Мітрапаліт Павел лічыць натуральным атрыманне яго памочнікам адразу некалькіх узнагарод

Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел, патрыяршы экзарх усяе Беларусі лічыць натуральным факт атрымання яго памочнікам адразу некалькіх узнагарод за кароткі перыяд часу. Аб гэтым ён заявіў у гутарцы з журналістамі 22 студзеня.



mitrapalit_paviel_i_lukashenki.jpg

Нагадаем, інтэрнэт-СМІ нядаўна абмяркоўвалі хуткі кар'ерны рост асабістага сакратара мітрапаліта Паўла — 21-гадовага іерэя Дзімітрыя Варламава, які за 40 дзён быў узнагароджаны набедранікам, камілаўкай і нагрудным крыжам. Як паведаміла ў сваім блогу праваслаўная актывістка Наталля Васілевіч, з улікам нарматываў Рускай праваслаўнай царквы на атрыманне ўсіх гэтых узнагарод павінна было спатрэбіцца не менш чым дзевяць гадоў.
 

Паводле слоў мітрапаліта Паўла, і ў ваеннай, і ў грамадзянскай, і ў царкоўнай галінах "людзі часам атрымліваюць пазапланавыя ўзнагароды ў сувязі з прызначэннем на новую пасаду". "Што да майго асабістага сакратара, чамусьці не ўлічваюць папярэднія гады яго служэння. Ён са мной працуе больш за шэсць гадоў. Тое, што яму дадзена было ў апошні час, нікога не павінна бянтэжыць. Гэта нармальная з'ява ў нашым жыцці, тым больш у царкоўным", — сказаў ён.
 

Прадстаяцель БПЦ таксама адзначыў, што кіраўніком праваслаўнай царквы Чэшскіх зямель і Славакіі стаў звычайны святар. "Здзіўляцца не трэба, у гэтым трэба знаходзіць толькі добрае", — сказаў ён.
 

"Я вельмі часта кажу, што на нейкія плёткі не адказваю. Нікому язык не завяжаш. Кожны чалавек, калі бачыць у навакольных толькі кепскае, павінен падумаць аб сабе — можа быць, ён глядзіць скрозь азмрочаную прызму або акуляры. Я лічу, што ў кожным чалавеку трэба знаходзіць толькі добрае", — падкрэсліў мітрапаліт Павел.

Анастасія Салановіч, БелаПАН