Лукашэнка заявіў аб распрацоўцы ў Беларусі сваёй ракеты класа «Іскандэраў»

Лукашэнка заявіў аб распрацоўцы ў Беларусі сваёй «вельмі эфектыўнай ракеты», аднак, хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра беларускі аналаг расійскага «Іскандэра».

_acd6j.jpg


«Я прэм'ер-міністру паставіў адпаведную задачу пасля апошняй сустрэчы на Далёкім Усходзе з прэзідэнтам Расіі. Мы дамовіліся адназначна: Пуцін, Рагозін, Лукашэнка, хто там яшчэ былі — людзі, якія займаюцца ракетнай вытворчасцю ў Расіі, каб яны паглядзелі на нашы распрацоўкі. Мы ж ствараем новую ракету. Ракету вельмі эфектыўную, узору “Іскандэру” прыкладна. І была поўная падтрымка», — заявіў сёння Лукашэнка.

«Пры мне Пуцін паставіў задачу Дзмітрыю Рагозіну неадкладна аказаць падтрымку, каб мы не стваралі ровар, каб мы маглі задзейнічаць вопыт распрацоўшчыкаў, ракетчыкаў Расійскай Федэрацыі, якія рабілі “Іскандэр”. Гэта маладыя хлопцы», — удакладніў ён, піша АФН.

«Іскандэр» — расійскія аператыўна-тактычныя ракетныя комплексы. Распрацаваны навукова-вытворчай карпарацыяй «Канструктарскае бюро машынабудавання» ў горадзе Каломне Маскоўскай вобласці. Асноўнае прызначэнне ракетных комплексаў «Іскандэр» — знішчэнне сістэм СПА і СРА саперніка, а таксама найважнейшых аб'ектаў, якія прыкрываюцца імі, на далечыні да 500 км. Могуць мець ядзерную боегалоўку.

Варта адзначыць, што распрацоўка ракет — гэта адно, а іх вытворчасць — справа іншая. Прынамсі, была інфармацыя, што для беларускага комплексу «Паланэз» ракеты ствараюцца ў Кітаі.