Маці Ігара Салаўя верыць у перамогу і не верыць у беларускі суд

Ігар Салавей, палітзняволены, актывіст Руху «За Свабоду» з Пінска, — хіба  адзіны з прадстаўнікоў «традыцыйнай апазіцыі», затрыманы па справе аб «масавых беспарадках» 9 жніўня. За кратамі — з верасня 2020 года. Яго затрымалі 3 верасня ў сваёй кватэры. З Марыяй Салавей мы паразмаўлялі пра тое, што яна думае, чаго чакае ад суда і як падтрымлівае сына.

dsc07812_logo.jpg


«Настрой у Ігара — баявы»

Каля дзвярэй кватэры ў Пінску нас сустракае маці Ігара Марыя Салавей. Жанчына з гонарам паказвае кветкі — іх ёй перадалі да 8 сакавіка віцебскія валанцёры. «Вясна прыйшла! Хутка ўсё будзе добра! З любоўю з Віцебска», — сказана на паштоўцы да букета.
«Пасля таго, як Ігар трапіў у турму... Як маё жыццё змянілася? Я стала больш часу выдаткоўваць на перапіску. Пішу яму лісты, пасля працы еду адпраўляць іх на цэнтральную пошту, каб ён на наступны дзень ужо мог іх атрымаць. У паштовую скрыню баюся кідаць: мо, не дастануць і не адправяць. Раз на два-тры тыдні ездзім у Баранавічы, перадачы яму адвозім. Пераводы перасылаю», — распавядае яна.
У нейкі момант яна замаўкае і моцна заплючшвае вочы, відавочна, спрабуе стрымаць слёзы. «Настрой у мяне кепскі», — кажа, але тут жа стрымліваецца і прыгадвае добрае: сустрэчу з сынам.
«У лютым мела спатканне з Ігарам. Абодва засталіся задаволеныя, сын выглядае добра, дзякуй Богу. Не схуднеў, настрой добры. Я прасіла перад гэтым пра спатканні ў следчага, але мне адмаўлялі, а цяпер, перад адпраўкай у Баранавічы, дазволілі. Іх у пятніцу павезлі, а мы паехалі за імі. І так атрымалася, што мы прыехалі ў Баранавічы, а нашы дзеці былі яшчэ ў дарозе. Здзівіліся ў турме, як так: бацькі прыехалі, а дзяцей не прывезлі», — кажа Марыя.

dsc07809_logo.jpg


Жанчына зазначае: часцей бы такія спатканні, бо шмат у каго са сваякоў палітвязняў іх увогуле не было.
«Шчыра паразмаўлялі з сынам, паўтары гадзіны было мала, не наразмаўляліся. Ехалі мы назад адтуль акрыленыя», — распавядае яна.
У Ігара баявы настрой, дадала Марыя, «але колькі можна, пайшоў сёмы месяц — і чалавеку проста хочацца дадому».

«Змагар за справядлівасць»

«У Ігара вельмі справядлівы характар. Змагар за справядлівасць. Ён паўсюдна пойдзе і паедзе, у 2006 годзе, вось, паехаў на Плошчу», — прыгадвае Марыя.
Ігар Салавей тады жыў у намётавым мястэчку на Кастрычніцкай плошчы, быў затрыманы пры яго разгоне і адсядзеў 10 сутак.
«Настройвае тых хлопцаў, якім па 18–19 гадоў, што хутка ўсё скончыцца, выпусцяць іх на волю ўсіх — і ўсё будзе добра. Вядзе прафілактычныя размовы з імі... Цяпер ужо ў хлопцаў баявы дух. Як сядзелі ў пачатку, недзе верасень-кастрычнік, былі моцна дзеці маркотныя, то цяпер яны ўздужалі духам і спадзяюцца на лепшае», — кажа маці пра сённяшнія падзеі.

«Лісты пачалі прыходзіць з закрэсленымі радкамі»

Асноўная сувязь з сынам больш за паўгода — лісты. Ад Ігара маці атрымала 43 лісты, захоўвае іх у акуратным стосіку ў сумцы, носіць чытаць і яго бацьку. Прыкладна столькі ж адправіла і сама.
«Я ў асноўным адказваю на яго пытанні. Ён піша шмат пытанняў: што там дзе пішуць, што ты даведалася. Я яму пішу. Ён апошні раз даслаў: “Нешта твае лісты сталі прыходзіць з закрэсленымі радкамі”. Раней такога не было. Ён часам ведае болей, чым я тут. Нешта чытае ў газетах, з волі людзі паступаюць», — адзначыла Марыя Салавей.
Кажа, што лістоў Ігару пішуць шмат. «Адзін ліст даслалі з аграгарадка з-пад Мінска, скардзіліся на свае беды. “Быццам бы я нейкі дэпутат, — кажа, — пішуць, няма садка, яшчэ нешта трэба, і запрашалі, як вызвалюся, каб я прыехаў да іх”. Пішуць і з іншых гарадоў, усім дае адказ», — распавяла жанчына.

