна, і атрымаў размеркаванне на працу ў абласны цэнтр. Ён зняў аднапакаёўку, і сям’я падумала, што добра было б жыць разам. Таму яны ўсе перабраліся ў Гомель і разам сталі здымаць трохпакаёвую кватэру. Дачцэ ўжо дванаццаць. Яна навучаецца ў той жа школе, дзе Ліля працуе прыбіральшчыцай.
Сям’і дапамагалі простыя людзі. «Прадуктамі быў завалены ўвесь дом!» — узгадвае Міхаіл. Чапліным прывозілі мэблю, вопратку, гаспадарчыя рэчы. А старэйшы сын сам стаў шыць цацкі для сястры. Спачатку гэта былі чалавечкі з розных мультфільмаў, а пасля — вялікія мядзведзі са штучнага футра ад дублёнкі.
Бежанцамі сям’я сябе не лічыць. «Мы — перасяленцы. Пра статус бежанца зусім не думалі, нават калі там і ёсць нейкія ільготы. Ад дабра дабра не шукаюць».
«Ці плануеце вяртацца на радзіму?» — пытаю. «А куды? — з сумнай усмешкай і ў адзін голас запытваюць Міхаіл з Ліляй. — Мы хацелі аднаго — мірнага неба, і яно тут ёсць. Больш нічога не трэба».
«Іду ў царкву, а снарады свішчуць над галавой...»
Ніна — маці Міхаіла, якой пашанцавала ўцячы з ДНР за некалькі дзён да «катла». Яна з мужам цяпер жыве ў той хаце ў Вышаміры, дзе спачатку жыў сын з сям’ёй.
Сама Ніна з Новагрыгор’еўкі — вёскі, што знаходзіцца недалёка ад Дэбальцава. Уцякалі яны з мужам апошнія з вуліцы.
«Кожную нядзелю я хадзіла пешшу ў царкву за пяць кіламетраў. Аднойчы іду, а гэтыя снарады свішчуць прама нада мной. Не ведаю, хто каго бамбіў. А суседзі з сяла падчас адной бамбёжкі сядзелі ў склепе і выйшлі на дзве хвіліны папаліць. У выніку, жонку пасекла мінай, а муж яе як сядзеў, так і застаўся сядзець», — узгадвае Ніна.
Выбрацца з вёскі Ніне дапамог выпадак. Аднойчы яна выйшла з хаты і пабачыла, што хлопец на машыне гандлюе хлебам. Ён аказаўся з Арцёмаўска (Бахмут з 2016 года — аўт.). Ніна падышла і запытала, ці змог бы ён іх як-небудзь вывезці. Хлопец сказаў, што на заўтра будзе ехаць да Арцёмаўска і зможа падвезці яе з мужам.
Ніна стала збіраць сумкі. Хацела даехаць да Палтавы, дзе жыла дачка. Назбірала поўную торбу харчу: мяса забітых качак і трусікаў. «У Палтаву прыехаў яшчэ і сын з нявесткай. Працы тады было не знайсці, таму трэба было хоць нечым дзецям дапамагчы», — тлумачыць Ніна.
Старэнькая, худзенькая… Я не ўяўляла, як яна вытрымала гэты шлях. А шлях аказаўся зусім няпросты: з Дэбальцава да Арцёмаўска, з Арцёмаўска да Славінска, са Славінска да Палтавы...
У дачкі ў Палтаве Ніна з мужам пражыла тры месяцы, дзе аформіла сабе пенсію.
«Пасля сын Міша уладкаваўся ў Беларусі і напісаў, каб мы прыязджалі да яго. Мы з мужам і прыехалі. Праўда, атрымлівалася так, што пастаянна каталіся на Украіну, бо там трэба было атрымліваць пенсію. І так ездзілі да красавіка мінулага года», — распавядае Ніна.
Пасля Ніна прыйшла ў міграцыйную службу і падала заяву на атрыманне пенсіі ў Беларусі. У выніку стала тут грошы атрымліваць. Таксама ёй з мужам далі від на жыхарства да 2057 года.
Неўзабаве ў Вышамір перабралася і дачка Ірына з сям’ёй. На Украіне засталіся яшчэ адна дачка і сын.
