Цыганкоў: Сёння Лукашэнка выступіў з найбольш агрэсіўнай антызаходняй прамовай за ўвесь час свайго кіравання
Беларускі кіраўнік у прамове 9 траўня зноў раз’юшаны і антызаходні. Пра гэта піша журналіст і публіцыст Віталь Цыганкоў у сваім тэлеграм-канале.
«“Оставьте нас в покое”! Гэта, бадай, адзін з асноўных тэзісаў Лукашэнкі падчас сённяшняй прамовы. “Не перашкаджайце нам катаваць уласных грамадзянаў, знішчаць усё жывое, красці выбары і дзярбаніць краіну”, — піша Віталь Цыганкоў. — Тэзіс не новы. Але сёння беларускі кіраўнік, выступіў, бадай, з найбольш агрэсіўнай антызаходняй прамовай за ўвесь час свайго кіравання.
Не выключаю, што яго раз’юшыла нядаўняя заява лідараў вялікай сямёркі — "Мы прыкладзём усе намаганні, каб прыцягнуць прэзідэнта Пуціна і архітэктараў і саўдзельнікаў гэтай агрэсіі, уключаючы рэжым Лукашэнкі ў Беларусі, да адказнасці за іх дзеянні ў адпаведнасці з міжнародным правам".
Уявіце сабе, некалькі тыдняў ён усім даказвае, што “гэта не я”, што Беларусь не пры чым да агрэсіі, у нядаўнім інтэрв’ю Associated Press быў больш міралюбным за Чэмберлена ў Мюнхене, — а яго за гэта ўсё роўна на адну лаўку з Пуціным».
Людзі ўжо пачалі абмяркоўваць, ці не пачынае беларускі кіраўнік “пераабувацца”. (Але Цыганкоў адзначае, што сам ён лічыць гэта абсалютна стратэгічна немагчымым, Лукашэнка ўжо ніколі не “пераабуецца”). А тут заходнія краіны кажуць, пра “прыцягнуць да адказнасці…” «Вось яго і панесла – “крывадушнікі, мярзотнікі”, “дзе паслы?”», — лічыць Цыганкоў.