Сяргей Жадан: У цягніку я адчуваў, што трапіў ва Украіну напярэдадні вайны
Вядомы ўкраінскі літаратар Сяргей Жадан ужо трэці год прыязджае ў Беларусь на міжнародны паэтычным фестывалі памяці Міхася Стральцова. На сёння ён хіба самы перакладаны беларусамі ўкраінскі літаратар пасля Тараса Шаўчэнкі.
Напярэдадні фэсту ў серыі «Паэты планеты» выйшаў паэтычны зборнік вершаў Сяргея Жадана па-беларуску ў перакладах Андрэя Хадановіча. Па завяршэнні фэсту Сяргей Жадан адказаў на пытанні «Беларускага Радыё Рацыя».
— Ужо некалькі гадоў удзельнічаеце ў фестывалі «Вершы на асфальце». Чым адменты сёлетні фэст?
— Ён традыцыйна цудоўны, добра арганізаваны і з цікавымі паэтамі. Прыемна бачыць, што ў Беларусі выдаюцца новыя кнігі, з’яўляецца шмат перакладаў і людзі актыўна наведваюць гэтыя мерапрыемствы. Нічога экстраардынарнага я не пабачыў, ды гэта вельмі добра. Гэта той высокі ўзровень, які, спадзяюся, будзе і надалей.
Мяне ўразіў выступ Вальжыны Морт, я таксама прыдбаў і яе кніжку. Вельмі моцна. Вам пашчасціла, што ў вас ёсць такая паэтка.
— Што для вас найбольш запамінальнае падчас наведванняў Беларусі?
— Людзі — беларусы, мінчукі, з якімі я сустракаюся. Чаму? Таму, што гэта добрыя, таленавітыя, адкрытыя людзі, якія робяць сваю справу, сапраўды робяць шмат для сваёй краіны, мовы ды культуры. Я сюды вяртаюся да сяброў і вельмі люблю прыязджаць у Мінск.
На вялікі жаль, я не шмат паспяваю паблукаць па мінскіх вуліцах.
У мяне ўжо традыцыйна так выходзіць, што я прыязджаю на Стральцоўскі фэст — і вяртаючыся назад ва Украіну лаўлю сябе на думцы, што я вяртаюся з Беларусі дапісваючы новую кнігу. Так было ў 2015 годзе, калі я дапісваў «Жыццё Марыі», а ў пазамінулым годзе я дапісваў зборнік «Тампліеры». У гэтым годзе таксама дапісваю новую кнігу. Таму, у пэўным сэнсе, Беларусь прыносіць мне ўдачу.
— Як змены сітуацыі ва Украіне адбіваюцца на вашай творчасці?
— Тэму вайны немагчыма абмінуць, бо гэта, пэўна, самае важнае, што зараз адбываецца ва Украіне. Ад таго, як разгортваюцца падзеі на Данбасе залежыць будучыня і тых, хто ваюе, і тых, хто не ваюе, і тых, хто жыве на Данбасе, і тых, хто жыве на Галічыне.
Я заўважаю, як змянілася стаўленне многіх украінцаў да мовы. Гэта не азначае, што яны перайшлі на ўкраінскую, але тое, што яны з большай увагай і клопатам ставяцца да мовы — гэта відавочна. Самыя важныя змены адбываюцца ў свядомасці людзей.
— Якія трансфармацыі зараз адбываюцца ва ўкраінскім грамадстве?
— Мы ўсе сталі больш дарослымі і адказнымі. Мы з большай увагай ставімся да таго, што ў нас ёсць і гатовыя гэта бараніць. Усё мяняецца, і я веру, што гадоў пра 5-10 гэта будзе зусім іншая краіна. Сёння гэтага не бачна, шмат хто спяшаецца расчаравацца, крычаць, што ўсё прапала. Тое, што мы выстаялі ў 2013 годзе і знешняй агрэсіі не ўдалося знішчыць Украіну — гэта ўжо вялікае дасягненне і сведчанне вялікай сілы народа. Трэба рыхтавацца да працяглай працы і не расслабляцца.
І беларусам я таксама раю не расслабляцца. Калі я сеў у цягнік Кіеў—Менск, там ляжала беларуская газета. Я прагартаў яе — і было такое ўражанне, быццам патрапіў ва Украіну 2013 года. У мяне здалося, што гэтая газета выдаецца ў Расіі і яна пра гэтую краіну. Уся культурніцкая прастора там была з рускім кантэкстам. Нічога беларускага там не было. Гэта менавіта тое, што было ў нас напярэдадні вайны.
Мы ж таксама жылі да 2014 года і думалі: вось ёсць украінская культура, а вось — расейская. А пасля толькі ў параўнанні ты разумееш, наколькі расійскі культурны прадукт дамінуе, наколькі яны падмінаюць пад сябе прастору і рынак. Гэта выцясняе нацыянальную культуру. І, насамрэч, гэта і ёсць першы крок за страты самастойнасці і незалежнасці.
— Два дні запар ладзілі сумесныя чытанні арыгіналаў і перакладаў з Андрэем Хадановічам. Якія ўражанні? Ці падабаюцца як гучаць вашыя вершы па-беларуску?
— Гэта ўжо чацвёртая мая кніга, якая выходзіць па-беларуску. Я ў захапленні ад працы перакладчыка. Андрэй — проста віртуоз сваёй справы, і гэта вялікае шчасце — мець такога перакладчыка і працаваць разам з ім.
Увогуле, я чытаю па-беларуску. На фэсце прыдбаў сабе шмат розных сучасных аўтараў. Яшчэ для сябе адзначыў серыю «Паэты планеты» — у ёй выйшла шмат добрых перакладаў.
Купіў таксама пераклад Чарльза Букоўкі, бо сам зараз перакладаю яго і хачу выдаць кніжку — будзе цікава параўнаць з тым, што выйшла па-беларуску.
Сяргей Жадан распавёў, што бліжэйшым часам плануе зладзіць у Мінску паўнавартасны канцэрт разам з гуртом «Сабакі ў космасе» ды заклікаў беларускіх прыхільнікаў яго творчасці пільна сачыць за абвесткамі.
Алена
Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя