Стваральнік сайта 1863x.com: «Мы крытыкуем усіх, каб зламаць звыклыя рамкі»
Прадстаўнік блогу 1863x.com пад нікам John Silver распавёў, навошта яны прыйшлі ў беларускі інтэрнэт.
Ананімны рэсурс 1863x.com, які пазіцыянуе сябе як «беларускі палітычны панк-рок», за паўтара месяцы неаднойчы вырываўся на старонкі традыцыйнай
прэсы. Стартавалі з выкрыцця колішняга лідара «маўклівай рэвалюцыі» Вячаслава Дзіянава, які ў выніку правакацыі аўтараў сайту
пагадзіўся на супрацу з прапуцінскімі паліттэхнолагамі. Нядаўна аператыўна адрэагавалі на мінскі канцэрт Івана Ахлабысціна артыкулам пад назвай «Охлобыстиным здесь не место». Вядомасці рэсурсу спрыяюць нясумныя тэксты, просталінейная пазіцыя і, галоўнае, ананімнасць яго
стваральнікаў.
Пра імпатэнцыю беларускай апазіцыі, Жалезнага чалавека і Статкевіча як адзінага кандыдата чытайце ў інтэрвію 1863x.com Радыё Свабода:
— З якой мэтай адкрываўся рэсурс і якімі сіламі робіцца? Звычайна пад выбары такія яскравыя праекты з'яўляюцца і хутка знікаюць. Як доўга вы плануеце
праіснаваць?
— Праект робіцца сіламі аднаго чалавека, які спрабуе выкройваць час паміж працай і побытам. Іншым разам прысылаюць тэксты неабыякавыя людзі, якія мы з радасьцю публікуем. Мы плануем
існаваць доўга, пакуль ад нас будзе істотная карысць. Калі карысць вынішчыцца ці мы станем нікому не патрэбныя, праект найхутчэй закрыецца. Ці пяройдзе ў іншыя, больш таленавітыя рукі.
Наконт асобаў стваральнікаў — сакрэт. Важней, што мы пішам, а не хто. Ну натуральна, што калі будуць думаць, што мы чыйсці праект (КДБ, ОАЦ, ЦСБ) — гэта нармальна і
разумна.
— Што б вы не пісалі і не рабілі ў Беларусі, адна з першых рэакцый будзе «чаму не па-беларуску», а калі па-беларуску, абавязкова нехта напіша, што
«так па-беларуску не кажуць». Чаму вы не па-беларуску?
— Мы ставім на першае месца эфектыўнае прасоўванне пэўных ідэяў у грамадстве. Таму расійская мова абраная як самы зручны сродак. Плюс мы ідзем на крок наперадзе нашых ворагаў —
хай прадстаўнікі «русского мира» паспрабуюць давесці, што беларускія нацыяналісты супраць расійскай мовы. Мы зрываем шаблоны, бо грамадская думка ў Беларусі дзіка закасцянелая і
нерухомая.
— Які ваш прагноз на прэзідэнцкую кампанію і выбары? Які сцэнар абярэ ўлада? Што па-вашаму трэба зрабіць палітычнай апазіцыі, грамадзянскай супольнасці, людзям?
— Прагнозы рабіць цяжка, бо кампанія будзе цалкам залежаць ад падзеяў ва Украіне і Расіі. Калі, крый божа, вайна — гэта адзін сцэнар. Калі абрынецца эканоміка Расіі, а за ёй
наша — гэта другі сцэнар. І так далей. Але мяркуючы па цяперашніх падзеях, плануецца самая сумная і бяздарная кампанія, у якой мы заклікаем не ўдзельнічаць. Палітычнай
«апазіцыі» трэба проста сумленна ўстаць і сказаць — «хлопцы, мы канчаткова вырадзіліся і сталі імпатэнтамі. Бярыце палітычныя працэсы ў свае рукі». Замест
гэтага яны па-ранейшаму выяўляюць бурную актыўнасць, калі хочуць за паўгады да выбараў «аб’яднацца». Няхай пачытаюць банальныя паліталагіныя і гістарычныя падручнікі і
даведаюцца, што да выбараў рыхтуюцца за два гады мінімум.
Грамадзянскай супольнасці трэба быць гнуткай і навучыцца хітраваць. Калі ўсё будзе ісці па накатаннай сцежцы, трэба цалкам ігнараваць выбарчую кампанію і скіраваць энэргію ў культурныя і
сацыяльныя праекты. Так мы захаваем людзей, атрымаем добры арганізацыйны досвед, праявім новых лідараў і пазбегнем чарговых пасадак.
— Якога кандыдата вы падтрымалі б на выбарах і якую б кампанію яму арганізавалі?
— Наш кандыдат на выбарах Беларусі — Жалезны Чалавек (Тоні Старк). Ягоныя мільярды, тэхналогіі і бронекасцюм вырашаць усе праблемы. А калі без жартаў, у цяпершняй палітычнай
сістэме патрэбны не кандыдат у прэзідэнты, а нацыянальны лідэр, як Гавэл, Валенса і іншыя. Нам патрэбны чалавек, які каталізуе нацыянальнае і грамадскае выспяванне. На дадзены момант найлепшая ідэя
— аб’яднацца вакол Мікалая Статкевіча, які пакутуе за ўсіх нас.
