МУС: 20 верасня падчас масавых мерапрыемстваў затрымана 442 чалавекі, з іх у Мінску — 266
Паводле лічбаў МУС, учора ў краіне зафіксавана 24 пратэстных акцыі з удзелам больш як 20 тысяч чалавек.
Як паведамляе прэс-сакратар ведамства Вольга Чамаданава, у розных кропках Мінска сабраліся грамадзяне, якія вылучыліся ў цэнтр горада. А 15:00 тысячная калона накіравалася ў бок стэлы «Мінск — горад-герой». У працэсе шэсця пратэстоўцы хаатычна перамяшчаліся па праспектах і вуліцах сталіцы, да іх далучаліся дадатковыя групы людзей. Паводле афіцыйнай прадстаўніцы МУС, у пікавы момант збору іх агульная колькасць дасягнула 18 тысяч чалавек. Каля 18.00 у раёне пл.Перамогі несанкцыянаваная акцыя завяршылася.
У паведамленні згадваецца, што ў Брэсце сілавікі ўжылі слезацечны газ, таксама быў выраблены адзін папераджальны стрэл у паветра святлашумавым патронам для стрымлівання напору мітынгоўцаў і прадухілення нападу на супрацоўнікаў.
Усяго ўчора за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах затрымана 442 грамадзяніна (з іх у Мінску — 266). Да разгляду ў судзе спраў па адміністрацыйных правапарушэннях ў месцы ўтрымання затрыманых змешчаныя 330 чалавек.
«З жалем даводзіцца канстатаваць, што пастаянныя ўгаворванні, просьбы і патрабаванні з нашага боку аб выкананні заканадаўства некаторыя грамадзяне ўпарта ігнаруюць. Гэта прыводзіць да цалкам відавочнага выніку: за ўдзел і арганізацыю незаконных зборышчаў парушальнікі прыцягваюцца як да адміністрацыйнай, так і да крымінальнай адказнасці.
У натоўпы пратэстуючых дарослыя бяздумна цягнуць малалетніх дзяцей.
Сорамна глядзець і на дзяўчат \ жанчын-актывістак, якія ашалела і з зачараваннем віскочуць сярод сабе падобных. Так і хочацца сказаць: "Паберажыце свае сілы для сем'яў, а калі такіх няма — то для іх стварэння"», — завяршыла сваё паведамленне Вольга Чамаданава.