"Міжнародная амністыя": Урады ва ўсім свеце не выконваюць сваіх абавязацельстваў па абароне правоў сексменшасцяў
Урады ва ўсім свеце не выконваюць сваіх абавязацельстваў па абароне правоў лесбіянак, геяў, бісексуалаў, трансгендараў і інтэрсексуалаў (ЛГБТІ) — з такой заявай выступіў дырэктар па пытаннях права і палітыкі праваабарончай арганізацыі "Міжнародная амністыя" Майкл Бачэнек напярэдадні Міжнароднага дня барацьбы з гамафобіяй і трансфобіяй, які адзначаецца 17 мая.
"Хутка ў свеце пройдуць акцыі прадстаўнікоў ЛГБТІ, і ўрады ўсіх краін павінны прыкласці ўсе намаганні і выканаць свае абавязацельствы для таго, каб людзі маглі выказаць сваё меркаванне,
не апасаючыся насілля на глебе гамафобіі", — падкрэсліў Бачэнек.
"Апошнія прайды былі азмрочаныя забаронамі і нападамі — так далей працягваецца не можа. Дыскрымінацыя і абмежаванні правоў на свабоду сходаў і выказвання меркаванняў ускладняюць
жыццё прадстаўнікоў ЛГБТІ ва ўсім свеце", — дадаў праваабаронца.
"Абуральна, што ў 2014 годзе ўлады ва ўсім свеце не ў стане заканадаўча змагацца або расследаваць гамафобныя і трансфобныя злачынствы на глебе нянавісці. Яшчэ больш раздражняе той факт, што ў
многіх краінах прадстаўнікі ЛГБТІ самі зведваюць крымінальны пераслед і дзяржаўнае насілле", — заявіў Майкл Бачэнек.
"Кожны павінен мець магчымасць карыстацца правамі чалавека, не зведваючы дыскрымінацыі, у тым ліку на падставе сексуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці", — падкрэсліў
ён.
Сёлета "Міжнародная амністыя" збіраецца надаць "асаблівую ўвагу шэрагу краін, дзе патрабуюцца тэрміновыя перамены". Сярод такіх краін — Гаіці, Камерун, Расія,
Сербія, Уганда і Украіна.
Што да сітуацыі ў Беларусі, то, па ацэнцы прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці, пэўны ўзровень гамафобіі ў беларускім грамадстве прысутнічае, але найбольш відавочна гэта праяўляецца на высокім дзяржаўным
узроўні. Актывісты ЛГБТ-супольнасці таксама сцвярджаюць, што з кожным годам у Беларусі расце колькасць парушэнняў правоў прадстаўнікоў сексменшасцяў. Канкрэтныя факты такіх парушэнняў прадстаўлены ў
кнізе "Хронікі дыскрымінацыі і прыціскання ЛГБТ-супольнасці ў Беларусі ў 2008—2013 гадах", якая была прэзентаваная ў канцы мінулага года ў Мінску. На прэзентацыі адзначалася,
што Беларусь — адзіная краіна сярод дзяржаў Усходняга партнёрства і Расіі, дзе няма ніводнай зарэгістраванай ЛГБТ-арганізацыі.
БелаПАН