Моладзь БНФ прапаноўвае не святкаваць Кастрычніцкую рэвалюцыю
Моладзь БНФ прапаноўвае адмяніць святкаванне Кастрычніцкай рэвалюцыі 7 лістапада і "не размяркоўваць ніякіх дзяржаўных сродкаў нават на мінімальныя выдаткі, звязаныя з гэтым ганебным перажыткам мінулага".
“Падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года, хаця і мелі ўскоснае дачыненне да гісторыі нашай краіны, але перадусім звязаныя з гісторыяй Расіі. 7 лістапада была заўсёды чужой датай для беларусаў, бальшавікі, якія захапілі ўладу ў Расіі ў гэты дзень, прынеслі нашаму народу толькі кроў, галечу ды пакуты, — адзначае ў заяве Моладзь БНФ. — Нават цяперашняя расейская ўлада, якая ёсць ідэйным спадкаемцам бальшавікоў, адмовілася ад святкавання, каб фармальна дыстанцыявацца ад злачынстваў бальшавікоў, а мы дагэтуль святкуем на дзяржаўным узроўні.
Мы лічым, што ў нашай гісторыі ёсць шмат іншых важных падзеяў, якія, на жаль, дагэтуль не адзначаюцца на дзяржаўным узроўні.
Прапануем увесці на дзяржаўным узроўні святкаванне 25 сакавіка і зрабіць гэты дзень выходным — дзень утварэння Беларускай Народнай Рэспублікі, важнейшай падзеі ў гісторыі нашай дзяржаўнасці.
7 лістапада прапануем не святкаваць, не рабіць гэты дзень выходным і не размяркоўваць ніякіх дзяржаўных сродкаў нават на мінімальныя выдаткі, звязаныя з гэтым ганебным перажыткам мінулага”.
Паводле moladz.info