Марзалюк прапанаваў ініцыяваць законапраект, каб дадаць беларускую мову ў АРІП

Такую прапанову старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі культуры і навуцы выказаў у сваім адказе на петыцыю за стварэнне беларускамоўнай версіі сістэмы плацяжоў АРІП.

Ігар Марзалюк. Фота БелТА

Ігар Марзалюк. Фота БелТА

Нагадаем, аўтары петыцыі звярталі ўвагу на адсутнасць магчымасці доступу беларускамоўных грамадзян да паслуг Адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы Рэспублікі Беларусь (АРІП) на дзяржаўнай беларускай мове. Яны лічаць необходным, каб механізм рэалізацыі канстытуцыйнага права на свабодны выбар дзяржаўнай мовы зносінаў пры атрыманні фінансавых паслуг быў урэгуляваны на заканадаўчым узроўні.
Таму стваральнікі звароту накіравалі яго ў Савет Міністраў і Палату прадстаўнікоў.
Неўзабаве прыйшоў адказ ад імя старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі культуры і навуцы Ігара Марзалюка. «Паколькі заканадаўства Рэспублікі Беларусь не ўстанаўлівае ніякіх абмежаванняў для адной дзяржаўнай мовы і прывілей для іншай, мяркуем, што прававыя падставы для рэалізацыі выкладзеных у звароце прапаноў адсутнічаюць», — гаворыцца ў адказе.

Таксама паведамляецца, што ў адпаведнасці з Канстытуцыяй права заканадаўчай ініцыятывы належыць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, Савету Рэспублікі, Ураду, а таксама грамадзянам, якія валодаюць выбарчым правам, у колькасці не менш за 50 тысяч чалавек.
«Такім чынам, Вы можаце ініцыяваць пытанне аб унясенні змяненняў у Закон “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”, падрыхтаваўшы адпаведны законапраект і заручыўшыся падтрымкай грамадзян», — дадае Марзалюк.
Апроч гэтага, адказ на петыцыю прыйшоў з Нацбанка. У ім зазначаецца, што нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі самастойна вызначаюць парадак забеспячэння магчымасці абслугоўвання кліентаў на беларускай і (або) рускай мовах. Адпаведныя рашэнні прымаюцца зыходзячы з арганізацыйных, фінансавых і тэхнічных магчымасцей.
Раней Нацыянальны банк накіроўваў на адрас Асацыяцыі беларускіх банкаў рэкамендацыю разгледзець магчымасць дапрацоўкі інтэрфейса праграмнага забеспячэння, які выкарыстоўваецца ў банкаматах, інфакіёсках, мабільнага банкінгу і інтэрнэт-банкінгу з мэтай адлюстравання адпаведнай інфармацыі, у тым ліку на беларускай мове, а таксама разгледзець магчымасць забеспячэння работы беларускамоўнай версіі афіцыйных сайтаў нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый і афармлення па патрабаванні кліента на беларускай мове звязаных з банкаўскім абслугоўваннем дакументаў.
Намеснік старшыні праўлення Нацбанка Дзмітрый Калечыц запэўнівае, што «на дадзены момант банкаўскай супольнасцю прыняты шэраг мер па павышэнні даступнасці банкаўскіх паслуг для беларускамоўных грамадзян і плануецца ўдасканаленне фінансавай інфраструктуры ў перспектыве з улікам таго, што на абнаўленне праграмнага забеспячэння патрабуюцца вялікія матэрыяльныя і часовыя выдаткі».
У чэрвені гэтага года на адрас Савета Міністраў Нацыянальны банк накіраваў прапанову аб прыняцці рэгулятыўных мер, накіраваных на прадстаўленне суб'ектамі гаспадарання ў ААТ «Нябанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя “АРІП“» і ў банкі краіны інфармацыі пра сябе і паслугі, якія яны прадастаўляюць, адначасова на рускай і беларускай мовах. Пры гэтым банкаўская супольнасць краіны гатова ўдасканальваць праграмна-тэхнічную інфраструктуру ў частцы выкарыстання двухмоўнай версіі.