«А дом наш — ён стаіць пусты. Прыйшлі ДНРаўцы, пажылі там некаторы час і сышлі. Нехта выцягнуў адтуль і мэблю, і рэчы, і нават кацёл. Таму ехаць нам ужо няма куды. У мяне часта пытаюць, ці не шкада вам дома? Які дом, супакойцеся! — упэўнена кажа Ніна. — У мяне дзеці ўсе жывыя. І жывём разам. А гэтым пахваліцца можа далёка не кожны з нашага сяла».
Не магла прывыкнуць, што самалёт — гэта не ракета
Ірына, дачка Ніны, апошняя з сям’і Чапліных прыехала на Гомельшчыну. Яна жыла на ўскрайку Дэбальцава. За тыдзень да абстрэлу яе муж застаўся без працы: зачынілася прадпрыемства. Знаёмыя прапанавалі яму на будоўлю ў Маскву. Так Ірына засталася з дзіцём адна.
Жанчына працавала ў дзіцячым садку. Калі пачалася страляніна, дзяцей у садок вадзіць перасталі, а працаўнікам плацілі дзве траціны заробку. Выхавацелі хадзілі на працу па панядзелках і пятніцах — гэта была своеасаблівая праверка на тое, ці ўсе жывыя.
Ірына
Калі Ірына згадвала сваё жыццё там, то ў яе пачынаў дрыжаць голас. Збегаць хутка у краму, завезці сына за хатнім заданнем ў панядзелак у школу, адзначыцца самой — і хутчэй у склеп, бо зноўку пачаўся абстрэл.
«Сядзім мы неяк на двары, закручваем памідоры, — распавядае Ірына. — Раптам пачулі страляніну. Адразу спусціліся ў склеп. Толькі спусціліся, як сталі разрывацца міны. Не ведаю, колькі мы там прасядзелі. Калі выходзілі, было ўжо цёмна. У выніку, наш плот пасекла, выбіла шыбы, прадзіравіла дах».
Пасля новага года пайшлі чуткі, што заробкі жыхарам выплачваць ніхто не будзе. «Мы ж бюджэтнікі, — сумна сказала Ірына. — А хто будзе пралічваць бюджэт?». І Ірына вырашыла ехаць з сынам да мужа Леаніда ў Маскву. 21 лістапада 2015 года яны з’ехалі з Дэбальцава.
У Маскве Ірына з мужам знялі невялічкі дом каля Унукава. Таму чутны былі самалёты. Днём Ірына гэта разумела, а ноччу перыядычна ўскоквала, бо падавалася, што гэта не самалёты ляцяць, а ракеты.
Леанід рабіў рамонты ў кватэрах. Ірына ўладкавалася працаваць нянечкай.
Да таго часу брат Міхаіл ужо ўладкаваўся на Гомельшчыне, туды ж пераехала і іх мама. Таму Ірына з мужам вырашылі, што ім трэба быць усім разам. Пачакалі, пакуль у сына скончыцца навучальны год, і 31 мая 2015 года прыехалі ў Беларусь...
Ірына шчыра прызнаецца, што не ведае, як бы яны выжылі тут, калі б не дапамога людзей. Мэблю ім прывозілі людзі і з Рэчыцы, і з Гомеля.
«Мы вясковыя людзі, таму да працы нам не прывыкаць. Адразу ўзялі качачак, курак, трусікаў, козачак…» А цяпер у хлявах Ірыны стаіць і парася, і карова Марта.
Школа ў Вышаміры беларускамоўная. Таму сыну давялося асвойваць беларускую мову. Спачатку яму дазволілі адказваць па-руску, але зараз хлопец у школе ўжо перайшоў на беларускую мову. Настаўніца не так даўно сказала, што ён размаўляе па-беларуску лепш, чым астатнія пяць дзяўчынак у класе.
Леанід працуе ў калгасе. Ірына — настаўніца музыкі ў дзіцячым садку і школе. А яшчэ ходзіць у клуб, дзе спявае беларускія песні.
Зараз вялікая сям’я з Дэбальцава намагаецца пабудаваць новае жыццё. І не любіць разважаць пра тое, хто вінаваты ў тым, што на іх радзіме разрываюцца снарады, а яны вымушаны жыць у Беларусі. Кажуць, у кожнага сваё меркаванне. А тым часам недзе там на Данбасе стаіць у чаканні іх дом з выбітымі шыбамі і дзіравым дахам…