«Мігранты Лукашэнкі». На літоўскай мяжы чарговыя рэкорды
Літоўскія памежнікі спынілі і завярнулі на мяжы з Беларуссю 122 чалавекі, якія спрабавалі нелегальна трапіць да іх у краіну.
Гэта самая вялікая колькасць мігрантаў з 20 верасня, калі на мяжы за суткі злавілі і развярнулі 135 чалавек. Больш было толькі ў лістападзе 2021 года — 144 чалавекі, паведамляе LRT.
За папярэднія суткі літоўскія памежнікі не заўважылі ніводнай спробы незаконна перайсці мяжу, а ў аўторак, 4 кастрычніка, паведамлялі пра 91 чалавека.
Усяго з пачатку года мяжу Беларусі з Літвой спрабавалі перасекчы блізу 8800 чалавек, а са жніўня 2021 года, калі Літва юрыдычна дазволіла заварочваць мігрантаў на пункты пропуску і не прымаць заяўкі аб прытулку «ў лясах» — больш за 16,8 тысяч, якія ўключаюць у тым ліку паўторныя спробы адных і тых жа людзей.
У літоўскай памежнай службе сцвярджаюць, што беларускія чыноўнікі дагэтуль актыўна спрыяюць нелегальнай міграцыі ў Літву праз тэрыторыю Беларусі.
Еўрапейскія краіны, што мяжуюць з Беларуссю, лічаць, што з лета 2022 года беларускі рэжым пасадзейнічаў чарговаму гібрыднаму міграцыйнаму крызісу на іх межах, спрыяючы прыбыццю на мяжу людзей з Афрыкі і Блізкага Усходу, якія спрабуюць патрапіць у Еўрасаюз.
Краіны Балтыі лічаць, што гэта помста за жорсткую пазіцыю ў дачыненні да рэпрэсій супраць беларускай грамадзянскай супольнасці. З зімы 2021 года інтэнсіўнасць такіх спроб істотна знізілася, але перыядычна фіксуюць новыя масавыя хвалі. Літва і Польшча пасля гэтага збудавалі загароду на мяжы з Беларуссю.
Нагадаем, як пісаў «НЧ», вялікая група мігрантаў у верасні захрасла паміж беларускай і польскай межамі. Польскія СМІ пішуць, што ўсе мігранты скарысталіся «беларускай візавай прапановай» з абяцанай магчымасцю перасячэння мяжы Еўрасаюза без якіх-небудзь праблем. «Гэтая практыка дыктатара Лукашэнкі працягваецца ўжо больш за год, а Беларусь дагэтуль збірае грошы з уцекачоў, ставячы пад пагрозу іх здароўе і жыццё», — адзначаюць польскія журналісты.
Паводле www.eurointegration.com.ua