dsc07818_logo.jpg


Цытаты з лістоў Ігара Салаўя

«Адно добра, што я больш не траплю ў “пінскі клапоўнік” да пацярпелых “у падзямелле”. Хоць там і зрабілі рамонт, але ўсё роўна вёдры засталіся. Калі быў там апошні раз, спытаў: “Што ў вас тут за рамонт?” А ён адказаў: “Рамонт, але гэта не для вас”. Правільна, хутка туды сядуць іншыя».
«Бачыла б ты хлопцаў, у першыя месяцы гэтыя дзеці былі як зашуганыя кацяняты, а як пасмялелі, болей аптымізму праяўляюць, атаварваюцца смачным. Я ім адразу казаў: усё будзе, нас не кінуць, у газетах напішуць. “Можа, вы яшчэ не разумееце, але вы ўжо героі, — казаў ім. — Яны паверылі мне. Дзякуй усім за падтрымку, перадаю прывітанне ўсім. Трымайцеся, нічога не бойцеся».

Просіць прывозіць сала і ірыскі

За кратамі Ігар займаецца самаадукацыяй, таму просіць мастацкай літаратуры яму не дасылаць. «Замовіў кнігу “Сацыялогія”. Я абышла кніжныя крамы горада, “Сацыялогіі” нідзе не знайшла. Зайшла ў адну кнігарню, кажуць, калі хочаце мы атрымаем яе пад замову. Я згадзілася, кніга прыйшла», — распавядае яго маці.
Кнігу яна адпраўляла па пошце: 3-га сакавіка выслала, 4-га яе даставілі ў Баранавічы, але перадалі палітвязню толькі 10 сакавіка. За гэты час жанчына ўжо згубіла надзею: хутчэй за ўсё, нейкі цэнзар прымаў рашэнне, ці можна аддаваць выданне.
«Просіць сала, бо доўга ляжыць, лядоўні ж няма. Прасіў вельмі раней цукеркі — ірыскі круглыя, але трэба ж фанцікі здымаць... Апошні раз я зноў завезла, дык піша: “Больш не вязі, у мяне іх цэлы мех на восем гадоў турмы”», — дадала Марыя Салавей.

dsc07823_logo.jpg


«Нават калі нешта і прысудзяць, мне падаецца, гэта ненадоўга»

Як распавёў Ігар у лістах да маці, яго дакументы ўжо адправілі на Брэст, чакае этапу. Утрыманне пад вартай працягнулі да 22 сакавіка, займацца справай будзе Маскоўскі суд. «Ужо чалавек дзесяць хлопцаў туды адвезлі. Наш суд будзе асобна», — кажа Марыя.
Да гэтага часу аддалі не ўсе рэчы сына: карткі і грошы аддалі, у міліцыі застаўся тэлефон, заплечнік і швэдар. «Мне гэты суд не вельмі цікавы, мне цікавая змена ўлады, каб людзі адчулі перамогу, свабоду і жылі ў нармальнай вольнай дзяржаве. Нават калі там нешта і прысудзяць, то, мне падаецца, гэта ненадоўга», — заключыла Марыя Салавей.

img_9880_logo.jpg


Алесь Рамановіч, гарадскі каардынатар Руху «За Свабоду» пра Ігара Салаўя

«Ігар з самых маладых гадоў у шэрагах апазіцыі. Узначальваў пінскі “Малады фронт” у свой час. Я з ім пазнаёміўся ў 2006 годзе, ён удзельнічаў, дапамагаў у кампаніі Аляксандра Мілінкевіча, а пазней — у “Маршах недармаедаў”, дый фактычна ва ўсіх акцыях.
Сярод тых, каго затрымалі па “пінскай справе”, ён адзіны з “традыцыйнай апазіцыі”, астатнія — новыя людзі, якія ў тым годзе выйшлі.
Ігар — мэтанакіраваны, смелы, сапраўдны баец, не ў тым сэнсе, што гатовы біцца ці граміць, а ў сэнсе характару: будзе адстойваць сваё і бараніць».