Медыкі пра новыя надбаўкі: «Як костка сабаку!»

Сёння стала вядома, што Мінскі гарсавет зацвердзіў памеры штомесячных даплат работнікам сталічнай сістэмы аховы здароўя. У сярэднім надбаўкі павялічыліся на 46%. Аднак за гэтай лічбай стаяць даволі невялікія сумы.



czalaviek_pad_lupaj.jpg

Максімальную надбаўку — 1,04 млн рублёў — атрымалі хірургі і анестэзіёлагі-рэаніматолагі. Памер даплаты для доктара-спецыяліста і фельчара (выязджае самастойна) УАЗ «Гарадская станцыя хуткай медыцынскай дапамогі» устаноўлены ў памеры 585 000 рублёў. Найменшыя даплаты — 195 тысяч — атрымаюць сёстры-гаспадыні, малодшыя медсёстры па доглядзе за хворымі, санітаракі і няні.
Віталь Агеенка, адзін з каардынатараў пратэстаў сталічных медыкаў, паведаміў журналісту «НН», што медыкі незадаволены новымі тарыфамі.
«Пакуль супрацоўнік, які ратуе жыцці, будзе атрымліваць менш за грузчыка, прыбіральшчыка ці рознарабочага без адукацыі, мы не будзем задаволеныя! Вядома, такія рашэнні прымаюцца не за адзін дзень, аднак ніякіх зрухаў у плане павышэння акладаў мы не назіраем», — кажа Агеенка.
Паводле яго словаў, усе апытаныя медыкі скептычна паставіліся да рашэння Мінгарсавета дэпутатаў. «Адныя кажуць «нібыта сабаку костку кінулі», іншыя ўвогуле не бачаць, што адміністрацыя робіць крокі насустрач», — паведаміў ён.
Цяпер медыкі-пратэстоўцы чакаюць афіцыйнага адказа камісіі, створанай пры Камітэце па ахове здароўя Мінгарвыканкама — яго абяцалі даць праз 10 дзён пасля сустрэчы дэлегацыі медыкаў з мінскімі чыноўнікамі. Нагадаем, гэта сустрэча адбылася 8 студзеня.

nn.by