Магілёўцы прапанавалі адмяніць прэзідэнцкія выбары: каб парламент сам пераабраў Лукашэнку
Больш за сто жыхароў Магілёва звярнуліся да палаты прадстаўнікоў з просьбай у мэтах эканоміі бюджэтных сродкаў правесці прэзідэнцкія выбары 2015 самастойна.
«У сувязі з тым, што «коней на пераправе не мяняюць» і каб не было як ва Украіне, а таксама для выканання перадвыбарчых абяцанняў прэзідэнта ў 1994 годзе — аб
вяртанні абясцэненых укладаў падманутым укладчыкам, просім вас мадэрнізаваць выбары 2015 года.
Для эканоміі народных сродкаў абраць прэзідэнта РБ дэпутатамі ПП НС РБ пад самым жорсткім кантролем Адміністрацыі прэзідэнта РБ», — гаворыцца ў звароце, ініцыятарам якога
выступіў актывіст Незалежнага прафсаюза РЭП Аляксей Паўлоўскі.
На думку падпісантаў, правядзенне выбараў такім чынам дазволіць захаваць 100 мільярдаў рублёў і вярнуць іх «у першую чаргу укладчыкам сталага ўзросту».
БелаПАН