Мінфін не падтрымаў прапанову знізіць дзяржпошліну за апастыль

Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе міністэрства на петыцыю на сайце Petitions.by.

content_mid.jpg

Мінфін не падтрымаў прапанову знізіць кошт консульскага збору і дзяржаўнай пошліны за прастаўленне апастыля. 
Аўтары петыцыі цікавіліся прычынамі і эканамічным абгрунтаваннем павышэння памеру ставак за прастаўленне апастыля ў 10 разоў, а таксама прапанавалі Саўміну знізіць стаўку пошліны з 5 да 1 базавай велічыні (32 рублі).
Мінфін у сваім адказе на зварот грамадзян растлумачыў дзесяціразовы рост кошту прастаўлення апастыля ў Мінфіне «узрослай колькасцю зваротаў грамадзян, якія выязджаюць за межы тэрыторыі». Гэта, па версіі міністэрства, прывяло да росту затрат на адміністрацыйныя працэдуры.
Другая прычына рэзкага павелічэння консульскага збору і дзяржпошліны на прастаўленне апастыля — імкненне зраўняць умовы падаткаабкладання аказання паслугі на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі.
«Прапанова аб зніжэнні ставак консульскага збору і дзяржаўнай пошліны [за апастыль] Мінфінам не падтрымліваецца», — указана ў адказе міністэрства.
Нагадаем, 10 сакавіка ў Мінску перасталі прымаць дакументы на апастыль «у сувязі з тэхнічнымі непаладкамі, якія не залежаць ад галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама». Праз 11 дзён прыём дакументаў аднавілі, каля консульства выстраіліся вялікія чэргі. У той жа дзень паслуга падаражэла ў 10 разоў — за прастаўленне апастыля сталі плаціць 160 рублёў замест ранейшых 16.