Марат Гаравы: Трэба людзям паказваць праўду

Выстава «Праўда пра Курапаты» павінна хутка адкрыцца ў мінскім Палацы мастацтваў. Гэта ўжо другі раз, калі на галоўнай мастацкай пляцоўцы краіны будзе паказана экспазіцыя аб гэтым месцы масавых расстрэлаў пад Мінскам у сталінскія часы.

gi_23142_116179_big.jpg


Пра асаблівасці цяперашняй выставы журналісту «Радыё Рацыя» Генадзю Барбарычу распавёў яе арганізатар, гісторык, актывіст грамадскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» Марат Гаравы.

— Гэта выстава другая. Першая была напрыканцы 2015 года. Гэтая ж адкрываецца 22 лютага, а 18-й гадзіне і будзе доўжыцца цэлы тыдзень. Пры яе падрыхтоўцы былі, як звычайна ў нас апошнімі гадамі, і цяжкасці, і праблемы. Пытанні былі менавіта з пляцоўкай. Але зараз яны вырашаны. Будзем спадзявацца, што выстава адкрыецца без усялякіх праблемаў.

Гэтая новая выстава, думаю, будзе не менш цікавая, чым першая, на якую за некалькі дзён прыйшло больш чым 2 тысячы наведнікаў.

Чаму цікавая? Таму што знайшліся новыя факты, якія менавіта адпавядаюць канцэпцыі гэтай выставы.

Мы шукаем праўду, мы шукаем тое, што невядома грамадству. Можа яно вядома чыноўніцтву ці спецслужбам, але грамадству невядома. Таму мы шукаем тое, што вядома пра тыя даўнія падзеі.

І ўсё ж такі, дзякуючы народнай памяці, вядома шмат. Таму што мы не маем крыніцаў, — ні пісьмовых, ні выяўленчых, ні дакументальных, якія, як мы мяркуем, знаходзяцца ў дзяржаўных сховішчах. Таму мы карыстаемся народнай памяццю. І слава богу, наш народ яе захоўвае і перадае. І дзякуючы гэтым крыніцам, мы атрымалі новыя факты і новыя звесткі.

— Якія напрыклад, гэтыя звесткі, можаце распавесці?

— Мы ўжо ведаем дакладна, адкуль прыйшла назва Курапаты. У нас ёсць тры крыніцы, якія пацвярджаюць адна адну. Яны сведчаць пра тое, што Курапатамі называўся пагорак, які знаходзіцца на паўночна-ўсходнім баку цяперашніх Курапатаў. Гэты пагорак называўся Курапатамі да вайны. Ён не ўваходзіў у Брод, у гэты асноўны лясны масіў, які зараз называецца Курапатамі.

Пасля вайны пагорак быў засаджаны лесам і зліўся з месцам, якое зараз называецца Курапатамі ў адзін масіў. Вось так і з’явілася назва ўсяго гэтага гістарычнага трагедыйнага месца, знакам бяды беларускага народу.

Гістарычная тапаграфія тых часоў таксама адноўлена. Атрыманыя новыя звесткі, якія тычацца абароны Курапатаў. Так, нам стала вядома імя Лідзіі Яцук, рабочай саўгаса «Зялёны Луг», якая пасля вайны адважна паднялася ў абарону Курапатаў, якую начальства і тады ўжо хацела проста спляжыць. Ну і шмат чаго іншага.

Я думаю, на выставе людзям будзе цікава паглядзець, паслухаць. Паглядзець цікавыя здымкі, паглядзець жыццё вёсак, якія атачалі Курапаты той пары. Паглядзець на твары сведкаў, якія памятаюць аб тых падзеях.


— Вы апытвалі жыхароў тых вёсак, якія побач з гэтым урочышчам. Няўжо нехта памятае, што там было ў 30-х гадах мінулага стагоддзя? Народная памяць захоўвае звесткі пра тыя часы?

— Безумоўна, людзі шмат чаго памятаюць. Вось усё тое, пра што я сказаў. Нават, якім быў плот таго часу, які атачаў расстрэльны палігон НКУС у Курапатах. У выніку апытання нам стала дэталёва вядома, і якім быў плот, з якіх дошак, і якімі былі вароты, і дзе яны знаходзіліся.

Калі скласці ўсе сведчанні людзей — і ранейшыя, і тыя, якія мы знайшлі зараз, то ўзнікае карціна і гэтага месца, і жыцця вёскі ў тыя гады. Таму трэба прыйсці на выставу і паслухаць, — усяго не распавядзеш.

— Тыя дакументальныя запісы, якія вы рабілі ў вёсках вакол Курапатаў, будуць выкарыстаны падчас выставы.

— Канешне. І гэтыя запісы будуць выкарыстаныя, і фотаздымкі, схемы. Прычым унікальныя здымкі, якія ўпершыню ўводзяцца ў абарот, унікальныя звесткі — гэта ўсё будзе.

— Выстава адкрываецца ў такія часы, калі ў той жа Расіі ставяцца помнікі Сталіну, з’яўляюцца музеі ў гонар супрацоўнікаў НКВД, якія расстрэльвалі. А тых, каго расстрэльвалі, стараюцца забыць. У Беларусі ёсць «лінія Сталіна», разрэкламаваная, раскручаная, пра якую ведаюць амаль усе. А вось колькі ведае пра Курапаты? — На жаль, няшмат.

— Афіцыйная ідэалогія робіць сваё. А мы, людзі, якія разумеем трагедыю мінулага і яе ролю ў сучасным жыцці, мы павінны супрацьстаяць гэтаму. І мы супрацьстаім вось менавіта такім чынам.

Трэба людзям паказваць праўду. Чалавеку ж не загадаеш. Сёння яму не скажаш: Сталін — вось такі, Ленін — такі, а ахвяры — такія. Чалавек сам павінен разабрацца. Разумееце? І каб чалавек разабраўся, яму трэба даць мажлівасць параўнаць. Даць мажлівасць паглядзець розныя крыніцы.

Чытайце таксама:

Жах і забыццё Курапатаў



Нашая ініцыятыва «Эксперты ў абарону Курапатаў» якраз і створана, каб супрацьстаяць гэтаму наплыву былога. Каб распаўсюдзіць праўдзівую інфармацыю пра Курапаты, каб людзі задумаліся, асэнсавалі трагедыю, якая адбылася. І галоўнае, каб людзі пачалі працаваць над сабой.

Гэта вялікая, доўгая праца, праца пераасэнсавання сабе самога ў жыцці, у гісторыі. Яна вядзе да пакаяння, яна робіць чалавека іншым. У выніку гэтай працы чалавек змяняецца, ён пачынае бачыць прычыны сваіх праблем не ў іншых, а ў сябе. Ён пачынае па іншаму бачыць дзяржаву, — не як інструмент гвалту, а як орган, які павінен дапамагаць людзям ў цяжкія моманты. Ён сам становіцца больш дзейсным, больш актыўным чалавекам, у якога больш здаровага сэнсу і шырокага погляду на свет. Менавіта такія людзі і мяняюць краіну.

Таму нашыя задачы — доўгатэрміновыя. І накіраваныя на тоё, каб дапамагчы нашым грамадзянам стаць сапраўды вольнымі людзьмі ў вольнай Беларусі, — кажа Марат Гаравы.

Гутарыў Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя