Міністр аховы здароўя: Другая хваля каронавіруса пачне спадаць толькі да лета
Пра тое, што краіна дасягнула піка пнеўманій, 14 снежня заявіў Дзмітрый Піневіч, міністр аховы здароўя Беларусі. На жаль, паказчыкі пакуль дастаткова высокія.
"Для індыкацыі стану эпідэмічнага працэсу ў нашай краіне мы, як і ўсе, глядзім на колькасць хворых. Але гэта не з'яўляецца для нас асноўным індыкатарам. Ім усё ж з'яўляецца аналіз паступлення людзей з пнеўманіямі, асабліва звязанымі з кавідам. На шчасце, нашы прагнозы пакуль спраўджваюцца: ва ўсіх рэгіёнах мы выйшлі на пік. На жаль, паказчыкі досыць высокія, і мы думаем, што будзем на такіх лічбах як мінімум яшчэ паўтара месяца. Але вельмі важны факт — гэтыя пікі не настолькі высокія, наколькі маглі б быць", — цытуе БЕЛТА Піневіча.
Пры гэтым ён звярнуў увагу на тое, што, нягледзячы на высокую нагрузку на сістэму аховы здароўя з-за пандэміі, у краіне не перасталі аказваць спецыялізаваныя віды медыцынскай дапамогі.
"У нас не задзейнічаны ў адрозненне ад вясны (для лячэння хворых каронавірусам. — рэд.) ні адзін ложак анкалагічнага дыспансера, у поўнай меры працуе траўматалагічная служба, — сказаў міністр. — Была змененая маршрутызацыя аказання спецыялізаванай дапамогі ў амбулаторных умовах. Гэта значыць, яна была перанацэленая на буйныя цэнтры, якія ні ў якай меры не былі перапрафіляваныя пад інфекцыю".
Міністр заўважыў, што пандэмія не скончыцца заўтра: другая хваля пачне спадаць толькі да лета. "Як мінімум да чэрвеня мы будзем жыць з высокай інтэнсіўнасцю, пакуль штам не стане сезонным", — дадаў ён.