— Вас абвінавачваюць у неаапрадаўнай ананімнасці. Інсайду пакуль у вас не было, як у Шалтая-Балтая, а іншыя рэсурсы, з якімі вас параўноўваюць,
кшталту Спутник и Погром і Пётр и Мазепа сваіх імёнаў не хаваюць. Чаму вы хаваецеся?
— Мы прапаноўваем тым, хто нас абвінавачвае ў ананімнасці, ствараць свае праекты, як ім хочацца. Ананімнасць дае больш свабоды і развівае фантазію ў чытачоў. А гэта частка арт-праекту,
і ад яе пазбаўляцца не будзем. Усім крытыкам прапануем адно выйсце — рабіцеся нашымі медыйнымі канкурэнтамі і абыходзьце нас.
— Патлумчце, калі ласка, сваю ўвагу да Вячаслава Дзіянава. Ці ведаеце вы яго асабіста? Ці не думаеце, што ваш артыкул зрабіў з бяскрыўднага беларускага ўцекача і малапапулярнага
фэйсбучнага актывіста, патэнцыйнага правадыра «русского міра» ў Беларусі?
— Дзіянава мы асабіста не ведаем. Проста хацелі яму паказаць, што бывае са здраднікамі. Ён узначальваў пратэсты ў 2011-м годзе, з-за якіх пацярпела мноства людзей. Не будзе ён ніякім
правадыром «русского мира» — мы проста выбілі яго за межы палітычнага поля. «Расчахлілі», як кажуць. Паглядзіце, як ён стаў пісаць у фэйсбуку —
Ігар Гіркін праслязіўся бы разам са Сталіным. Праз 2-3 месяцы пра яго ніхто не згадае.
— Як вы выбіраеце, хто стане наступнай ахвярай?
— Мы не стваралі сайт для таго, каб вось наўпрост на некага паляваць. Узнікла ідэя паказаць прадажнасць палітыкаў — палітычны розыгрыш найбольш зручны. Калі трэба распавесці
пра небяспеку рашысцкіх груповак — міні-ўкараненне праз кантакт таксама зручна. Вось і ўсё.
— А што з хлопцамі, якіх вы правакавалі Вконтакте? Яны ведаюць пра тое, што сталі героямі вашых артыкулаў?
— З тым хлапцом, што ўдзельнічаў у казацкім атрадзе, мы дагэтуль камунікуем. Ён аказаўся вельмі прыемным маладым чалавекам, адкрытым да
розных меркаванняў. Можа, нават нашым аўтарам стане. А другі хлапец нічога не ведае, напэўна, не вельмі актыўна чытае навіны.
— Пра вас яўна больш пішуць і звяртаюць увагу на вашыя артыкулы, аўдыторыя сайта павялічыліся?
— Калі шчыра, мы вось так проста не сядзім каля лічыльнікаў, але ў сярэднім паступова расце. Скандальныя навіны прыводзяць шмат народу, але часта мы самае важнае пішам у
тэкстах, якія мала чытаюцца.
— Вам пагражаюць?
— Пагрозаў пакуль не было. Ды мы і не робім таго, што камусці па-сапраўднаму шкодзіць. Мы можам быць карысныя і адначасова шкодныя любой частцы грамадства. А супрацоўніцтва
прапаноўваюць — людзі дасылаюць свае тэксты ці проста паведамляюць пэўную інфармацыю.
— Вамі ўжо цікавіліся?
— Органы намі пакуль не цікавіліся, але хтосці ўвесь час робіць дэбільныя спробы звесці нашую пошту.
— Вы крытыкуеце ўсіх: і апазіцыю, і ўладу, і беларускі «Русскій мір», але не прапаноўваеце нічога канкрэтнага ўзамен. Кожны з бакоў можа выкарыстаць вашыя
артыкулы для сваёй выгоды: ўлада можа сказаць: «Як пісаў 1863x.com, беларуская апазіцыя займаецца толькі расьпілам грантаў»... А каго вы насамрэч падтрымліваеце?
— Мы крытыкуем усіх, каб зламаць звыклыя рамкі і шаблоны, трошкі расштурхаць народ, які засядзеўся. Вы будзеце смяяцца, але ў нас хапае матэрыялу пра будучыню Беларусі. Мы
проста чакаем зручнага моманту, калі сфармуецца пастаянная аўдыторыя. Дый часу не хапае, каб сесці і па 10 гадзінаў пісаць адзін артыкул. Але ўсё будзе.
Падтрымліваем мы ўсіх, хто падтрымлівае дабро, любоў, мір, сяброўства і жуйку. Што да ідэалогіі — мы ліберальныя нацыянал-дэмакраты. Але ідэалогіі ствараюць спакусу для закасцянення. А
ў 21-м стагоддзі розум трэба трымаць адкрытым.
svaboda.org