МУС пра паездку беларускіх дзяцей і неанацыста Мільчакова: Заняткаў не праводзіў, з дзецьмі не меў адносін
Беларускія дзеці на майскія святы ўдзельнічалі ў велікодных міжнародных моладзевых ваенна-патрыятычных зборах у Маскоўскай вобласці. Дадзенае мерапрыемства насіла характар адпачынку і «не можа разглядацца як вярбоўка, навучанне, фінансаванне альбо выкарыстанне наймітаў для ўдзелу ва ўзброеных канфліктах або ў ваенных дзеяннях». Так адказала беларускае МУС на петыцыю з патрабаваннем праверыць, чым займаліся беларускія дзеці ў расійскім ваенна-патрыятычным лагеры.
У дакуменце, падпісаным начальнікам Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй М. Карпянковым гаворыцца, што зборы, якія праходзілі ў Маскве і Маскоўскай вобласці, былі прысвечаны 75-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай Вайны і 100-годдзю Брусілаўскага прарыву. Арганізатарам паездкі беларускіх дзяцей стала грамадзянка Расійскай Федэрацыі, якая мае від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, жыхарка Віцебска Таццяна Гаўрыліна.
Дзейнічала Гаўрыліна як прыватная асоба, «імкнучыся разнастаіць вольны час і кругагляд» дзяцей. Паводле звестак МУС, прапановай скарысталіся пяцёра з 15 запрошаных школьнікаў.
Падчас паездкі дзеці пабывалі на рэпетыцыі параду Перамогі на Краснай плошчы ў Маскве, з экскурсіяй праехаліся па пушкінскіх месцах у расійскай сталіцы, а таксама спявалі песні ля вогнішча, удзельнічалі ў розных конкурсах, гулялі ў лазертаг.
«Мерапрыемствы, у якіх прынялі ўдзел беларускія дзеці, па сваім змесце і скіраванасці не мелі на мэце прыцягнення грамадзян Рэспублікі Беларусь для іх непасрэднага ўдзелу ў якіх-небудзь канкрэтных ваенных канфліктах, насілі вольнага часу характар і засноўваліся на святкаванні агульнапрызнаных гістарычных фактах ваеннага мінулага народаў Расіі і Беларусі», — указваюць у МУС, а таму «дзейнасць арганізатараў праведзенага мерапрыемства не можа разглядацца як вярбоўка, навучанне, фінансаванне альбо выкарыстанне наёмнікаў для ўдзелу ва ўзброеных канфліктах або ў ваенных дзеяннях».
Што тычыцца прысутнасці на гэтых зборах расійскага неанацыста Аляксея Мільчакова, то, як паведамляе МУС «указаны грамадзянін, са слоў апытаных, заняткаў не праводзіў і з беларускімі дзецьмі не меў кантактаў».
Дакладных звестак аб супрацьпраўных паводзінах Мільчакова ў Беларусі ці за яе межамі няма. Высновы пра тое, што ён прытрымліваецца экстрэмісцкіх поглядаў, зробленыя на падставе вывучэння яго асабістых старонак у сацыяльных сетках. «Дадзеная крыніца не можа быць аднесена да эфектыўных сродкаў распаўсюджвання супрацьпраўных ідэй і заклікаў з прычыны іх абмежаванасці ўздзеяння на шырокія пласты грамадства і адсутнасці безумоўнага аўтарытэту іх аўтара», — інфармуе МУС.
Паводле nn.by