Аляксандр Дзядок: «Мікола быў пад уздзеяннем моцнага гвалту, якім яны прымусілі яго казаць усякае глупства»

Міколу Дзядка, блогера, анархіста і палітычнага аналітыка, сёння дапыталі з удзелам адваката, паведамляе «Свабода».

0301de74_8492_4256_961d_74e4039142f8_w1023_r1_s.jpg

Бацька арыштаванага Аляксандр Дзядок распавёў Свабодзе, што адвакатка заявіла следчаму хадайніцтва аб правядзенні медагляду і экспертызы, паколькі яна пабачыла на ім цялесныя пашкоджанні. Само відэа, апублікаванае МУС, сведчыць аб пабоях сына, кажа Аляксандр Дзядок.

«Яго збілі самым жорсткім чынам, ён быў пад уздзеяннем моцнага гвалту, якім яны прымусілі яго казаць усякае глупства. Цяжка сказаць, наколькі гэтае збіццё пагражае стану ягонага здароўя, бо адвакат — не лекар, яна пабачыла сляды пабояў толькі на твары, больш яго ніхто не аглядаў. Пры гэтым ён сам сказаў адвакату, што яго моцна збілі».

Аляксандр Дзядок не выключае, што сам будзе падаваць скаргу на збіццё сына пры затрыманні, але сумняваецца, што гэта нешта дасць:

«У нашай краіне ніякіх легальных спосабаў дамагчыся праўды няма, усе чулі фразу «Не да закону», якая прагучала на самым версе».

«Яны — нахабныя злачынцы, якія дазваляюць сабе ўсё, што магчыма, паколькі ім гэта дазволена і ўказана зверху. Апрача таго, я перакананы, што гэтае відэа зроблена з прапагандысцкімі мэтамі, каб запалохаць іншых людзей і падавіць самога Мікалая — чалавека высокаадукаванага, які прафесійна займаецца паліталогіяй, блогера і журналіста. Які гаварыў адкрыта і сумленна аб тым, што адбываецца. Такім чынам яму хацелі заткнуць рот і прынізіць».

Абвінавачанні ў арганізацыі масавых беспарадкаў бацька Дзядка лічыць абсурдным: «Ні ў якіх арганізацыях ён не ўдзельнічаў, не браў удзелу ў падрыхтоўцы масавых акцый, гэта спробы прыцягнуць за вушы... Але тыя, хто яго затрымаў, здольныя на любую хлусню і фальсіфікацыі».


Тэлеграм-канал Міністэрства ўнутраных 12 лістапада спраў паведаміў, што супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй затрымалі 32-гадовага Міколу Дзядка. На відэа, якое распаўсюдзіла МУС, Мікола Дзядок выглядае моцна збітым, на твары ў яго пашкоджанні.