«Мама, мне вельмі сорамна, што я тут». Маці Дзмітрыя Гопты сустрэлася з сынам у калоніі

Маці палітвязня, асуджанага да двух гадоў калоніі, Дзмітрыя Гопты атрымала першае пасля СІЗА спатканне з сынам, які адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №3 у Віцьбе.

Дзмітрый Гопта ў судзе.

Дзмітрый Гопта ў судзе.

Дзмітрыю Гопту — 21 год, ён мае псіхічнае захворванне, звязанае са значным парушэннем паводзін, якое патрабуе догляду і лячэння, з-за гэтага мае разумовую адсталасць. Аднак гэта не перашкодзіла суду Жлобінскага раёна абвінаваціць яго адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. і ў гвалце альбо пагрозе ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў.

Экспертыза вырашыла, што, нягледзячы на праблемы ў паводзінах, хлопец можа адказваць за свае дзеянні. Хаця, напраўду, ён нават працаваць не можа, паколькі не заўсёды разумее, што дакладна ад яго патрабуецца.

5 лютага хлопца асудзілі на 2 гады калоніі агульнага рэжыму, а 9 лютага беларускай праваабарончай супольнасцю ён быў прызнаны палітычным зняволеным. 

gopta_maci.jpg

Гэты прысуд меў шырокі розгалас у грамадстве: амаль тры тысячы подпісаў беларусы сабралі пад петыцыяй аб вызваленні Дзмітрыя.

Чаму так? З-за спецыфікі разумовага развіцця падчас следства Дзмітрый злякаўся і прымаў за чыстую манету перакананні следчага, што калі прызнаецца ў кіданні каменя ў сілавікоў, то яму нічога не будзе. Ён паверыў і на судзе як мантру паўтараў гэтыя словы: «Я кідаў, але я не ведаю, патрапіў ці не патрапіў».

Але калі яго пачыналі дапытваць, у якім месцы гэта здарылася, ён называў розныя месцы горада.

26 траўня Вольга Гопта ўбачылася з сынам у Віцьбе.

Першае ўражанне маці — Дзмітрый выглядае больш дарослым, чым раней, больш сур’ёзным. Тым не меней, пры размове час ад часу на твары сына праступалі слёзы. Ён дагэтуль не можа зразумець, чаму ён патрапіў у зняволенне.

«Мама, мне вельмі сорамна, што я тут. Я не разумею, за што я тут сяджу. Калі мяне забралі, следчы сказаў, што мы ўсё пра цябе ведаем, цябе там бачылі і калі ты прызнаешся — табе нічога не будзе».

І вось гэтае «нічога не будзе» каштавала юнаку двух гадоў калоніі.

— Сын распавядаў, што самым цяжкім і страшным для яго быў этап. У вагоне перавозілі ўвесь час у кайданках, рукі скаваныя за спінай, а перад пасадкай у аўтазак ён быў апрануў куртку. У аўтазаку было душна і горача, аднак з-за кайданкоў ахоўнікі забаранілі яму распрануцца. Дзіма кажа, што нават кіраўніцтва калоніі само не разумее, як ён мог патрапіць сюды, — распавядае маці пра свае ўражанні ад сустрэчы з сынам.

«У нашым атрадзе ёсць дзядуля, які амаль нічога не бачыць»

Дзмітрый казаў маці, што ў калоніі шмат пажылых людзей, яны кепска ходзяць, некаторыя кепска бачаць, а некаторыя нават на прагулку выйсці не могуць. Ён усіх іх шкадуе, бо па жыцці такі добры. А яшчэ казаў, што ў СІЗА «злы дзядзька» з яго кпіў і гаварыў, што яго ніхто не любіць, нават бацькі, што ён нікому не патрэбны і яму ніхто не піша.

Сапраўды, у СІЗА Гопту лістоў не аддавалі, а калі пераводзілі ў калонію — аддалі цэлы пачак лістоў. 

gopta_list.jpg

Яшчэ ў СІЗА яму прыслалі бандэроллю ў падарунак маленькага цацачнага мядзведзіка. Пра гэта толькі сказалі, але сам падарунак не перадалі. Толькі калі прыбыў у калонію — змог атрымаць мядзведзіка.

На спатканні ён, плачучы, пытаўся ў маці, ці сапраўды яна яго не любіць і ён нікому не патрэбны.

«Відаць, ён не разумее, што яго падтрымліваем усе мы. Магчыма, там інфармацыйны вакуум і сын не ведае, што робіцца на волі», — распавядае Вольга.

Таксама маці распавяла, што ў калоніі Дзмітрый працуе на швейнай вытворчасці, абразае ніткі. Праца ў дзве змены, таму часам сын пакуль не высыпаецца.

Падтрымайце палітвязня Дзмітрыя Гопту лістом або паштоўкай!

Адрас: Папраўчая калонія №3, 211 322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба.

spring96.org